“Знаходка здзівіла” – дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі пра артэфакт з княскім знакам Ізяслава

Донца гаршчка з гербам князя Ізяслава было знойдзенае 13 жніўня на раскопках мінскага гарадзішча. Пра сенсацыйны артэфакт паведаміў стваральнік музею “Стары Менск” Глеб Лабадзенка.

“Сенсацыя на раскопках у Старым Менску – знойдзена донца гаршка з асабістым гербам князя Ізяслава – то бок, гэта канец Х – пачатак ХІ ст., аналагаў няма, гэта першая такая знаходка ў Беларусі!” – напісаў Лабадзенка ў Фэйсбуку. Ягоны допіс падаваў Магілёў.media.

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза прызнаецца “знаходка нас здзівіла, таму што гэты сімвал – трызубец, які ўдалося інтэрпрэтаваць як асабісты княскі знак Ізяслава – сына Рагнеды і князя Уладзіміра Святаслававіча”. 

“Вядомы факт, што пасля канфлікту Уладзімір выслаў Рагнеду з сынам на радзіму, але невядома, куды менавіта. Лічылася, што ў Заслаўе. Дарэчы, герб гэтага горада паўтарае знойдзены сімвал. Але ў Заслаўі не знаходзілі падобных знакаў. Знаходка можа сведчыць аб тым, што гэтыя тэрыторыі маглі быць аддадзены Кіевам князю Ізяславу і ўвайшлі ў Полацкае княства ў канцы 10 – пачатку 11 стагоддзя”, цытуе Вадзіма Лакізу выданьне “СБ. Беларусь сегодня”.

Раскопкі гарадзішча на рацэ Менка пачалі з пачатку лета. Паводле Вадзімы Лакізы гэтая мясціна – ўнікальны гісторыка-культурны комплекс ды археалагічны аб’ект для краіны. 

“Найважнейшы для разумення гісторыі беларускай дзяржаўнасці” – адзначае ён. 

Рагвалод, Рагнеда, яе сын Ізяслаў – летапісныя легенды беларускай гісторыі. Кіеўскі князь Уладзімір забіў Рагвалода, бацьку Рагнеды, і гвалтам зрабіў яе жонкай. Яна спрабавала яго забіць, калі дазналася, што ён хоча ажаніцца з іншай. 

Ейнага сына Ізяслава, які за матчыны крыўды кінуўся быў на бацьку з кінжалам, Полацк прызнаў за свайго валадара і так аднавілася полацкая дынастыя Рагвалодавічаў. Другі яе сын Яраслаў, вядомы як Мудры, княжыў у Кіеве.

Дзень у гісторыі: 29 ліпеня. Пераназванне Менску ў Мінск, а Шацілавічаў у Светлагорск. Нарадзіўся Юрка Лявонны, суаўтар перакладу на беларускую мову рамана «20 000 лье пад вадой». Памёр Язэп Юхо, ініцыятар перавыдання Статута Вялікага княства Літоўскага

1939 год. Менск перайменаваны ў Мінск.

Адпаведную пастанову прыняў Вярхоўны савет БССР.

Перайменаванне звязана са сталінскімі рэпрэсіямі супраць нацыянальных дзеячаў, беларусізацыі і русіфікацыяй тапаніміі.

Форма Менск знікла з афіцыйных дакументаў пад польскім уплывам у XVIII стагоддзі.

З 1916 году ў асяродку беларускай інтэлігенцыі замацавалася форма Менск-Беларускі.

Традыцыйную гістарычную назву Менск прынялі ў Беларускай Народнай Рэспубліцы, яна выкарыстоўвалася ў дзяржаўных дакументах. У БССР стала нарматыўнай. Назву пазначалі ўва ўсіх афіцыйных дакументах, а таксама згадвалі на дзяржаўным радыё. 

У 1930-я гады назву Менск ужывалі паўсюдна ў Беларусі, яна была звыклай і натуральнай жыхарам рэспублікі.


1961 год. Мястэчка Шацілавічы (Шацілкі) пераназванае ў Светлагорск, а Парыцкі раён у Светлагорскі.

Новую афіцыйную назву звязваюць з пабудовай электрастанцыі.

У канцы 1980-х гадоў актывісты гістарычна-культурнай суполкі «Поўня» распачалі ў мясцовым друку кампанію па вяртанні гістарычнай назвы Шацілавічы, але савецкія ўлады адкінулі гэтую прапанову. Падобныя ініцыятывы існуюць дагэтуль.

Напамін аб гістарычным тапоніме захоўвае назва навуковай канферэнцыі «Шацілкаўскія чытанні».


1908 год. Нарадзіўся Юрка Лявонны.

Паэт.

Выхаванец Магілёўскага педагагічнага тэхнікуму. Працаваў у газетах. Аўтар вершаў, нарысаў.

Суаўтар перакладу на беларускую мову рамана Жуля Верна «20 000 лье пад вадой». Ягоныя вершы пакладзены на музыку.

28 кастрычніка 1937 года прыгавораны пазасудовым органам (спецтройкай НКУС БССР) як «член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. 

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1957 года.


2004 год. Памёр Язэп Юхо.

Правазнавец, заснавальнік беларускай навуковай школы дзяржавы і права. Доктар юрыдычных навук.

Чалец Рады Задзіночання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Удзельнічаў у падрыхтоўцы праекту Канстытуцыі 1994 года. Адзін з ініцыятараў перавыдання Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году.


У публікацыі выкарыстоўваюцца звесткі ў рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.