Адзін з самых загадкавых і інтрыгоўных музейных экспанатаў Беларусі, велізарны коўш-братчына з роспісамі, якія некаторыя тлумачаць праз паганскую астралогію, паходзіць з Прапойска – высветліў навуковец Станіслаў Чавус.
У экспазіцыі Музея беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах пад Мінскам, што ўваходзіць у структуру Нацыянальнага мастацкага музея, захоўваецца ўнікальны экспанат – коўш-братчына выраблены з цэльнага кавалку дрэва.
Унутры коўш мае абстрактны раслінны роспіс, а знешнія сценкі распісаныя дванаццацю выявамі жывёлаў і сцэн палявання. У фонды Нацыянальнага мастацкага музея прадмет патрапіў з Гародні, з мясцовага музея яшчэ ў 1950-х гадах. Архаічнасць роспісаў на знешняй сценцы, іх сімвалічная колькасць – 12, як і знакаў задыяка – а таксама гарадзенскае паходжанне сфарміравалі вакол артэфакта арэол загадкавай балцкай паганскай святыні астралагічнага характару.
“Звярыны задыяк”
Літоўскі даследчык, спецыяліст па этнаастраноміі Ёнас Вайшкунас прысвяціў кнігу і шмат публікацый каўшу-браціне з Раўбіч, выказаўшы меркаванне, што выяўленыя на ім фігуры могуць з’яўляцца астралагічнымі знакамі. Ён звязаў іх з 12-цю старажытнабалцкімі знакамі задыяку, прычым аднім з ключавых аргументаў на гэтую карысць ён называў блізкасць месца знаходкі, Гродна, да Літвы.
На рэсурсах, прысвечаных этанаастраноміі і славянска-балцкаму паганству можна знайсці шмат публікацый, прысвечаных каўшу-браціне. Нярэдка даюцца прамыя паралелі выяўленых на каўшы фігур са знакамі задыяка, а час паходжання артэфакта адносяць ажно да ІХ – ХІІ стагоддзяў.
Аднак, яшчэ ў 1980-х гадах беларускай даследчыцай Ірынай Паньшынай у артыкуле “Ладдзя на хвалях часу” была выказана думка, што коўш-братчына з мінскага музея і з верагодным гарадзенскім паходжаннем надзіва блізка супадае з артэфактам са збораў Магілёўскага гісторыка-археалагічнага музея, які быў навукова апісаны яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя.
У чэрвені 2023 года ў часопісе “Роднае слова” выйшаў артыкул вядучага навуковага супрацоўніка аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Станіслава Чавуса, прысвечаны паходжанню артэфакта.
Аналізуючы дакументацыю, з якой суправаджаўся музейны прадмет падчас перадачы з адной установы ў іншую, даследчык рэканструяваў увесь пакручасты шлях незвычайнага каўша.
Спадчына прапойскага выпівохі-калекцыянера?
Станіслаў Чавус прыйшоў да высновы, што помнік упершыню паяўляецца ў музейных зборах у ХІХ стагоддзі і паходзіць з царквы ў Прапойску, дзе выкарыстоўваўся для захавання святой вады, а таксама што з ім звязана легенда пра ахвяраванне яго царом Аляксеем Міхайлавічам. Адсюль ён быў перададзены ў магілёўскі музей – пасля таго, як у каўшы ўтварылася дзірка і яго немагчыма было больш выкарыстоўваць па прызначэнні.
У “XIX ст. ён паступіў у збор Магілёўскага гісторыка-этнаграфічнага музея, а ў 1918 г. дэманстраваўся на выставе беларускага мастацтва ў Мінску, арганізаванай А. Іпелем. – піша Чавус – У час Першай сусветнай вайны артэфакт быў схаваны, пасля выпадкова знойдзены і перададзены ў калекцыю Беларускага дзяржаўнага музея. У час Другой сусветнай вайны вывозіўся ў Германію, потым з Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе канцэнтраваліся музейныя прадметы ў пасляваенны час, коўш быў перададзены ў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.”
Што да паходжання каўша, адкуль і калі ён паявіўся ў прапойскай царкве – дыскусія разгарэлася на старонцы Станіслава Чавуса ў Facebook. Хтосьці ўспомніў пра знакамітага прапойскага выпівоху і калекцыянера Дзмітрыя Яншына, які па-эпікурэйску жыў у Прапойску ў ХІХ стагоддзі і які мог раздабыць артэфакт дзе заўгодна. Хтосьці звязвае яго з традыцыямі рускай Поўначы ці Паволжа. Але галоўная выснова ў каментатараў – цяпер ёсць умовы для больш дакладнага вызначэння лёсу і паходжання загадкавага помніка.
Фота з адкрытых крыніц