У Магілёве пабудуюць яшчэ адзін падземны пераход

Пачалася падрыхтоўка будаўніцтва новага падземнага перахода ў Магілёве. Ён пройдзе пад скрыжаваннем праспекта Міра з вуліцамі Касманаўтаў і Якубоўскага.

Новы падземны пераход будуецца ў раёне Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова. Гэта будзе Т-падобны пераход, які будзе выходзіць да гандлёвага цэнтра “ПерекрестОК” з аднаго боку, а з другога – да пешаходнага маста праз чыгуначныя шляхі піша канал “Магілёў.Галоўнае”. Зараз на месцы будучага будаўніцтва працуюць камунальшчыкі і служба газу, пракладваюць новыя камунікацыі.

Пераход запраектаваны ў межах работ па стварэнні ў Магілёве ўнутранай кальцавой магістралі. Раней паведамлялася, што лінія новай трасы пройдзе ад перасячэння праспекта Міра з вуліцай Каралёва да перасячэння таго ж праспекта Міра з вуліцай Якубоўскага. Гэта будзе шасціпалосная траса – па тры паласы ў кожны бок.

Фота: канал “Магілёў.Галоўнае”

“Охрана, отмена” – новым дэканам магілёўскага гістфака стала Марыя Мацюшэўская

Толькі два дні давялося пабыць дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова кандыдату сельскагаспадарчых навук Аляксандру Кісялёву. Яго імя і фотаздымак у якасці дэкана з’явіліся на афіцыйным сайце факультэта 4 ліпеня – пісалі mogilev.media. А ўжо 5 ліпеня рэктар МДУ Дзяніс Дук выдаў загад аб прызначэнні на пасаду дэкана гістфака – пачынаючы з 6 ліпеня – кандыдата гістарычных навук Марыі Мацюшэўскай.

Крыніцы mogilev.media адзначаюць, што тэрміновае пераабранне дэкана гістфака адбылося пасля розгаласу, які выклікала наша публікацыя. 

Мацюшэўская Марыя Іосіфаўна – кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Раней працавала на кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. Нарадзілася ў Воршы ў 1970 годзе, навучалася і ўсё жыццё працавала ў МДУ імя А. Куляшова.

Фота: msu.by