Брыгадзіра ў Кіраўскім раёне падазраюць у крадзяжы 79 галоў ската

Бабруйская міліцыя выявіла партыю буйнога рагатага ската, якую перавозілі на прыватнай аўтамашыне па трасе Бабруйск-Мозыр, паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Шсць бычкоў, якіх спрабавалі вывезці з Магілёўскай вобласці, мелі біркі аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Кіраўскага раёна. 

У ходзе следчых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што брыгадзір  аграпрамысловага комплекса разам з саўдзельнікамі на працягу некалькіх месяцаў выкрадаў жывёл гаспадаркі. Патэнцыйныя пакупнікі прыязджалі па начах на ферму і забіралі жывёлу, за якую разлічваліся наяўнымі грашыма па заніжаным кошце. Толькі адзін 28-гадовы прадпрымальнік з Магілёва з верасня па лістапад купіў такім чынам 54 асобіны буйной рагатай жывёлы.

Усяго ў гаспадарцы выяўлены недахоп у 79 галоў ската на агульную суму больш за 160 000 рублёў. Заведзена крымінальная справа.

Кіраўск прыехаў здзівіць Магілёў сваёй народнай творчасцю

На базе Магілёўскага абласнога цэнтра народнай творчасці праходзіць прэзентацыя Кіраўскага раёна. 

На Тэатральнай плошчы ў канцэртнай зале “Магілёў” дзеячы культуры Кіраўскага раёна прадстаўляюць праграму-прэзентацыю творчых дасягненняў і асаблівасцяў свайго рэгіёна. Не выязджаючы з Магілёва можна паглядзець цэлы раён са знакамітым аграпрадпрыемствам імя Кірылы Арлоўскага і самым вялікім панскім палацам Беларусі. 

Усё ладзіцца ў рамках праекта “Беларусь родная, музычная, народная”, які на працягу бягучага года знаёміць з поспехамі, дасягненнямі, гістарычнай спадчынай рэгіёнаў Магілёўшчыны. 

Канцэртная праграма, у якой прымуць удзел калектывы мастацкай самадзейнасці раёна, пачнецца ў 17.30. Кошт квітка – 5 рублёў. Як паказвае вопыт падобных канцэртаў іншых раёнаў, на мерапрыемстве амаль заўжды бывае цікава. 

 

Бабруйскую махлярку асудзілі ў Кіраўску на 7 гадоў за непрыбраныя магілы

Жанчына атрымала тэрмін зняволення ў 7 гадоў калоніі за злачынствы на могілках і нявыкананыя паслугі. 

Суд Кіраўскага раёна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да жыхаркі горада Бабруйска, якую абвінавацілі ў махлярстве ў асабліва буйным памеры – злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 209 КК і прызнаў яе вінаватай. 

Прэс-служба Вярхоўнага суда паведаміла, што абвінавачаная К., ажыццяўляючы індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасць у перыяд з 2018 па 2021 гады заключала з грамадзянамі дамовы бытавога заказу, куплі-продажы, аб выкананні работ і аказанні паслуг. Яна ж вусна дамаўлялася з грамадзянамі аб выкананні работ па вырабе рытуальнай прадукцыі, па добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў, пераконвала перадаваць ёй у якасці папярэдняй аплаты грашовыя сродкі. Вось толькі выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы яна не спяшалася. 

У выніку злачынных дзеянняў абвінавачаная супрацьпраўна завалодала грашовымі сродкамі грамадзян, прычыніла ім маёмасную шкоду ў асабліва буйным памеры, які цяжка сабе ўявіць – на агульную суму 69 170 рублёў 80 капеек, што склала 2 385,2 базавых велічынь.

Прысуд:

абвінавачаная К. прызнана вінаватай у завалоданні маёмасцю шляхам падману (махлярстве), у асабліва буйным памеры, і на падставе ч.4 арт.209 КК ёй прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 300 базавых велічыняў.

Таксама пастаноўлена спагнаць з абвінавачанай К. на карысць пацярпелых матэрыяльную шкоду, а таксама кампенсацыю маральнай шкоды.

Пабачце, як выглядае 200-гадовы палац у Жылічах (фота)

Палацава-паркавы ансамбль – гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага ўзроўню. 

Палац знаходзіцца  на Магілёўшчыне ў Кіраўскім раёне. Да Магілёва — 118, а да Бабруйску — 36 кіламетраў.

Рэстаўруюць помнік архітэктуры 13 гадоў і абяцаюць працы скончыць сёлета.

Год таму палац наведала пад 6 тысяч турыстаў. Сёлета ўжо больш за 3 тысячы.

 

Палац у Жылічах узяўся ўзводзіць адзін з найбагацейшых шляхцюкоў Бабруйшчыны Ігнат Булгак. Будаўніцтвам пачалося ў 1825 годзе. У стылі класіцызму быў узведзены двухпавярховы корпус палацу. Парадны фасад упрыгожаны шасцікалонным порцікам, а бакавыя – порцікамі з чатырма калонамі. Вакол палаца гаспадар заклаў вялікі парк на 100 гектараў.

Па яго смерці Ігната Булгака маёнтак перайшоў да яго малодшага сына Эдгара, які працягнуў будаўніцтва. Палац быў пашыраны і дабудаваны. У правым крыле размясцілася карцінная галерэя і храм. Гэтага ўсяго не захавалася.

Левая частка будынку была аддадзеная пад аранжарэю і зімовы сад, дзе вырошчвалі паўднёвыя расліны і фрукты. Плошча ўсіх памяшканняў палаца тады дасягала каля 4000 квадратных метраў, што рабіла яго самым вялікім палацам у краі.

За савецкім часам у палацы месціўся дзіцячы дом, агранамічная школа. У вайну гітлераўцы разгарнулі ў ім шпіталь. З 1950-га года будынак займаў сельскагаспадарчы тэхнікум.