Наш рэлакс на выхадны дзень, відэазамалёўка з жывапіснай і вусцішнай гарадской глыбінкі.
Наш рэлакс на выхадны дзень, відэазамалёўка з жывапіснай і вусцішнай гарадской глыбінкі.
Рупліўцы магілёўскай даўніны ўгледзелі парушэнні ў рэканструкцыі тады яшчэ помніка архітэктуры і паскардзіліся ў пракуратуру.
Пра аднаўленне прац паведамілі Магілёў.media яго чытачы, даслаўшы фотаздымак.
Дом на вуліцы Лазарэнкі, 15 узяліся «рэстаўраваць» у 2013-ым. Чыноўнікі абяцалі, што яму вернуць гістарычнае аблічча і ён стане аб’ектам шматфункцыянальнага адміністрацыйна-гандлёвага і культурна-дзелавога прызначэння.
Абяцалася, што аднаўляльныя працы на помніку архітэктуры завершаць у найкарацейшыя тэрміны. У пашпарце аб’екту было пазначана, што «рэстаўрацыю нежылога будынку» меліся завяршыць у сакавіку 2015-га.
Пасля заяваў чыноўнікаў у справу ўмяшалася пракуратура. Туды звярнулася Таварыства аховы помнікаў. Яно давяло службоўцам, што працы з помнікам нельга лічыць рэстаўрацыйнымі.
«Дом у два і тры паверхі без фундаменту, стаіць на пяску, з драўлянымі перакрыццямі, каб быў лёгкі. А на ім дабудавалі яшчэ адзін паверх, і перакрыцці зрабілі жалезабетоннымі. То бок павялічылі нагрузку на сцены, і па іх пайшлі трэшчыны. Зразумела, уласнік не ўмацоўваў падмурак, а імкнуўся пры меншых затратах як найхутчэй здаць аб’ект у эксплуатацыю», – каментаваў сітуацыю актывіст Таварыства Ўладзімер Краўчанка.
У 2017 годзе «рэстаўрацыя» будынку спынілася. “У сувязі з прадпісаннем Міністэрства культуры”, тлумачылі ў гарвыканкаме. Арганізацыя, якая абяцала вярнуць гістарычнае аблічча помніку архітэктуры, збанкрутавала.
Урэшце і сам квартал дамоў на вуліцы Лазарэнкі, якой абяцалі вярнуць гістарычную назву Віленская, пазбавілі ахоўнага статусу. Будынкаў больш няма ў Рэспубліканскім спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Пазбаўленьне статусу тлумачылася тым, што ён палохае патэнцыйных інвестараў і яны не хочуць іх купляць.
З дому, які пакутліва пераносіць «рэстаўрацыю», быў скрадзены ганак, на якім быў пазначаны год яго ўзвядзення. Знікла і балконная агароджа.
Дамы, пазбаўленыя ахоўных шыльдаў, узведзеныя на пачатку 20 стагоддзя. Яны добра праглядаюцца з вышыні транспартнай развязкі з мостам праз Дубравенку. У 2007 годзе занядбаныя будынкі хавалі банернай сеткай ад Аляксандра Лукашэнкі, калі ён праяжджаў па новай тутэйшай гарадской магістралі.
Жыхар Магілёва заклікае землякоў трымацца на адлегласці ад сценаў будынку на рагу вуліц Першамайскай і Лазарэнкі. У гэтым доме некалі месціўся магазін «Тэатральны», а цяпер «Наш выбар».
Магілёвец цвердзіць, што час ад час ад фасаду дому адвальваюцца кавалкі тынку. Па ягоных словах адзін з іх на дасланым фота. Камлыгаю прыціснутая цырата, каб яе не знесла ветрам, удакладняе ён.
«Увесну і падчас дажджу трымаюся падалей ад сценаў дому, бо страшна. Ад яго адвальваюцца кавалкі, але мне першы раз давялося пабачыць, каб іх выкарыстоўвалі для нечага. Звычайна выкідаюць», – адзначыў аўтар ліста.