Магілёвец поўгады выносіў рэчы з суседскага дома

Жыхар Магілёва выявіў прапажу маёмасці ў сваім дачным доміку на агульную суму 3 500 рублёў. Як высветлілася, рэчы з хаты выносіў 33-гадовы сусед, які на працягу некалькіх месяцаў перыядычна прабіраўся ў дом і забіраў сабе ўсё, што здавалася каштоўным. Да сябе ў хату ён вынес нават сталы і крэслы. Мужчына сачыў за суседскім домам і выбраў зімні час для рабавання, калі ў дачным доміку ніхто не паяўляўся – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Асіповічамі супрацоўнік аграпрадпрыемства скраў хімікаты на суму каля 1400 рублёў

Супрацоўнікі асіповіцкай міліцыі спынілі крадзеж 30 літраў хімічнага сродку для абароны раслін з тэрыторыі сельскагаспадарчага прадпрыемства. 

Устаноўлена, што супрацоўнік аграпрадпрыемства на службовым аўтамабілі ў працоўны час са складскога памяшкання сельскагаспадарчай арганізацыі ў некалькіх пластмасавых каністрах вывез хімічны сродак, каб прадаць жыхару суседняга аграгарадка – паведамляе упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама. 

Супрацоўнікі міліцыі скрадзенае канфіскавалі. Хімічны сродак на агульную суму амаль 1400 рублёў у поўным аб’ёме вернуты на прадпрыемства. У дачыненні да 38-гадовага асіпаўчаніна заведзена крымінальная справа. 

Фота: mogilev.mvd.gov.by

Падлетак у Крычаве скраў мотаблок, абмяняў на мапед, а яго таксама скралі

У Крычаўскім раёне адзін падлетак скраў матаблок, каб абмяняць на мапед, а неўзабаве яго знаёмыя скралі той жа самы мапед, каб пакатацца.

У вёсцы Песькавічы 17-гадовы падлетак, які і так чакаў адпраўкі ў спецустанову, улез у гараж мужчыны, які жыў па суседстве, каб выкрасці матаблок. Юны зламыснік планаваў памяняць яго на мапед.

Хлопец нейкім прадметам адамкнуў замок гаража суседа і скраў мотаблок. Аднак доўга цешыцца мапеду, на які ён вымяняў мотаблок, падлетку не прыйшлося, бо крадзёж раскрылі вельмі хутка. На цяперашні момант у дачыненні да хлопца распачалі крымінальную справу, ён узяты пад варту. Маёмасная шкода прычыненая гаспадару матаблока вызначана на суму ў 1000 рублёў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Аднак на гэтым гісторыя з крадзяжамі ў Песькавічах не скончылася. Праз некаторыя час тройка знаёмых сямнаццацігадовага злачынцы вырашыла пакатацца і скрала той самы мапед з гаража іншага мужчыны, на які іх агульны знаёмы абмяняў скрадзены матаблок.   

Скралі, а пасля пакацілі мапед да суседняй вёскі Беражыстае. Там паспрабавалі завесці, але мапед быў няспраўны. Хлопцы вырашылі закаціць яго пад бліжэйшыя кусты і сысці. Але і іх знайшлі. У адносінах да ўсіх трох узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Паеў, выпіў, паспаў у чужым доме – у Магілёве затрымалі гастралёра

Жыхарка Магілёва знайшла свой дачны домік у горадзе са слядамі ўзлома. Выявіла гэта не адразу, бо нячаста бывае на лецішчы, аднак праваахоўнікі ўсё ж знайшлі злачынцу. Выявілася, што ў чужы дачны дом пралез 47-гадовы, раней судзімы жыхар Салігорска.

Мужчына прыехаў у Магілёў і бадзяўся па прыватным сектары. Прабраўшыся ў дом 57-гадовай жыхаркі абласнога цэнтра, пераапрануўся ў вопратку, кую знайшоў у доме. Потым паеў, выпіў спіртнога, якое знайшоў у хаце, пакурыў і заснуў. Раніцай пакінуў дом, забраўшы з дома некаторыя рэчы – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Заведзена крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Зладзействы па-мсціслаўску – у горадзе выкапалі туі і вярбу, на раёне скралі лесвіцу і прадукты з халадзільніка

У Мсціславе невядомыя зламыснікі выкралі туі па вуліцы Кірава, што знаходзіцца паблізу кальцавой дарогі. Па гэтай жа вуліцы каля мясцовага інтэрната злачынцы выкапалі вярбу.

Крадзяжы адбыліся і ў сельскіх населеных пунктах Мсціслаўскага раёна. У жыхара аграгарадка Мушына была скрадзена металічная лесвіца, а ў вёсцы Мілейкава з халадзільніка зніклі прадукты харчавання – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло Кастрычніка”.

Па ўсіх злачынных учынках праводзіцца праверка ў раённым аддзеле міліцыі.

Фота ілюстратыўнае

Дзяўчына ў Магілёве забыла навушнікі ў таксі, і кіроўца іх прапіў

20-гадовая жыхарка Магілёва падчас паездкі ў таксі забыла свае дарагія навушнікі  салоне і звярнулася ў міліцыю. Як высветлілі праваахоўнікі, вадзіцель таксі, раней судзімы магілёвец, атрымаў гэтыя навушнікі ад наступных пасажыраў і схаваў у бардачок. Праз некаторы час, калі яму не хапіла грошай на выпіўку, ён прадаў навушнікі. Цяпер супраць кіроўцы ўзбуджана крымінальная справа – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.

Фота ілюстрацыйнае

Работніца дома-інтэрната для інвалідаў у Бялынічах крала грошы з картак пацыентаў

За тры з паловай месяцы 30-гадовая жыхарка Магілёва абакрала пацыентаў Бялыніцкага дома-інтэрната на 35 тысяч рублёў. 

Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці, жыхарка Магілёва паспела адпрацаваць у бялыніцкім доме-інтэрнаце для інвалідаў тры з паловай месяцы. Яна неаднаразова прабіралася ў незаперты службовы кабінет аднаго з кіраўнікоў ўстановы і забірала з сейфа банкаўскія карткі пацыентаў. На гэтыя карткі ім прыходзіла дапамога па інваіднасці. Потым жанчына абналічвала грошы ў банкаматах – усяго яна завалодала сродкамі на 35 тысяч рублёў.

Уся сума была жанчынай кампенсаваная, яе чакае пераслед па артыкуле 212 частка 4 Крымінальнага кодэкса, па якім прадугледжваецца да трох гадоў няволі альбо абмежаванне правоў ці штраф.

Фота: З аператыўныга відэа Следчага камітэта.

Рэцыдывіст з-пад Цяхціна скраў у суседкі прадуктаў на 5 рублёў 44 капейкі

Неаднаразова судзімы за пагрозу забойствам і крадзяжы, жыхар Цяхцінскага сельсавета Бялыніцкага раёна абакраў дом сваёй суседкі, пакуль тая была на працы. Высветлілася, што мужчына 1959 года нараджэння вынес з яе дома ежы на агульную суму ў 5,44 рублі.

Раней ён быў судзімы па артыкулах 186 і 205 Крымінальнага Кодэкса Беларусі (пагроза забойствам, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэнне маёмасці), неаднаразова па артыкуле 205 (крадзеж), знаходзіўся на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Частка скрадзенага была канфіскаваная – піша “Зара над Друццю”.

Фота ілюстрацыйнае.

Быхаўчанін скраў тону камбікорму

У Быхаве супрацоўнікамі ДАІ быў спынены мікрааўтобус, у кузаве якога праваахоўнікі знайшлі 20 мяшкоў камбікорму без суправаджальных дакументаў на суму каля 800 рублёў – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Міліцыянеры ўстанавілі, што мяшкі з кармавой сумессю выкраў 38-гадовы жыхар Быхава, які дзейнічаў у змове з вартаўніком аднаго з філіялаў раённай птушкафабрыкі. 

Перад крадзяжом вартаўнік адключыў камеры відэаназірання, а мужчына забраў падрыхтаваныя для яго мяшкі і загрузіў іх у мікрааўтобус.

Фота mogilev.mvd.gov.by

Начальніца пошты ў Клічаўскім раёне за поўгады скрала звыш 22 тысяч рублеў

Кіраўніцы аднаго з сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі інкрымінаваны крадзёж у буйным памеры 

Як паведамляе генеральная пракуратура, жанчына з сярэдзіны жніўня 2022 года па студзень 2023 года сістэматычна выкрадала грошы з касы паштовага аддзялення. 

Следства таксама высветліла, што абвінавачаная з дапамогай кампьютарнай праграмы пералічвала грошы паштовага аддзялення на ўласныя банкаўскія карткі, а таксама на банкаўскія карткі сваякоў і знаёмых, якія пасля здымала і траціла на сябе. 

Такім чынам, рознымі спосабамі жанчына скрала звыш 22 тысяч рублёў. Заведзена крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае