Супраць Анатоля Ісачанкі могуць узбудзіць справу ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе

Як нядаўна стала вядома, Савет Еўропы запусціў працэс стварэння спецтрыбунала па Украіне. Пра прыцягненне ў рамках гэтай справы да Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе беларускіх топ-чыноўнікаў, замяшаных у агрэсіі Расіі супраць Украіны і генацыдзе ўкраінскіх дзяцей, у сваім інтэрв’ю “Еўрарадыё” расказаў кіраўнік НАУ Павел Латушка. 

Паводле палітыка, намаганні каманды юрыстаў-міжнароднікаў, што працуюць у Народным антыкрызісным упраўленні, накіраваныя на тое, каб далучыць беларускіх чыноўнікаў да спецрасследавання, якое праводзіцца ў сувязі са злачынствамі супраць чалавечнасці падчас расійска-украінскай вайны Гаагскім трыбуналам. Пад разгляд суда трапляе не толькі сама ваенная агрэсія, саўдзел Беларусі ў якой заключаўся ў прадстаўленні сваёй тэрытоыі. 

Гаворка вядзецца таксама пра генацыд украінскіх дзяцей, якіх паміма іх волі вывозілі з радзімы, мэтанакіравана мянялі ім ментальнасць. Частка гэтых злачынстваў называецца “выкараненне ідэнтычнасці”, і некаторыя з іх праходзілі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. 

Нагадаем, што ў спіс беларускіх арганізацый, звязаных з уздзеяннем на псіхіку ўкраінскіх дзяцей, уваходзяць дзве ўстановы з Магілёўскай вобласці. Гэта дзіцячы лагер “Дубравенка”, які ўваходзіць у структуру Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі, і лагер “Зара”, падпарадкаваны булачна-кандытарскай кампаніі “Дамачай” – пісалі mogilev.media.

Акрамя ўласна Аляксандра Лукашэнкі, пад юрысдыкцыю спецтрыбунала ў Гаазе могуць патрапіць – Беларускі міністр абароны Віктар Хрэнін, кіраўнік Памежных войскаў у 2022 годзе, выхадзец з Бялыніччыны Анатоль Лапо, кіраўнікі Гомельскага і Магілёўскага аблвыканкамаў і іншыя беларускія чыноўнікі. 

Фота: udf.name

Старшыня аблвыканкаму ў “дажынкаўскім” Слаўгарадзе з інспекцыяй – крытыкуе і патрабуе

Слаўгарад рыхтуюць да абласных «Дажынак». Дата іх правядзення застаецца невядомай.

Кіраўнік абласной уладнай вертыкалі выправіўся ў райцэнтр аглядаць зробленае да іх. Гатоўнасцю гораду да фестываля працаўнікоў сяла Анатоль Ісачанка не задаволіўся.

Па словах жыхароў Слаўгарада, горад цяпер суцэльная будоўля. Будынкі сацыяльнай інфраструктуры перарабляюць. Будаўнікі стараюцца працы найхутчэй скончыць, кажуць гараджане.

slavgorod.by

Анатоль Ісачанка ж пабываў на рэканструкцыі паліклінікі раённай больніцы, якую рамантуюць ужо год, а таксама раённага Цэнтру культуры і народнай творчасці.

Мясцовая раёнка «Прысожскі край» называе візіт чыноўніка інспекцыяй. Паводле выдання Ісачанка скрытыкаваў «невыкананне тэрмінаў здачы аб’ектаў, у той час як фінансаванне работ было забяспечана» ды «адзначыў нізкую якасць будаўнічых работ ва ўстановах аховы здароўя, што хвалюе насельніцтва рэгіёну».

Кіраўнікам будаўнічых арганізацыяў, членам арганізацыйнага камітэту Магілёўскага аблвыканкаму, Слаўгарадскага раённага штабу па каардынацыі работ па правядзенні «Дажынак» Ісачанка загадаў у найкарацейшыя тэрміны выправіць хібы падрыхтоўкі гораду да «Дажынак».

slavgorod.by

Дата правядзення фестывалю не называецца. Не агучваецца і бюджэт, закладзены на падрыхтоўку гораду да «Дажынак». У публікацыях праўладных мэдыяў згадваюцца толькі сумы некаторых з аб’ектаў.

Адзначаецца, што ў працы ўцягнутыя ўсе арганізацыі райцэнтру, а таксама ёсць адкамандзіраваныя з вобласці. Мясцовае насельніцтва чакае завяршэння будаўнічых прац і самаго фэсту, бо маштабныя святы ў Слаўгарадзе ладзяцца зрэдку.