ДАІшнікі спынілі непрышпіленага кіроўцу і знайшлі ў яго 100 літраў крадзенага паліва

Супрацоўнікі Шклоўскага ДАІ спынілі вадзіцеля за парушэнне правілаў дарожнага руху – ён не быў прышпілены рэмнем бяспекі. Падчас праверкі яго аўтамабіля, у багажніку ДАІшнікі знайшлі некалькі каністраў з пафарбаваным палівам. Як высветлілася, кіроўца, 59-гадовы механізатар аднаго з аграпрадпрыемстваў раёна, зліваў паліва са свайго трактара каб прадаць. Паліва канфіскавана, на мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Фота: УУС, скрыншот

Магілёвец скраў у сябра карту і атаварваўся па ёй у крамах

У Ленінскі РУУС г. Магілёва звярнуўся 51-гадовы мясцовы жыхар, які распавёў, што ў яго з раней выкрадзенай банкаўскай карты былі зняты грашовыя сродкі – паведамляе прэс-служба. Праваахоўнікі высветлілі, што карту скраў знаёмы заяўніка – 43-гадовы магілёвец, раней неаднаразова судзімы, у тым ліку і за крадзяжы.

Магілёўцы распівалі спіртныя напоі на кватэры ў заяўніка, а калі гаспадар жылля сышоў спаць у іншы пакой, госць скраў яго банкаўскую карту і пайшоў па крамах набываць спіртное. Калі грошы на плацежным сродку скончыліся, ён выкінуў карту і пайшоў дадому. У дачыненні да фігуранта  ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

У Магілёве зяць выкраў у цешчы 7 800 долараў – цішком забіраў па 200-300

Як паведамляе прэс-служба абласнога УУС, 23-гадовы магілёвец паглядзеў, дзе трымае грошы яго 55-гадовая цешча. У яго прысутнасці яна пералічвала свае накаплення за шмат гадоў, 7 800 долараў. Маючы свой камплект ключоў ад кватэры – цешча неаднойчы прасіла выгуляць яе сабаку – малады мужчына па 200-300 долараў цягаў з заначкі і нарэшце выкраў усю суму. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Магілёўская прадавачка нацягала з касы 10 000 рублёў на стаўкі ў онлайн-казіно

Пачынаючы з снежня 2022 года і па сакавік 2023-га дваццацішасцігадовая прадавачка магілёўскай прадуктовай крамы перыядычна забірала дзённую выручку магазіна – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Гэта давалася ёй лёгка, паколькі часам жанчына выконвала функцыі загадчыцы крамы і мела поўны доступ да касавага апарата. Агульная сума скрадзеных грошай склала 10 000 рублёў. Акрамя таго, таемна ад мужа жанчына брала грошы з сямейнага бюджэту. Усе сродкі яна траціла на стаўкі ў онлайн-казіно. Цяпер узбуджана крымінальная справа, частка грошай вернута.

Фота ілюстрацыйнае

Жанчына знайшла чужы бранзалет у паліклініцы і атрымала крыміналку

У міліцыю Магілёва звярнулася 31-гадовая мясцовая жыхарка, якая расказала, што ў яе быў выкрадзены згублены залаты бранзалет. Інцыдэнт адбыўся ў адной з медыцынскіх устаноў горада, куды жанчына хадзіла з малалетнім дзіцём.

Сышчыкі высветлілі, што чужую маёмасць забрала 35-гадовая магіляўчанка, якая таксама наведвала паліклініку. Перад гэтым залаты бранзалет парваў дзіця, будучы на руках у маці. Апошняя гэтага не заўважыла – ювелірнае ўпрыгожванне зачапілася за металічнае сядзенне крэсла ў прыёмнай і засталося там. Пасля бранзалет выявіла іншая жанчына, якая і забрала яго з сабой, паклаўшы ў кашалёк. Упрыгожванне нейкі час ляжала дома ў жанчыны – яна планавала пакінуць яго сабе – паведамляе тэлеграм-канал абласнога УУС.

У выніку ў дачыненні да жанчыны, якая знайшла бранзалет і забрала сабе, узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Прадавачка ў Хоцімску брала грошы з касы дзеля ставак у онлайн-казіно

На працягу двух месяцаў 37-гадовая жанчына здавала ў банк толькі частку выручкі, а астатнія сродкі клала на свой рахунак. Потым прадавачка гуляла на гэтыя грошы ў онлайн-казіно, паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама. Агульная сума прысабечаных грошай за два месяцы склала 14 000 рублёў.

Фота: УУС

Дзеля ставак на спорт, жыхар Бабруйска два разы краў на працы адзін і той жа ноўтбук

Заплаціць за яго прыйдзецца тройчы.

У студзені 2023 года жыхар Бабруйска, супрацоўнік адной з бюджэтных арганізацый, скраў на працы ноўтбук “Acer Aspire 3” коштам каля 1 300 рублёў  і здаў яго ў ламбард. Грошы ён адразу пратраціў на спартыўныя стаўкі і прайграў іх усе. Калі крадзёж быў выяўлены кіраўніцтвам арганізацыі, бабруйчаніну давялося выкупаць ноўтбук назад і звольніцца.

Але ўжо праз месяц мужчына заявіўся зноў ва ўстанову і падмануў ахоўніка, быццам бы ўсё яшчэ працуе. І зноў – скраў той жа самы ноўтбук, здаў у ламбард і спусціў усе грошы на стаўкі. Яшчэ на стадыі разгляду яго крымінальнай справы бабруйчанін кампенсаваў кошт ноўтбука арганізацыі. Паводле пастановы суда яму вынесены штраф у 35 базавых велічынь, што складае амаль тыя самыя 1 300 рублёў – піша выданне “Бабруйскае жыццё”.

Фота ілюстрацыйнае

Юнак у Мсціславе дзёргаў ручкі машын, шукаючы незапертыя – знайшоў 20 000 рублёў і ключы ад Peugeot

У Мсціславе раніцай мясцовы жыхар убачыў на ўскраіне горада перавернуты аўтамабіль і выклікаў міліцыю.

Высветлілася, што машыну ноччу ўгналі з двара аднаго з дамоў. 22-гадовы жыхар адной з вёсак Мсціслаўскага раёна ў п’яным выглядзе хадзіў па двары і тузаў за ручкі прыпаркаваных аўто. 

Такім спосабам ён змог пранікнуць ў пяць з іх. У салоне красовера Volkswagen ён знайшоў амаль 20 тысяч рублёў, якія забраў з сабой, а ў бардачку легкавога Peugeot знайшоў ключ ад машыны і вырашыў пакатацца. Але далёка з’ехаць не змог – неўзабаве не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Юнак сам выбраўся з салона і пайшоў дахаты.

Зараз яму прад’яўлена абвінавачванне ва ўгоне і крадзяжы – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: скрыншот з відэа УУС

Па Мсціславу прайшліся машынныя злодзеі, з аднаго аўто скралі больш за 5,5 тысяч даляраў

Усяго было здзейснена некалькі крадзяжоў з аўтамабіляў у розных частках горада Мсціслава. Ва ўладальніка транспартнага сродка, які пражывае па вуліцы Палявой, з салона аўтамабіля выкралі 5400 долараў, 400 беларускіх і 9000 расійскіх рублёў.

У іншага гаспадара машыны злодзеі пажывіліся толькі пачкай цыгарэт, а ва ўладальніка аўтамабіля з вуліцы Школьнай яны скралі мадулятар, флэшкарту і палаценца. Па ўсіх здарэннях супрацоўнікамі ўнутраных органаў праводзіцца праверка паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”. 

Фота ілюстрацыйнае

Магілёвец поўгады выносіў рэчы з суседскага дома

Жыхар Магілёва выявіў прапажу маёмасці ў сваім дачным доміку на агульную суму 3 500 рублёў. Як высветлілася, рэчы з хаты выносіў 33-гадовы сусед, які на працягу некалькіх месяцаў перыядычна прабіраўся ў дом і забіраў сабе ўсё, што здавалася каштоўным. Да сябе ў хату ён вынес нават сталы і крэслы. Мужчына сачыў за суседскім домам і выбраў зімні час для рабавання, калі ў дачным доміку ніхто не паяўляўся – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае