Гэта не пакістанцы! – з’явілася нервовая рэакцыя сілавікоў на гучную бойку ў Гомелі

Аб’яўленае Лукашэнкай запрашэнне 150 000 пакістанцаў працаваць у Беларусь выклікала відавочнае напружанне ў грамадстве, якое спрабуюць пагасіць прапагандысты і сілавікі. 

Днямі Лукашэнка выказаўся, што наша краіна гатовая прыняць 100-150 тысяч работнікаў з Пакістана. У беларускім грамадстве гэта выклікала штосьці падобнае на шок – навіну з яўнай трывогай абмяркоўваюць у калектывах, паміж знаёмымі, дома. У адказ на гэтую рэакцыю, некаторыя прапагандысты пачалі дружна тушыць абурэнне беларусаў – заўважыла “Наша ніва”. 

Так, Азаронак выказаўся на гэты конт, што сітуацыю разгойдваюць “беглыя”, якія нібыта масава закідваюць “нацыянальную нянавісць” дзяўчынкам-падлеткам. “Яны (дзяўчынкі-падлеткі) чамусьці ўсе думаюць, што іх цяпер згвалцяць. Яны чамусьці думаюць, што ў нас пачнуцца цяпер нейкія нормы шарыяту. І пачаліся, прабачце, ну не масавыя, але маштабныя праявы гэтага ў сацсетках” – прызнае Азаронак.

Іншы характэрны выпадак – у сацыяльных сетках завірусілася відэа з бойкай замежнікаў у Гомелі.  Амаль што ігненнай рэакцыяй на гэта сталі каментарыі, маўляў – глядзіце, што робяць пакістанцы. “Прекратите делать преждевременные выводы!” – нервова адрэагаваў на гэта звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал і патлумачыў, што бойку зладзілі студэнты-мараканцы. Двое з іх, нібыта, пабіліся з-за дзяўчыны, а пра трэцяга, які непрытомны ляжыць на асфальце, узгадаць забылі. Акрамя таго, сілавікі прыгразілі каментатарам, што да іх “ужо выехалі”.

Фота: скрыншот