Нямецкія могілкі паўсталі на ўскраіне абласнога цэнтра ў 1945-1948 гадах. Яны знаходзяцца ў раёне завода імя Кірава і пасёлка Халмы. Тут хавалі нямецкіх ваеннапалонных, якія працавалі на аднаўленні аўтамабільнага завода і ўсяго навакольнага мікрараёна. Паводле афіцыйных дадзеных, на гэтым месцы было пахавана каля 200 салдат – адзначае тэлеграм-канал “Спадчына” – а па неафіцыйных, каля тысячы.
У 1996 годзе за сродкі нямецкага бюджэта на месцы пахавання была ўзведзена капліца з чырвонай цэглы, агароджа і памятны знак. Зараз жа мясцовыя жыхары заўважылі, што з мемарыяльнага месца цалкам зніклі металічная агароджа, і капліца.
Варта адзначыць, што афіцыйныя магілёўскія СМІ нічога не паведамлялі пра запланаваныя на памятным месцы работы. Магілёўцы ўжо стварылі петыцыю, патрабуючы адказу ад гарвыканкама наконт таго, па якой прычыне было разбуранае месца памяці.
Могілкі ў раёне завода Кірава з’яўляліся адзіным упарадкаваным нямецкім месцам пахавання ў горадзе. Трэба адзначыць таксама, што ў апошнія дзесяцігоддзі ўлады Германіі ажыццяўлялі мэтанакіраваную праграму па перазахаванні целаў нямецкіх салдат і ваеннапалонных на радзіме. Цалкам магчыма, што капліца і памятны знак захоўваліся ўжо толькі як сімвалічнае месца памяці, што не зніжае, аднак, іх гістарычнай і культурнай вартасці.
Фота з адкрытых крыніц