У Чавускім раёне, на затоне ракі Проня Мціслаўскай міжраённай інспекцыяй затрыманы грамадзянін Н., які лавіў рыбу забароненым спосабам. Ён незаконна здабыў тры плоткі і аднаго галаўля, агульнай вагой 0,3 кілаграма з дапамогай 9 экран-тэлевізараў, якія ўсталёўваў пад лёд – паведамляе газета “Іскра”.
Грамадзянін таксама меў пры сабе забароненую прыладу рыбалоўства: стаўную лескавую сетку даўжынёй 15 метраў, але выкарыстаць яе не паспеў.
У выніку незаконнай здабычы рыбы навакольнаму асяроддзю была нанесена шкода ў памеры 12 базавых велічынь, што складае 444 рублі. Кошт незаконна здабытай рыбы склаў 9,25 рублёў.
Супрацоўнікі міжраённай інспекцыі правялі таксама агляд дома затрыманага грамадзяніна. Знойдзены забароненыя прылады рыбалоўства: тры стаўныя лескавыя сеткі, агульнай даўжынёй 54,8 метра. Складзены два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконны лоў і за валоданне і захоўванне забароненых прылад.