Суд у Бабруйску прызнаў “экстрэмісцкай” кнігу «Iдыёт, самы настаяшчы»

У Беларусі прызналі “экстрэмісцкай” кнігу, якая названая цытатай Аляксандра Лукашэнкі «Ідыёт, самы настаяшчы».

Рашэнне аб прызнанні кнігі “эстрэмісцкай” было прынята судом Бабруйска і Бабруйскага раёну 29 траўня 2025 года, але вядома аб гэтым стала толькі цяпер.

Як адзначаецца ў так званым “Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”, такім цяпер ёсць “печатное издание “Iдыёт, самы настаяшчы”, опубликованное в 2001 году издательством “KONTRA-PRESS Менск-Варшава-Масква”, на 192 страницах”. Рашэнне бабруйскага суда “подлежит немедленному исполнению в соответствии с 314 статьей Гражданского процессуального кодекса”.

Як аказалася, нават надрукаваная амаль чвэрць стагоддзя таму кніга, з’яўляецца дагэтуль актуальнай, хоць рэаліі ў Беларусі з тых часоў значна змяніліся. Гэта значыць, што «Ідыёт, самы настаяшчы» варта пачытаць у бяспечных для сябе ўмовах.

“Славяне з Польшчы, Расеі і, вядома, Беларусі аб’ядналіся, каб захаваць для нашчадкаў гэты помнік эпохі – вобраз Першага Прэзыдэнта РБ – так, як убачыў яго народ беларускі. Тэксты, што трапілі ў кніжку, вельмі розныя – і па жанры, і па мастацкім узроўні. Некаторыя напісаныя цьвёрлай рукою майстра, іншыя – тыповыя прыклады гарадзкога фальклёру, часам хутчэй для плоту, чым для паперы. Аб’ядноўвае іх адзін цэнтральны пэрсанаж, пазнавальны, нават калі й не названы” – гаворыцца ў анатацыі да кнігі, размешчанай на старонцы інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”.

Фотаздымак: Камунікат