Хведар-студзянец (народны каляндар).
«Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць». Звычайна марозы і вятры.
1729 год. У Пінску ордэн езуітаў заснаваў друкарню.
Працавала ў 1729-1746 гадах пры езуіцкім калегіуме. Друкаваліся ў асноўным рэлігійная літаратура і дапаможнікі для студэнтаў.
На тэрыторыі ВКЛ езуіты з’явіліся ў Вільні ў 1569 годзе. У 1570 годзе быў закладзены Віленскі езуіцкі калегіум, пераўтвораны ў 1579 годзе ва ўніверсітэт. У 1581 годзе адчыніўся Полацкі, 1584 – Нясвіжскі калегіумы. Да сярэдзіны ХVII стагоддзя ў ВКЛ працавала шырокая сетка навучальных устаноў ордэна. Езуіты амаль поўнасцю засяродзілі ў сваіх руках сярэднюю і вышэйшую адукацыю.
З езуіцкіх школаў выйшаў шэраг знакамітых вучоных, грамадскіх дзеячаў і пісьменнікаў. Дзякуючы ім у Беларусі да 1820 года існавала развітая сістэма еўрапейскай адукацыі – каля 10 вышэйшых гуманітарных школаў, з іх дзве акадэміі і 7 гімназіяў, якая была адхіленая пасля далучэння Беларусі да Расіі.
Пінскі калегіум, planetabelarus.by
1826 год. Нарадзіўся Аляксандр Саветаў.
Беларускі навуковец-аграном, глебазнавец, першы доктар сельскагаспадарчых навук (1866) Расійскай імперыі. Выхаванец і прафесар Горы-Горацкага земляробчага інстытута.
Дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта.
Даследчык шырокага кола пытанняў земляробства, у тым ліку распрацоўкі рацыянальных спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі, глебазнаўства, чарназёмных глеб, жывёлагадоўлі і перапрацоўцы прадуктаў сельскай гаспадаркі.
Крытычна абагульніў рускі і еўрапейскі вопыт у галіне травасеяння і сістэм земляробства і ўпершыню ў сусветнай практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі.
Даў класіфікацыю сістэм земляробства і іх гісторыі.
wikimedia.org
1889 год. У беларускім мястэчку Мір нарадзіўся Залман Шазар (Рубашоў).
Яўрэйскі грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт. Трэці прэзідэнт Ізраіля (1963-1973).
Дзверы яго прэзідэнцкай рэзідэнцыі заўсёды былі адчынены ізраільскім навукоўцам, пісьменнікам, дзеячам мастацтва і яўрэйскім інтэлектуалам з усяго свету.
Заснавальнік фонда «Амос» для садзейнічання ізраільскім навукоўцам і дзеячам мастацтва.
Пакінуў багатую літаратурную спадчыну, якая ўключае прозу, пераклады на англійскую, французскую, іспанскую і ідыш, мемуары пра лідараў сіянісцкага руху і дзеячаў яўрэйскай культуры, паэзію, публіцыстыку і навуковыя даследаванні.
Адзін з піянераў біблеістыкі на іўрыце. Зрабіў значны ўклад у вывучэнне гісторыі мовы ідыш.
Памёр 5 кастрычніка 1974 года.
wikimedia.org
1899 год. Нарадзіўся Міхаіл Ганчарык.
Беларускі навуковец у галіне фізіялогіі раслін і фотасінтэзу, пісьменнік. Доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР. Заслужаны дзеяч навукі.
Скончыў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут (1924), дзе ўзначальваў Беларускую секцыю студэнтаў. Кіраўнік Аршанскага філіяла «Маладняка».
Працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, намеснікам дырэктара Інстытута біялогіі, дырэктарам Ігарскай доследнай станцыі Інстытута сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы, Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР.
Арыштоўваўся НКУС (1933, 1949). Вязень ГУЛАГ, ссыльны ў Сібіры.
Распрацаваў навуковыя асновы палярнага земляробства. Устанавіў розную патрабавальнасць бульбы да вільготнасці глебы ў антагенезе, даследаваў фотасінтэз у бульбе, адток асімілятаў, уплыў іонаў хлору і хлорзмяшчальных калійных угнаенняў на фізіялагічныя працэсы раслін.
Памёр 11 красавіка 1986 года.
nashi-lyudi.by
1902 год. Нарадзіўся Мікалай Арэхва.
Дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык. Заслужаны работнік культуры.
У 1920-х гадах першы сакратар ЦК камсамола Беларусі. У 1925-1939 гадах – на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі. Узначальваў Краявы сакратарыят ЦК Компартыі Заходняй Беларусі.
Падчас Другой сусветнай вайны служыў у Войску Польскім, у 1945-1956 гадах працаваў у апараце Міністэрства грамадскай бяспекі Польшы. З 1956 года працаваў у Мінску, у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ.
Аўтар шматлікіх публікацый па гісторыі рэвалюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху, Камуністычнай партыі і камсамола.
Памёр 16 ліпеня 1990 года.
1905 год. Нарадзіўся Леў Любімаў.
Беларускі дырыжор оперы, народны артыст Беларусі.
Працаваў у оперных тэатрах Свярдлоўска, Горкага. З 1951 года працаваў галоўным дырыжорам Беларускага тэатра оперы і балета.
Бацька доктара эканамічных навук, прафессара, аднаго са стваральнікаў Вышейшай школы эканомікі Л. Л. Любімава (1936-2021).
Памёр 23 лістапада 1977 года.
1913 год. Нарадзіўся Вісарыён Гарбук.
Беларускі празаік, паэт і перакладчык. Заслужаны работнік культуры БССР.
Рэпрэсаваны НКУС, быў сасланы на Калыму. Удзельнік вайны, інвалід 1 групы. Цяжка хворым заняўся літаратурнай справай.
Перакладаў на беларускую мову казкі народаў Паўночнага Каўказа, пісаў пераважна для дзяцей.
Апавяданні Гарбука займальныя, адкрываюць непаўторны свет дзіцячых уяўленняў, гульняў і забавак.
nashi-lyudi.by
1943 год. Загінуў у ГУЛАГу ураджэнец Бабруйска Мікалай Азбукін.
Першы беларускі прафесійны географ, краязнавец, публіцыст, дзеяч беларускага нацыянальнага руху.
Паходзіў з сям’і патомных дваранаў.
Член камітэта Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску, дырэктар бабруйскай школы імя Янкі Купалы. Пасля вызвалення з-пад арышту савецкімі ўладамі (1921), працаваў у Навукова-тэрміналягічнай камісіі Наркамасветы БССР, у Інстытуце беларускай культуры, на кафедры геаграфіі Акадэміі навук.
Аўтар і суаўтар прац “Нашы мястэчкі”, “Географія па-заэўрапейскіх краёў”, “Населенные местности Западной Белоруссии”, “Школьная карта Беларусі”, “Паселішчы гарадскога тыпу ў БССР”.
У кнізе «Географія Эўропы» трактаваў Беларусь як самадастатковую краіну. Адзін з арганізатараў краязнаўчага руху, сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства, першы рэдактар часопіса «Наш край».
Імклівае пашырэньне краязнаўчага руху, глыбока патрыятычнага па сутнасці, выклікала занепакоенасьць камуністычных уладаў, і на краязнаўцаў абрынуліся рэпрэсіі.
Арыштаваны 21 ліпеня 1930 году, высланы у Сібір. Зноў асуджаны ў 1937 годзе. Загінуў у 1943 годзе ў лагеры (магчыма расстраляны).
wikimedia.org
1965 год. Нарадзіўся Андрэй Мельнікаў.
Беларускі бард і літаратар, журналіст, эсэіст, навеліст, заснавальнік фэстаў беларускай аўтарскай песні «Аршанская бітва», Талькаўскі фэст, «Гэта МЫ».
Асноўная тэма песень — Бог, Радзіма, каханне. Першым сярод музыкаў звярнуўся да постаці С.Булак-Балаховіча і падзей Слуцкага збройнага чына. У ягонай творчай скарбонцы – больш за два дзясяткі альбомаў на тэму нацыянальнага адраджэньня і жыцця ў постсавецкіх рэаліях.
У рэпэртуары барда песні на вершы шматлікіх беларускіх паэтаў – ад класікаў да сучасных. Асобнае месца ў творчай біяграфіі барда займаюць песні на вершы Анатоля Сыса і Зьніча (Алега Бембеля), да жыцця і творчасьці якіх Мельнікаў неаднойчы звяртаўся ў сваіх творах.
1970 год. Памёр Адольф Клімовіч.
Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, журналіст, выдавец.
Адзін з арганізатараў выдання часопіса «Маладое жыццё», рэдактар часопіса «Самапомач», супрацоўнік газеты «Беларуская крыніца».
Падчас вучобы ў Пражскім універсітэце з’яўляўся сукіраўніком Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый. Дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі.
У Другую Сусветную вайну працаваў у Беларускай народнай самапомачы ў Лідзе.
У 1952 годзе арыштаваны НКУС, у 1953 годзе прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, але расстрэл быў заменены 25 гадамі лагераў.
У 1956 вярнуўся ў Вільню.
Склаў біяграфічны слоўнік беларускіх культурных і палітычных дзеячаў.
wikimedia.org
1970 год. Памёр Яўген Цікоцкі.
Беларускі кампазітар. Народны артыст БССР і СССР. Адзін з заснавальнікаў беларускай оперы і сімфоніі ў БССР. Лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і БССР.
Падчас вайны з белапалякамі, паміж баямі пры вызваленні Рагачова, Магілёва, Пухавіч, Бабруйска, у вольныя хвіліны выступаў у перасоўных вайсковых клубах як піяніст і акампаніятар. У 1920-1934 гадах творчасць звязана з Бабруйскам: піша музыку для вайсковага тэатра, працуе піяністам у кінатэатрах, дае канцэрты, стварае музычную школу (1927).
У Бабруйску блізка пазнаёміўся з М. Лыньковым, мясцовымі літаратарамі, прадстаўнікамі інтэлігенцыі.
З 1934 года працаваў ў Мінску, пісаў музыку для Беларускага радыё, выкладаў у музычнай школе, кіраваў Беларускай філармоніяй, узначальваў Саюз кампазітараў БССР. Актыўны абаронца ад руйнавання архітэктурнай спадчыны сталіцы.
Аўтар шэрагу опер, гераічных паэм, 6 сімфоній, сімфанічных паэм, канцэртаў, песень, музыкі да драматычных спектакляў і фільмаў.
Памёр 24 лістапада 1970 году ў Мінску.
Імя дзеяча прысвоена бабруйскім дзіцячай музычнай школе №1, завулку.
wiki.bobr.by
1991 год. Памёр Фрэдзі Меркуры (Фарух Балсара).
Спявак парсійскага паходжання, саліст гурта Queen.
На сцэне вылучаўся сваім экстравагантным выглядам і вакалам у дыяпазоне чатырох актаў.
Напісаў для «Queen» мноства песень, якія сталі хітамі, у тым ліку «Bohemian Rhapsody», «Killer Queen», «Somebody to Love», «Don’t Stop Me Now», «Crazy Little Thing Called Love» і «We Are the Champions».
Акрамя ўдзелу ў «Queen» таксама спяваў сола, стварыўшы такія хіты, як «Barcelona», «I Was Born to Love You» і «Living on My Own».
wikimedia.org
1996 год. У Беларусі праведзены рэферэндум, паводле вынікаў якога зменена Канстытуцыя 15 сакавіка 1994 года.
Праведзены па ініцыятыве А. Лукашэнкі, у выніку якога атрымаў магчымасць абнуліць тэрмін перабывання ва ўладзе. 3 ліпеня стала афіцыйным Днём незалежнасці.
wikimedia.org
2011 год. Прысуджаны да турэмнага зняволення старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.
У рамках пагрому грамадскіх арганізацый у ліпені 2021 года былі абшуканы Цэнтр і памяшканні праваабаронцаў, затрыманыя амаль усе прадстаўнікі «Вясны», якія на той момант былі ў Беларусі, у тым ліку А. Бяляцкі. Арыштаваныя па справах, заведзеных па артыкулах 342 («арганізацыя і падрыхтоўка да масавых беспарадкаў») і 243 («ухіленне ад сплаты падаткаў») Крымінальнага кодэкса, актывісты, былі прызнаны палітычнымі зняволенымі.
У ліпені 2021 года цэнтр быў узнагароджаны прэміяй імя Марыён Дэнхоф, а ўвосень 2022 года лідар праваабарончага цэнтра Алесь Бяляцкі стаў Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» — няўрадавая праваабарончая арганізацыя. Створана ў красавіку 1996 года.