Дзень у гісторыі. 23 верасня. Дзень раўнадзенства. Хрушчоў пагражае Захаду чаравіком. Дзень нараджэння паэта Юльяна Сергіевіча, пісьменнікаў Аркадзя Маўзона і Артура Вольскага, дзяржаўнага дзеяча Сямёна Шарэцкагa

Дзень раўнадзенства. Часта гэта адбываецца 22 верасня, але роскід складае тры дні. У 2022 годзе гэта здарыцца 23 верасня ў 01:03 (па Грынвічу). Сонца знаходзіцца на экватары, дзень і ноч доўжацца па 12 гадзін. Пасля гэтага сонца будзе рухацца ў бок Паўднёвага Тропіка. У Паўночным паўшар’і пачынаецца астранамічная восень, у паўднёвым – вясна. Паўночны полюс хаваецца ў цень, а Паўднёвы, наадварот, “пераходзіць на светлы бок”.

Светлавы дзень пачне паступова скарачацца, пакуль не дасягне свайго мінімуму 22 снежня. І пачнецца зваротны працэс – сонца стане свяціць усё даўжэй, і 21 сакавіка 2023 года ўсё зноў ураўнуецца – на гэты раз ужо ў Дзень вясновага раўнадзенства.

У Паўночным паўшар’і астранамічны асенне-зімовы сезон (179 дзён) роўна на тыдзень карацейшы, чым у паўднёвым.

1848 год. Дзень нараджэння жавальнай гумкі. 

Амерыканец Джон Куртыс вырабіў першую жавальную гумку. 

Першая савецкая жавальная гумка выраблялася ў 1970-я гады ў Ерэване, потым – у Растове-на-Доне. На Талінскай фабрыцы “Калеў” у 1977 годзе была адчынена першая лінія па вытворчасці жавальнай гумкі.

У сакавіку 1975 года адбылася трагічная падзея на маскоўскім стадыёне ў Сакольніках: падчас юніёрскага матча Канада-ЦСКА каля 20 чалавек загінулі ў цісканіне, калі канадцы пачалі раздаваць балельшчыкам жавальную гумку.

1939 год. У Нью-Ёрку, пад час Сусветнага кірмашу, закладзена адна з самых вядомых “капсул часу”. 

У посуд з вогнетрывалага шкла даўжынёй 228 см уклалі шырокую калекцыю прадметаў: розныя кнігі, дакументальны фільм, энцыклапедыю на мікрафільмах, 75 узораў тэкстылю і іншых найноўшых матэрыялаў, а таксама 35 дробязяў паўсядзённага карыстання (жаночы капялюшык, курыльную трубку).

З нагоды правядзення новага Сусветнага кірмашу (Нью-Ёрк, 1964), побач з першай капсулай была закладзена і другая. 

Яе “сувенірамі” сталі: дадзеныя аб ядзернай зброі, крэдытная картка, супрацьзачаткавыя таблеткі, штучны сардэчны клапан, пласцінка групы Бітлз, кавалак абліцоўвання касмічнага карабля. 

Адкрыць абедзве капсулы адпісана адначасова – у 6939 годзе.

1916 год. У Вільні скончыліся першыя беларускія настаўніцкія курсы. 

Яны дзейнічалі са снежня 1915 года. Былі створаны школьнай камісіяй Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны для падрыхтоўкі настаўнікаў для віленскіх беларускіх школ. 

На курсах выкладалі: А. Пашкевіч (Цётка), Б. Пачопка (загадчык курсаў), С. Іваноўская, В. Ластоўскі, У. Рымша і іншыя. 

ФОТА – А. Пашкевіч (Цётка)

1910 год. Нарадзіўся Юльян Сергіевіч

Беларускі паэт і настаўнік, самадзейны мастак.

Грамадскі дзеяч Заходняй Беларусі. Як польскі вайсковец у 1939 годзе трапіў у нямецкі лагер (разам з Я. Брылём).

Арыштаваны НКУС. Вязень лагераў Поўначы, Сібіры, Казахстана.

Аўтар сцэнарыяў для самадзейных калектываў. Асобныя яго творы ўключаны ў зборнік «Ростані волі» (1990).

Размалёўваў насценныя кілімы, пісаў тэматычныя карціны з жыцця вёскі.

Яго вобраз стаў прататыпам аднаго з герояў рамана Я. Брыля «Птушкі і гнёзды» і кнігі польскага празаіка З. Жакевіча «Воўчыя лугі».

1918 год. Нарадзіўся Аркадзь Маўзон (Арон Маўшэнзон). 

Беларускі драматург.

Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у Міністэрстве культуры.

Аўтар шэрагу п’ес, у тым ліку «Канстанцін Заслонаў» (1946), зборнікаў драматургічных твораў.

Па яго сцэнарыях пастаўлены некалькі кінафільмаў.

Выступаў у перыядычным друку з артыкуламі аб драматургіі і сучасным тэатры.

1924 год. Нарадзіўся Артур Вольскі (Зэйдэль-Вольскі). 

Беларускі пісьменнік. Сын пісьменніка Віталя Вольскага і бацька музыкі Лявона Вольскага.

Працаваў у розных газетах, часопісах, дырэктарам тэатра юнага гледача, Дома літаратара, у  выдавецтве «Юнацтва».

Аўтар аповесцей, выдаў больш за 20 зборнікаў – кнігі паэзіі, прозы, казкі для дзяцей, апавяданні-эсэ. Кнігі Выбраных твораў выходзілі ў 1971, 1974.

Перакладаў з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай і іўрыта.

1935 год. Памёр у турме НКУС Лявон (Леанард) Заяц

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, дыпламат, публіцыст, мемуарыст. 

Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі.

Аўтар публіцыстычных артыкулаў і ўспамінаў пра дзеячоў беларускай культуры.

1936 год. Нарадзіўся Сямён Шарэцкі

Беларускі дзяржаўны дзеяч.

Доктар эканамічных навук, прафесар, акадэмік.

Стваральнік і старшыня Аграрнай партыі Беларусі. 

Старшыня Вярхоўнага Савета. 21 ліпеня 1999 года дэпутаты-прыхільнікі Канстытуцыі 1994 года прызначылі яго в.а. прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

З канца ліпеня 1999 года  жыў у Вільнюсе, прызнаны легітымным кіраўніком Беларусі.

Эміграваў у 2001 годзе ў ЗША.

1939 год. Нарадзіўся Януш Гаёс. 

Польскі акцёр. 

Папулярны ў СССР пасля ролі Янэка ў першым тэлесерыяле ў сацыялістычных краінах  “Чатыры танкісты і сабака». 

Выкладчык лодзінскай Вышэйшай школы кінематографа, тэлебачання і тэатра. 

1960 год. Савецкі кіраўнік М. Хрушчоў пагражае заходнім краінам сваім чаравіком на трыбуне ААН. 

Выступаючы з трыбуны Генеральнай Асамблеі ААН па пытаннях аб каланіяльных народах і раззбраенні, моцна крытыкаваў палітыку заходніх краін і асабліва ЗША. У запале абвінавачання імперыялізму скінуў чаравік і пачаў стукаць ім з усіх сіл… 

Чаравік вытрымлівае, ААН – таксама.

2019 год. Памёр ураджэнец в. Ходарава Слаўгарадскага раёна Алесь Масарэнка.

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Працаваў на Беларускім радыё, у шэрагу газет, часопісаў, выдавецтве «Беларусь», на кінастудыі «Беларусьфільм».

Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Журавіны пад снегам» (1976), «Сонца майго дня» (1988), рамана «Баргузінскае лета» (1982).


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў