Рэканструкцыя будынка аўтазаправачнай станцыі пачалася летам бягучага года і працягваецца нават ў выходныя дні. Будаўнікі сцвярджаюць, што аб’ект павінны здаць у канцы гэтага года, а адкрыццё адбудзецца напачатку наступнага. Пра чуткі вакол лёсу на Касцерні пісалі Магілёў.media.
Лакацыя АЗС – культавая, гістарычная. Гэтая мясціна вядомая як Касцерня альбо Касцярня. У 1661 годзе прыблізна тут былі пахаваныя сотні маскоўскіх стральцоў, якіх забілі магілёўцы падчас знакамітага паўстання. Непадалёку знаходзяцца медыцынскі і сацыяльна-педагагічны коледжы, студэнцкі інтэрнат МДУ імя А. Куляшова, помнік Георгію Каніскаму, глядзельная пляцоўка, лесвіца ў Падмікольскі парк, плошча Арджанікідзэ.
У 2003 годзе гараджан абурыла ўзвядзенне гэтай АЗС у цэнтры Магілёва, паблізу ад бальніцы хуткай дапамогі. Звароты з пратэстамі яны пісалі ў гарвыканкам на імя граданачальніка Віктара Шорыкава. Старшыня гарвыканкама тады вымушаны быў прызнаць факт будаўніцтва небяспечнага аб’екту і намагаўся супакоіць незадаволенасць землякоў, сцвярджаючы, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць істотна зменшыць уплыў АЗС на навакольнае асяроддзе.
Летам 2022 чуткі аб «закрыцці» АЗС узрадавалі многіх гараджан, але ненадоўга. Высветлілася, што запраўку не ліквідуюць, а зробяць рэканструкцыю з дадаткам да яе кафэ-маркета “Цікава”.