«Стала больш смяротных выпадкаў». Шчыраванні медыка з глыбінкі пра часы пандэміі

Пра перажытае тады апавядае ўрач-інфекцыяніст Глускай цэнтральнай раённай больніцы Валянціна Дрэйгал. Яна лічыць, што каранавірус часова адступіў, але нікуды не падзеўся.

Медыкі чакаюць росту захворванняў, выкліканых рэспіраторнымі і кавід-інфекцыямі. Павелічэнне колькасці хворых чакаецца ўжо ў верасні. Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што медыцына падрыхтаваная да магчымай эпідэміі.

Тым часам, медыкам на месцах дазволілі стрымана расказваць аб сітуацыі з захворваннямі і згадваць з чым яны сутыкнуліся ў пандэмію. Падчас актыўнай яе фазы ў 2020 годзе звесткі пра сітуацыю з каранавірусам у рэгіёнах перасталі публікаваць. Дазнацца пра лічбы хворых было немагчыма. Міністэрства аховы здароўя публікавала агульныя дадзеныя па краіне. З іх праблематычна было зрабіць высновы пра маштаб эпідэміі.

glusk.by

Урач-інфекцыяніст Глускай цэнтральнай раённай больніцы Валянціна Дрэйгал кажа, што каранавірус часова адступіў, але нікуды не падзеўся, і ўжо ў верасні беларусы зноў сутыкнуцца з ім.

Па яе словах, у пандэмію ў Глускім раёне праз COVID-19 павялічылася колькасць інфарктаў і інсультаў. Стала больш смяротных выпадкаў, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй. У пацыентаў рэзка ўпаў зрок, а ў кагосьці слых.

«У часткі пацыентаў назіраліся рэўматоідныя сімптомы, гэта значыць болі ў суставах. У кагосьці зніклі, сказіліся ці знізіліся смакавыя адчуванні, пахі, і працэс іх узнаўлення быў даволі працяглым. Пацярпела сістэмы згортвання крыві, адсюль трамбозы, у тым ліку сасудаў вачэй», – згадвае Валянціна Дрэйгал у інтэрв’ю газеце «Радзіма».

«У некаторых пацыентаў, – працягвае яна, – сурʼёзна пацярпелі ныркі, і аднаўленне працякала і працякае павольна. Разлад кагнітыўнай функцыі (пагаршэнне памяці, здольнасці ўспрымаць новую інфармацыю). Зʼяўляліся стрэс, трывожнасць – пасля перанесенага захворвання. Людзей адольвалі страхі, яны баяліся зноў заразіцца і захварэць, на гэтым фоне нават узнікалі псіхічныя разлады, якія патрабавалі медыкаментознага лячэння, – усё гэта посткавідный сіндром».

gdb.currenttime.tv

Валянціна Дрэйгал заклікае цяпер вакцынавацца «усяму даросламу насельніцтву і дзецям, пачынаючы з пяцігадовага ўзросту».

Яна лічыць, што гэтай восенню давядзецца вярнуцца да масак і сацыяльнага дыстанцыянавання. Па яе словах прафілактычныя меры дапамагаюць абараніцца ад хваробы, але гэта вонкавая абарона, а абараніць арганізм знутры здольная вакцынацыя.

«Два апошнія гады, мусіць, кожны дзень на працы, тут, у кабінеце інфекцыйных захворванняў, сутыкаюся як з праявамі гэтай хваробы, так і з яе наступствамі. Я бачу, як хварэюць прышчэпленыя і як тыя, хто разлічваў толькі на свой імунітэт і ад прышчэпкі адмовіўся. Сярод апошніх колькасць цяжкіх выпадкаў непараўнальна большая», – даводзіць мэдык.

Паводле афіцыйных звестак ад наступстваў каранавірусу памерла больш за 7 тысяч беларусаў. У пандэмію шпіталі сутыкнуліся з бракам лекаў і кіслароду. Тады не хапала нават павязак, каб абараніць органы дыхання. У краіне людзі для больніц шылі іх самі, ствараючы валанцёрскі рух.

У прыфрантавым Мікалаеве пачаўся кінафэстываль. Яго праводзяць у бомбасховішчы. Латвійскія спэцслужбы распачынаюць крымінальны перасьлед беларуса-шпіёна. У Габраве часова аднавілі масачны рэжым


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


У ноч з 26 на 27 ліпеня ў Мікалаўская вобласці былі атакаваныя расійскімі войскамі сельскія паселішчы. Пашкоджаныя 8 прыватных дамоў і два аўтамабілі.

Па Мікалаеву стралялі раніцай. Ракеты пацэлілі ў прамысловую зону гораду і рамонтнае прадпрыемства. 

Пашкоджаныя будынак і прыватны аўтамабіль. Паводле папярэдняй інфармацыі пацярпелых людзей няма, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім у тэлеграм-канале.

З пачатку вайны паветраная трывога ў Мікалаеўскай вобласці сумарна гучала больш за 17 сутак. Усяго было 364 сігналы.

Жыхары Луганскай вобласці чулі сігналы трывогі – 115 дзён, піша выданне «Корабелов.инфо».

За мінулы тыдзень у радзільнях гораду нарадзілася 21 дзіця, паведаміў Мікалаеўскі гарсавет.

«Віншуем мам і татаў 15 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак!» – гаворыцца ў паведамленні, на якое спасылаецца  «Миколаївська правда».

У Мікалаеве 27 ліпеня ўпершыню ад пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання пачаўся кінафестываль. Праходзіць ён у бамбасховішчы.

Для бяспекі час і месца імпрэзаў фестывалю публічна не называецца. Пра іх паведамляюць тым хто зарэгістраваўся, паведамляе «Миколаївська правда».

Фестываль «Тактычная паўза. Украінскае кіно ў Мікалаеве», ініцыяваны і арганізаваны кінажурналістам Аляксеем Малышэнкам і каардынатарам валанцёраў Грамадскай арганізацыі «ДоФ» Дзмітрыем Давыдзенкам.

«Тактычная паўза – кароткачасовае зацішша баявых дзеянняў з мэтай перагрупоўкі і нарошчвання сіл, – кажа ініцыятар фестывалю. – Мы абралі для паказаў тыя ўкраінскія фільмы, якія ў новай рэчаіснасці значна змянілі сваё гучанне».


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


Служба дзяржбяспекі Латвіі звярнулася ў пракуратуру з просьбай распачаць крымінальную справу ў адносінах да грамадзіна Беларусі, падазраванага ў шпіянажы на карысць беларускай разведкі.

Беларуса, імя якога не называецца, затрымалі сёлета 15 лютага. Падчас расследаванняў выявілася, што ён на даручэнне беларускай ваеннай разведкі таемна фатаграфаваў і здымаў на відэа аб’екты сістэмы абароны Латвіі, інфраструктуры электразабеспячэння, а таксама важныя абʼекты грамадзянскай інфраструктуры.

Звесткі, атрыманыя падчас расследавання, сведчаць, што асоба атрымала інфармацыю як мінімум аб 17 абʼектах дзяржаўнай важнасці, піша выданне Press.

Паводле Службы дзяржбяспекі Латвіі, атрыманыя звесткі, перададзеныя службе ваеннай разведкі Беларусі, патэнцыйна могуць нанесці істотную шкоду забеспячэнню асноўных функцый латвійскай дзяржавы і абароназдольнасці ва ўмовах ваеннага канфлікту.

У Рызе прафсаюз работнікаў аховы здароўя і сацыяльнага догляду правёў папераджальную забастоўку.

foto.delfi.lv

Заяўку на яе падалі 106 медыкаў для «абароны эканамічных і прафесійных інтарэсаў работнікаў аховы здароўя», перадае выданне Delfi.

Акцыю пратэсту медыкі пачалі ля будынку Міністэрства аховы здароўя, а потым правялі шэсце з плакамі па вуліцах гораду. Паліцыя ахоўвала правапарадак.

Страйк можа паўплываць на працу медычных установаў, у прыватнасці на планавае лячэнне, планавыя аперацыі і кансультацыі, але неадкладная медычная дапамога будзе аказвацца.


Габрава, Балгарія

Найдаўнейшы пабрацім Магілёва. Дамова аб супрацоўніцтве была падпісана ў 1988 годзе. У 200-ым былі адноўленыя пабрацімскія сувязі. У Магілёве праспект названы Габраўскім. Адзін з рэстаранаў называецца Габрава. Габрава месціцца ў цэнтры краіны. Насельніцтва-55 тысяч чалавек. Ён лічыцца балгарскай сталіцай гумару. Ёсць у ім Дом гумару і сатыры. Ладзяцца фестывалі гумару.


Да 21 жніўня ў Габраве будуць дзеіць супрацьэпідэмічныя захады, звязаныя з распаўсюджваннем вірусу COVID-19. 

Мэта – абмежаванне распаўсюджвання віруснай інфекцыі сярод мясцовага насельніцтва.

Нашэнне ахоўных масак абавязковае ў медычных установах, установах сацыяльнага абслугоўвання, а таксама ў аптэках. Адноўлена сацыяльнае дыстанцыяванне.

Ва ўстановах сацыяльнай сферы, дзіцячых садках і яслях узмоцнены кантроль за асобамі з сімптомамі COVID-19, паведамляе рэсурс Gabrovo news, спасылаючыся на рэгіянальную інспекцыю аховы здароўя.