Кнігі бабруйскага гісторыка Ігара Мельнікава прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”

Сам аўтар ужо шэсць месяцаў сядзіць у СІЗА. У час затрымання ён працаваў над кнігай пра міліцыянераў і чэкістаў.

Гісторык з Бабруйска Ігар Мельнікаў быў затрыманы ў студзені 2024 года. Доўгі час прычына яго затрымання не была вядомая, а нядаўна з’явілася інфармацыя, што 10 верасня яго пачнуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе па ч. 1 арт. 361-4 КК – “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”.

23 жніўня суд Цэнтральнага раёна горада Мінска прыняў рашэнне аб уключэнні некалькіх кніг гісторыка ў спіс “экстрэмісцкіх” – піша Reform.news. Гэта наступныя выданні:

  • Нічыпарук П.К., Мельнікаў I. B. Адысея палешука / Павел Нічыпарук, Ігар Мельнікаў. — Мінск: «Альфа-кніга», 2017. — 328 с.;
  • Мельнікаў, I. B. Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гадах / Ігар Мельнікаў — Мінск: «Альфа-кніга», 2018. — 224 с.;
  • Мельнiкаў, I.B. На «мяжы цывілізацый». Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі / Ігар Мельнiкаў. — Мінск: «Альфа-кніга», 2020. — 352 с.

Ігар Мельнікаў займаецца вывучэннем гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў міжваенны час, а таксама ваеннай гісторыяй. У той час, калі адбылося яго затрыманне, ён працаваў над кнігай «Прыступіць да ліквідацыі». 

Па словах гісторыка, яна мусіла распавядаць пра «гісторыю барацьбы савецкіх міліцыянераў і чэкістаў супраць былых нацысцкіх памагатых і калабарацыяністаў… [і ўтрымліваць] унікальныя факты пра здраднікаў з батальёна «Дальвіц», паліцыяў і іншых памагатых нацыстаў, якія не давалі вярнуць мірнае жыццё ў БССР».

Фота з сацыяльных сетак Ігара Мельнікава.

Вершы Дуніна-Марцінкевіча і іншых беларускіх класікаў прызнаныя экстрэмісцкімі

Пракуратура Мінска прызнала “экстрэмісцкімі” два вершы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, класіка беларускай літаратуры, паэта, драматурга, тэатральнага крытыка, заснавальніка беларускай драматургіі і нацыянальнага тэатра – піша “Настоящее время Беларусь”.

Таксама ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі кнігі Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Лідзіі Арабей і Уладзіміра Някляева з серыі “Беларускі кнігазбор”.

Паводле заявы пракуратуры Мінска, 17 жніўня “экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнаны “вершы “Плывуць вятры” (“Плывуць ветру”) і “Гутарка старога дзеда” (“Размова старога дзеда”), якія крытыкі прыпісваюць Дуніну-Марцінкевічу, а таксама прадмова Язэпа Янушкевіча да кнігі “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы” (Выбраныя творы).

В. Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў Бабруйску ў 1808 годзе.

На фота: помнік яму ў родным горадзе.

Магілёўскую кнігарню аштрафавалі за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У кніжнай краме «Асвета» пракуратура выявіла два экзэмпляры кнігі «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета» аўтара Віктара Ляхора. Быў складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.

Твор Ляхора ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў згодна з рашэннем Ленінскага суду Гродна ад 18 красавіка 2022 году.

5 ліпеня Ленінскі суд Магілёва аштрафаваў кнігарню, як юрыдычную асобу, на 4800 рулёў (1850 долараў ЗША) за «распаўсюджванне» экстрэмісцкіх матэрыялаў. Справу разглядала суддзя Аксана Ратнікава.

Пра прысуд стала вядома праваабаронцам. Паводле іх дырэктарка крамы ў судзе даводзіла, што «на пасаду прызначаная толькі 24 мая і ёй не было вядома аб наяўнасці забароненых кніг ва ўстанове, якой кіруе».

Па яе словах, выдавецтва «Харвест», якое выпусціла кнігу Ляхора, таксама не папярэдзіла, што яе варта прыбраць з продажу. Згодна з дамоваю, казала ў судзе кіраўніца крамы, творы Ляхора ўласнасць выдавецтва. Яна адзначала, што Міністэрства інфармацыі не паведаміла ёй аб продажы забароненай літаратуры.

Віктар Ляхор – вядомы ў Беларусі мастак-геральдыст. Ён стварыў сімволіку ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартаменту аховы, а таксама МЗС. Па яго словах ён цалкам спыніў супрацу з беларускімі сілавымі структурамі пасля пратэстаў 2020 года.

Віктар Ляхор – адзін з аўтараў сімволікі беларускіх гарадоў. Уваходзіў у Геральдычную раду пры найвышэйшым органе выканаўчай улады.