Навіны Клайпеды. Бясплатная электрычнасць для электрамабіляў працягнецца яшчэ на два гады

Самакіраванне Клайпеды сцвярджае, што магчымасці спаганяць плату за паслугі па зарадцы электрамабіляў у яго пакуль няма. Таму электраэнергія з прыналежных гораду зарадных станцый электрамабілям будзе падавацца бясплатна яшчэ два гады ў адпаведнасці з праектам рашэння Гарадской рады – паведамляе  аtviraklaipeda.lt.

Клайпедскі гарадскі савет у 2020 годзе ўстанавіў, што паслуга зарадкі электрамабіляў прадастаўляецца карыстальнікам бясплатна на працягу 3 гадоў – да 21 мая 2023 года.

Пішам пра жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

 У цяперашні час прыналежныя самакіраванню 21 зарадная станцыя электрамабіляў перададзены ЗАТ «Клайпедас аўтабусу паркас». За гэта і за спажытую электраэнергію самакіраванне плаціць яму па ўсталяванай у дамове стаўцы.

Сем з прыналежных самакіраванню зарадных станцый адносяцца да старога тыпу. Таму, каб спаганяць плату за паслугу зарадкі электрамабіляў, іх прыйшлося б замяніць на станцыі новага тыпу, каб можна было карыстацца мабільным дадаткам, які дазваляе аплачваць паслугі. Кошт такога абнаўлення склаў бы прыкладна 28 000 еўра.

Тры станцыі для хуткай зарадкі электрамабіляў абсталяваны ў горадзе пры падтрымцы Еўразвяза, па правілах якога гэтыя станцыі не могуць быць платнымі да 26 верасня 2024 года.

У 2023 годзе ў гарадскім бюджэце прадугледжана выдзеліць 363 300 еўра на мерапрыемства “Эксплуатацыя і тэхнічнае абслугоўванне зарадных станцый для электрамабіляў, якія належаць гораду Клайпеда”.

Камітэт па гарадской гаспадарцы і навакольным асяроддзі ў аўторак высунуў прапанову аб тым, каб цяперашні парадак працягнуўся толькі да канца гэтага года, каб за гэты час можна было пераабсталяваць зарадныя станцыі, устаноўленыя на нееўрапейскія сродкі, і за электраэнергію, якая імі пастаўляецца, можна было б пачаць спаганяць плату. Член гэтага камітэта В. Дамбраўскас падкрэсліў, што цяперашні парадак – не больш чым падтрымка для багатых, бо звычайны чалавек пакуль што не ў стане купіць электрамабіль. Апошняе слова павінна будзе сказаць Гарадская рада.

Даведка. Кошт паслуг па зарадцы электрамабільнага транспарту ў беларускай сетцы электрычных заправачных станцый такі: паслуга зарадкі пераменным токам – 0,40 руб./кВт гадзіну, пастаянным токам –  0,49 руб./кВт гадзіну – паведамляе malankabn.by.

Пры гэтым, кошт энергіі на розных зарадных станцыях адрозніваецца, у тым ліку ад часу выкарыстання электрычнасці ў разрэзе дзённага, тыднёвага і месячнага выкарыстання. 

Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

Фота аtviraklaipeda.lt.

Першы беларускі электрамабіль “Інэса” мог паявіцца ў Магілёве трыццаць год таму

Для пачатку серыйнай вытворчасці ў горад даставілі эксперыментальны італьянскі электракар.

Ідэяй запусціць на “Магілёўсельмашы” вытворчасць савецкіх электрамабіляў яшчэ ў канцы 1980-х загарэўся тагачасны першы сакратар Магілёўскага абкама КПБ Васіль Лявонаў – сцвярджае выданне “Віртуальны Брэст”. Але яго прапанова з адпаведнымі разлікамі, адпраўленая ў саюзнае Міністэрства аўтамабільнай прамысловасці, лягла пад сукно.

Затое ў пачатку 1990-х гадоў навацыйная ідэя па стварэнні кампактнага гарадскога электрамабіля з’явілася ў інжынераў Казіміраўскага доследна-эксперыментальнага завода. Існуе версія, што куратарам рэвалюцыйнай ініцыятывы выступаў першы дэмакратычна абраны мэр горада Сяргей Габрусеў.

Італьянскія запчасткі, беларускі канвеер

У 1992 годзе на Казіміраўскі завод быў дастаўлены эксперыментальны электракар вытворчасці адной італьянскай фірмы. Што за фірма паставіла гэты аўтамабіль магілёўцам, як і арыгінальная назва вопытнага ўзору – застаецца загадкай. Ужо няма на свеце тых, хто памятае дэталі гэтай ініцыятывы. Але на фотаздымках з беларускай прэсы 1990-х гадоў на капоце электракара можна пабачыць назву “Vector 90”. У Магілёве аўтамабілю, аднак, прысвоілі новую назву.

Фота: Нататка ў газеце ”Вечерний Минск”

“Вопытна экзэмпляр двухмеснага аўтамабіля “Інэса” прыбыў на Казіміраўскі доследна-эксперыментальны завод у Магілёве. – пісаў ”Вечерний Минск” у 1992 годзе – Дасягнутая дамоўленасць пра тое, што адна з італьянскіх фірм будзе пастаўляць прадпрыемству камплектуючыя дэталі, а збіраць электрамабіль будуць на беларускім канвееры. Частка машын паступіць на рынак рэспублікі.”

У сваім каментарыі аднаму беларускаму выданню галоўны інжынер Казіміраўскага завода Ігар Хадорчанка паведаміў, што, сапраўды, у 1992 годзе на завод прыехаў электрамабіль ад італьянцаў. Але нават да дробнасерыйнай зборкі справа не дайшла. Магілёўцы так і не сабралі ніводнага экзэмпляра. Па словах галоўнага інжынера, “профіль завода памяняўся некалькі разоў”, і дакументацыю на электрамабіль згубіліі.

А вось сам эксперыментальны экзэмпляр так і застаўся на заводзе. У 2003 годзе карэспандэнт газеты “Советская Белоруссия” знайшоў гэты аўтамабіль, зрабіў яго каляровы фотаздымак і даў падрабязнае апісанне машыны.

Фота: Павел Мінчанка, “СБ”

Лёгкім рухам рукі хэтчбэк можна было ператварыць у кабрыялет

“Такога тэхнічнага ўнікума, як Inessa (менавіта так завецца электрамабіль), я, аўтааматар са стажам, яшчэ не бачыў. – піша аўўтар нататкі 2003 года, Павел Мінчанка – Па-першае, маленечкія памеры, нешта накшталт абрэзанай напалову “Акі”. У кабіну з маім ростам забрацца аказалася дастаткова праблематычна. Але ў выніку атрымалася-такі ўладкавацца за абаранкам, прычым досыць камфортна. 

Калі б аўтамабільчык гэты быў на хаду, то ў дарогу я мог бы ўзяць толькі аднаго спадарожніка – відавочна не сямейны варыянт. За сядзеннямі знайшоў дастаткова вялікую прастору. Падумаў, што гэта багажнік, дзе можна размясціць пару-тройку валізак, але памыліўся. Тут, аказваецца, месца для акумулятарнай батарэі. Увогуле, атрымліваецца, што сяджу за рулём тыповага гарадскога аўтамабільчыка, якім уяўлялі яго фантасты і канструктары-футурысты ў 1960-70-я гады.

Хоць спідометр разлічаны на 160 кіламетраў у гадзіну, тактыка-тэхнічныя характарыстыкі электрамабіля значна сціплейшыя – максімальная хуткасць 50 км/г, аднаго зарада батарэі хапае на 100 кіламетраў прабегу. Да гэтага дадайце яшчэ здымны пластыкавы кузаў, і лёгкім рухам рукі хэтчбэк можна ператварыць у кабрыялет ці пляжны аўтамабільчык.”

Эксперыментальны экзэмпляр у 2003 годзе ўяўляў сабой толькі кузаў з хадавой часткай – ні рухавіка, ні акумулятарнай батарэі ў ім ці то ўжо не было, ці то яшчэ не было. Праўда, адзін раз аўтамабілю прыйшлося прыняць удзел у здымках рэкламнага кліпа для Італіі. Тады насустрач машыне пусцілі КамАЗ, які нясецца на вялікай хуткасці. У гледача ж складалася ўражанне, быццам гэта грузавік стаіць на месцы, а імчыцца электрамабіль.