«Стала больш смяротных выпадкаў». Шчыраванні медыка з глыбінкі пра часы пандэміі

Пра перажытае тады апавядае ўрач-інфекцыяніст Глускай цэнтральнай раённай больніцы Валянціна Дрэйгал. Яна лічыць, што каранавірус часова адступіў, але нікуды не падзеўся.

Медыкі чакаюць росту захворванняў, выкліканых рэспіраторнымі і кавід-інфекцыямі. Павелічэнне колькасці хворых чакаецца ўжо ў верасні. Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што медыцына падрыхтаваная да магчымай эпідэміі.

Тым часам, медыкам на месцах дазволілі стрымана расказваць аб сітуацыі з захворваннямі і згадваць з чым яны сутыкнуліся ў пандэмію. Падчас актыўнай яе фазы ў 2020 годзе звесткі пра сітуацыю з каранавірусам у рэгіёнах перасталі публікаваць. Дазнацца пра лічбы хворых было немагчыма. Міністэрства аховы здароўя публікавала агульныя дадзеныя па краіне. З іх праблематычна было зрабіць высновы пра маштаб эпідэміі.

glusk.by

Урач-інфекцыяніст Глускай цэнтральнай раённай больніцы Валянціна Дрэйгал кажа, што каранавірус часова адступіў, але нікуды не падзеўся, і ўжо ў верасні беларусы зноў сутыкнуцца з ім.

Па яе словах, у пандэмію ў Глускім раёне праз COVID-19 павялічылася колькасць інфарктаў і інсультаў. Стала больш смяротных выпадкаў, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй. У пацыентаў рэзка ўпаў зрок, а ў кагосьці слых.

«У часткі пацыентаў назіраліся рэўматоідныя сімптомы, гэта значыць болі ў суставах. У кагосьці зніклі, сказіліся ці знізіліся смакавыя адчуванні, пахі, і працэс іх узнаўлення быў даволі працяглым. Пацярпела сістэмы згортвання крыві, адсюль трамбозы, у тым ліку сасудаў вачэй», – згадвае Валянціна Дрэйгал у інтэрв’ю газеце «Радзіма».

«У некаторых пацыентаў, – працягвае яна, – сурʼёзна пацярпелі ныркі, і аднаўленне працякала і працякае павольна. Разлад кагнітыўнай функцыі (пагаршэнне памяці, здольнасці ўспрымаць новую інфармацыю). Зʼяўляліся стрэс, трывожнасць – пасля перанесенага захворвання. Людзей адольвалі страхі, яны баяліся зноў заразіцца і захварэць, на гэтым фоне нават узнікалі псіхічныя разлады, якія патрабавалі медыкаментознага лячэння, – усё гэта посткавідный сіндром».

gdb.currenttime.tv

Валянціна Дрэйгал заклікае цяпер вакцынавацца «усяму даросламу насельніцтву і дзецям, пачынаючы з пяцігадовага ўзросту».

Яна лічыць, што гэтай восенню давядзецца вярнуцца да масак і сацыяльнага дыстанцыянавання. Па яе словах прафілактычныя меры дапамагаюць абараніцца ад хваробы, але гэта вонкавая абарона, а абараніць арганізм знутры здольная вакцынацыя.

«Два апошнія гады, мусіць, кожны дзень на працы, тут, у кабінеце інфекцыйных захворванняў, сутыкаюся як з праявамі гэтай хваробы, так і з яе наступствамі. Я бачу, як хварэюць прышчэпленыя і як тыя, хто разлічваў толькі на свой імунітэт і ад прышчэпкі адмовіўся. Сярод апошніх колькасць цяжкіх выпадкаў непараўнальна большая», – даводзіць мэдык.

Паводле афіцыйных звестак ад наступстваў каранавірусу памерла больш за 7 тысяч беларусаў. У пандэмію шпіталі сутыкнуліся з бракам лекаў і кіслароду. Тады не хапала нават павязак, каб абараніць органы дыхання. У краіне людзі для больніц шылі іх самі, ствараючы валанцёрскі рух.