«Куток былога» – новы музейны аб’ект у глыбінцы Касцюковіцкага раёна

У Муравільскай сярэдняй школе Касцюковіцкага раёна адкрыўся музейны пакой «Куток былога», паведамляе golk.by. 

Сама школка невялічкая – усяго 65 вучняў. Пад адным з ею дахам прытуліўся і дзіцячы садок з 16 выхаванцамі.

У аграгарадку Муравілле 249 двароў і 556 жыхароў (амаль траціна насельніцтва сельскага савета, другі па велічыні населены пункт апасля аграгарадка Шарэйкі). У пасяленне падведзены прыродны газ, працуюць пошта, аддзяленне банка, АТС, урачэбная амбулаторыя, цэнтр культуры, дом сацыяльных паслуг, бібліятэка, міні-маркет “Родны кут”. Цяпер яшчэ адным элементам культурнай інфраструктуры стаў«Куток былога».

Калісьці ў школе быў пакой з экспанатамі, а не музей. А зараз дзякуючы намаганням кіраўніка па ваенна-патрыятычнаму выхаванню Мікалаю Данілаву тут з’явіўся краязнаўчы куток з разнастайнымі экспанатамі – фатаздымкі, грашовыя купюры, манеты, сельскагаспадарчы інструмент, прадметы побыту, якія выраблены мясцовымі майстрамі ў мінулых стагоддзях, адзенне і абутак, тэхніка… 

Сабраныя экспанаты адлюстроўваюць мясцоваю даўніну і сялянскі побыт, савецкую эпоху, гады Вялікай Айчыннай вайны, жыццё акцябратаў, піянераў.  

Ёсць надзея, што зборы будуць паступова папаўняцца новымі рарытэтамі.

Амаль цэлы год пайшоў у М. Данілава на ўладкаванне музейнага пакоя, і на «здабычу» экспанатаў. Да гэтай працы былі прыцягнуты і педагогі, і самі вучні: вялася пошукавая дзейнасць, ствараліся стэнды, раздрукоўваліся фотаздымкі выдатных землякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, юных партызан. 

На адкрыцці музея выступіла намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Манушэнка: 

– Мне спадабалася, што педагогі і вучні гэтай школы неабыякавыя да гісторыі. Не сумняваюся, гэта абавязкова станоўча адаб’ецца на далейшым выхаванні і адукацыі дзяцей, яны атрымаюць карысны досвед падчас знаёмства з гісторыяй сваёй радзімы. Музей мае патэнцыял. Тут можна ладзіць урокі па гісторыі Беларусі, вывучаць на мясцовым матэрыяле гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, роднага краю.

Наш каментар. Адкрыццё  краязнаўчага пакойчыка «Куток былога» – выдатная падзея. Маем пажаданне, каб тут была  адлюстравана таксама і гісторыя пасялення з наваколіцамі дарэвалюцыйнага часу, каб з’явіліся матэрыялы пра паданні ўзнікнення назваў рэк, балот, лясоў і пасяленняў, пра старажытныя паселішчы, падзямеллі, мясцовыя таржкі, мануфактуры, храмы, пра герояў-паўстанцаў, выбітных адраджэнцаў беларушчыны.

Наша даведка. Назву сённяшняга аграгарадка Муравілле Пралетарскага сельсавета мала хто ўзгадае ў краіне, Магілёўскай вобласці, нешмат пра яе гісторыю ведае і большасць жыхароў Касцюковіцкага раёна. А тым часам пасяленне ўзнікла больш за 500 гадоў назад, вядома па летапісных звестках з ХVІ стагоддзя як вёска Мар’янвілле, Мар’янвіль, Лістапады, але насельніцтва тут з’явілася на 1000 гадоў раней, аб чым сведчаць старажытныя курганы. 

У 1786 годзе тут пабудавана драўляная царква Раства Багародзіцы (Св. Дзевы Марыі – Мар’яны). Тут захаваліся рэшткі падземных хадоў былога манастыра. Да 1930-х гадоў вёска была вядома пілігрымкамі, якія  ладзіліся да Абраза Святой Марыі з немаўляткам. У ХVІІІ-ХІХ стагоддзях на мясцовай мануфактуры вырабляліся цудоўныя керамічныя вазы, у ХІХ стагоддзі праводзіўся штогадовы таржок. Тут нарадзіўся А. Галавінскі, дзеяч беларускага адраджэння, прадстаўнік Рады БНР на Украіне, супрацоўнік Вышэйшага Савета народнай гаспадаркі БССР.

Фота: газета “Голас Касцюкоўшчыны”

Індыяна Джонс пазайздросціў бы ізраільскім адкрывальнікам пахавальнай пячоры часоў фараонаў

У нацыянальным парку Пальмахім у Ізраілі выпадкова выяўлена неразрабаваная пахавальная пячора часоў фараона Рамзэса II.

У ходзе работ будаўнікі адхінулі скалу і выклікалі абвальванне горнай пароды. Трактар ​​”адкрыў” столь старажытнай пахавальнай пячоры часоў фараона Рамзэса II, які кіраваў Егіптам у XIII стагоддзі да нашай эры.

Як паведамляе ізраільскі 7 канал, высечаная ў скале ў форме куба з цэнтральнай апорнай калонай, пячора хавала некалькі дзясяткаў непашкоджаных керамічных і бронзавых вырабаў. Прынесены сюды яны былі падчас пахавальнага абраду каля 3300 гадоў таму. Гэта былі дары для памерлых у замагільным жыцці.

 

Значэнне пячоры для навукі і чалавецтва

Па словах эксперта Упраўлення старажытнасцяў Ізраіля па бронзавым веку доктара Элі Яннаі, «такія адкрыцці здараюцца раз у жыцці. Гэта было нібы на здымках фільма пра Індыяну Джонса: падлога пячоры выкладзена пасудзінамі, некранутымі на працягу 3300 гадоў, пачынаючы з позняга бронзавага веку, прыкладна ў часы магутнага цара Рамзэса II. Той факт, што пячора не была нікім выяўлена, і, значыць, не разрабавана, дазволіць нам выкарыстоўваць сучасныя навуковыя метады для атрымання вялікай колькасці інфармацыі з артэфактаў і рэштак рэчываў, якія захаваліся на сасудах, нават тых, якія не бачныя няўзброеным вокам».

Д-р Янна лічыць, што некаторыя збаны былі выраблены на ўзбярэжжы Сірыі і Лівана, прычым, многія з іх выкарыстоўваліся для захоўвання і перавозак з гандлёвымі караванамі дарагіх тавараў, імпартаваных з Тыра, Сідона і іншых партоў ліванскага ўзбярэжжа. У той час як астатні посуд быў відавочна зроблены на Кіпры. І той і іншы посуд імпартаваліся ў вялікіх колькасцях і быў папулярнымі пахавальным прыладдзем.У пячоры таксама былі знойдзены бронзавыя наканечнікі стрэл.

Знаходкі ў пячоры датуюцца XIII стагоддзем да н.э. (позняя эпоха бронзы). У гэты перыяд, падчас доўгага кіравання фараона Рамзэса II з XIX дынастыі, егіпецкая імперыя кантралявала Ханаан, а егіпецкая ж адміністрацыя забяспечвала бяспечныя ўмовы для шырокага міжнароднага гандлю. 

“Усё гэта сведчыць аб тым, што жыхары старажытнага Яўне-Ям былі інтэграваныя ў ажыўлены гандаль, які вёўся па ўсім узбярэжжы” – кажа доктар Яннае.

Па словах дырэктара Упраўлення старажытнасцяў Ізраіля Элі Эскасіда і дырэктара Упраўлення прыроды і паркаў Ізраіля Рая Шуркі, “знаходка ў нацыянальным парку Пальмахім – унікальная і зусім дзіўная! Навіна аб адкрыцці пячоры распаўсюдзілася ў акадэмічным свеце з хуткасцю ляснога пажару, і мы ўжо атрымалі просьбы ад многіх вучоных прыняць удзел у запланаваных археалагічных раскопках. На працягу некалькіх дзён мы сфармулюем план правядзення даследавання і абароны гэтага ўнікальнага месца, якое з’яўляецца сенсацыяй для археалагічнага свету і старажытнай гісторыі зямлі Ізраілю”.

Пахавальная пячора была апячатана і ахоўвалася, але туды прабраліся адзін або некалькі сучасных рабаўнікоў. Шэраг прадметаў, падобна, быў скрадзены. Цяпер акалічнасці гэтага інцыдэнту расследуецца супрацоўнікамі ізраільскай паліцыі.

Сенсацыйная знаходка пахвальнай пячоры года эпохі Рамзэса верагодна стане адкрыццём года, калі археолагі не знойдуць да канца 2022 года яшчэ што небудзь больш каштоўнае.