У прытулку пад Асіповічамі ратуюць лебедзяў – адзін умерз у лёд, у другога адмовілі лапы

Трох лебедзяў з-пад Мінска перавезлі на лячэнне ў прыватны прытулак у Асіповіцкім раёне. Пра двух хворых лебедзяў на водасховішчы Дразды паведамілі мясцовыя жыхары. Калі выратавальнікі вызвалілі іх з ледзянога палону, аказалася, што ў аднаго пашкоджана шыя, а ў другога не дзейнічаюць лапы. Прычыну таго, што лебедзі не паляцелі ў вырай, спецыялісты звязваюць з чалавечым фактарам. Мінакі часта кормяць лебедзяў хлебам, з-за чаго птушкі тлусцеюць і не могуць падняцца ў паветра. 

Яшчэ аднаго лебедзя ў крытычным стане заўважылі на вадасховішчы каля санаторыя “Беларусачка”. Ён умёрз у лёд і так аслабеў, што не мог рухацца. Для выратавання выкарыстоўвалася судна “Марс” на паветранай падушцы. Спецыялісты выратавальнай станцыі разбівалі лёд вакол птушкі, а потым за ёй у ваду спускаўся вадалаз – расказвае газета “Асіповіцкі край”. У страваводзе лебедзя знайшлі рыбалоўны кручок з грузікам.

Усіх трох выратаваных лебедзяў адвезлі ў прыватны прытулак пад Асіповічамі, які спецыялізуецца на дапамозе птушкам. Тут лебедзяў выходжваюць. Першага пацярпелага з вадасховішча Дразды туды даставілі яшчэ ў 2021 годзе – у яго было некалькі пераломаў шыі.

Фота: БелТА

У Дрыбіне замярзае сямейства лебедзяў – гараджане б’юць трывогу

Цэлая сям’я – двое белых дарослых птушак і чацвёра шэрых, якія не змянілі апярэнне, маладых лебедзяў, яшчэ з восені па невядомай прычыне не паляцелі ў вырай. Яны засталіся зімаваць на рацэ Проня каля Дрыбіна. Маразы вельмі пагоршылі і без таго незайздроснае становішча гэтых птушак. 

У рэдакцыю мясцовай раённай газеты “Савецкая вёска” звярнуліся жыхары райцэнтра, якія вельмі хочуць падтрымаць птушак, хаця б падкарміць іх. Але з-за разводдзя падысці да берага зараз небяспечна. Вада адступіла, а пад лёдам утварыліся пустэчы.

Паведамляецца, што рэдакцыя газеты праінфармавала аб замярзаючых лебедзях раённую камісію па аказанні дапамогі дзікай жывёле, якая трапіла ў бяду, і раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Фота: “Савецкая вёска”

На поплаве каля Вараніно заўважаныя дзясяткі лебедзяў (відэё)

Калісьці гэтую птушку паляўнічыя амаль выбілі на Беларусі.

Лебедзь – самая буйная птушка на нашых землях. Паляванне прывяло да амаль поўнага знішчэння папуляцыі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. У краіне налічвалася ўсяго некалькі дзясяткаў пар. Пабачыць дзівосны белы карабель недалёка ад чалавечага жытла было вялікай удачай.

Лебедзь доўгі час быў у Чырвонай кнізе. У 1984 годзе, каб абараніць месца гнездавання для адной пары пад Мінскам стварылі заказнік «Лябяжы». Паступовае аднаўленне беларускай папуляцыі стала магчымым дзякуючы перасяленню птушак з Літвы і Польшчы.

 

Цяпер лебедзяў на нашых землях стала багата. Іх выключылі з Чырвонай кнігі. Папуляцыя складае ад некалькіх соцень да паўтары тысячы пар у залежнасці ад сезону.

Хоць паяўленне гэтай грацыёзнай птушкі на беларускіх вадаёмах перастала быць рэдкасцю, відовішча з некалькіх дзясяткаў лебедзяў на разложыстым поплаве ўражвае.

Лебядзінае чарада заўважаная ля вёскі Вараніно, што ў Быхаўскім раёне. У той самай пойме Дняпра, якая ператвараецца штогод у мора разліванае, даруючы мясцовай фаўне шыкоўны пачастунак у пазасталых калюжынах.

Фота носіць ілюстрацыйны характар