На Магілёўшчыне Блакітную крыніцу апанавалі сучасныя пілігрымы, якія спадзяюцца ўратавацца ад немачы. Фотарэпартаж

Лічыцца, што чалавек, які тройчы перайшоў Блакітную крыніцу, надоўга засцеражэ сябе ад хворасці, а жыццё будзе доўгім і здаровым.

Штогод пад Слаўгарад на Мядовы спас крыніца, якую яшчэ называюць Сінім калодзежам, збірае немалую грамаду людзей. Да мясцовага прыроднага феномену прыязджаюць здалёк. Іхная мэта – прайсці праз крыніцу і запасціся вадою з яе. Лічыцца, што 14 жніўня яна мае асаблівую гаючую моц.

Раней з крыніцы неслі і гліну. Цяпер тое катэгарычна забаронена рабіць. Навукоўцы даказалі, што яна хвароб не лечыць.

Штогод ля крыніцы гандляры разгортваюць кірмаш, а праваслаўныя святары ладзяць набажэнствы. Сёлетні Мядовы спас не стаў выключэннем.

Блакітная крыніца для Ўсходне-Еўрапейскай раўніны – ўнікальная прыродная з’ява. Вада ў ёй блакітна-бірузовага колеру з высокім утрыманнем фтору і крэмнію, з 180,6 мг/л раствораных рэчываў.

Лічыцца, што гэта мясціна была сакральнай для радзімічаў – тут, нібыта, было іхнае капішча. Паводле легенды, у крынічнай вадзе ў 988 годзе прадстаўнікі гэтага племяннога аб’яднання прынялі хрышчэнне.

З прыходам хрысціянства крыніцу асвяцілі, а побач з ёю ўзвялі царкву. 14 жніўня, на праваслаўны Макавей, тут ладзяцца малебны. На свята збіраюцца тысячы паломнікаў.

Больш пра Блакітную крыніцу чытайце ў матэрыяле Магілёў.media, клікнуўшы па спасылцы.

Дзень у гісторыі: 14 жніўня. Прэм’ера фільму «Кастусь Каліноўскі». Падпісаная Крэўская Унія. Памёрлі рупліўцы беларушчыны Эдуард Будзька і Канстанцін Юхневіч. Першы (Мядовы) Спас, па ім сканчаецца лета

Першы (Мядовы) Спас.

Свята маку і мёду. Традыцыйна ў гэты дзень праводзілі абрады з макам. Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнікі. Елі пірагі з макам і моркваю, рабілі варэнікі з мёдам, а таксама елі тое, у што можна было макаць.

Пачатак Успенскага паста і канец лета.

 988 года. Меркаванні хрышчэнне радзімічаў у Блакітнай крыніцы.

Радзімічы – старажытнабеларускае этнапалітычнае аб’яднанне. Насялялі абшар басейну ракі Сож: усходняя частка Гомельскай, захад Бранскай і прылеглыя раёны Магілёўскай абласцей. Радзімы разам з крывічамі і дрыгавічамі сталі асноваю для фармаваньня беларускага этнасу.

Блакітная крыніца – гідралагічны помнік рэспубліканскага значэння. Месціцца пад Слаўгарадам (да 1945 – Прапойск). Вада ў крыніцы лічыцца гаючай, багатай на мікраэлементы. У народзе шмат гавораць пра выпадкі цудоўнага ацалення дзякуючы ёй. Штогод у гэты дзень адбываецца набажэнства і хрышчэнне ўсіх ахвотных.

1385 год. Падпісаная Крэўская Унія.

Дынастычны саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай, згодна з якім вялікі князь ВКЛ Ягайла ажаніўся з польскай каралевай Ядзвігай і стаў польскім каралём.

Падзея адбывалася ў мястэчку Крэва.

Унія ўзмацніла Вялікае Княства Літоўскае ў барацьбе з Тэўтонскім Ордэнам на захадзе, з крымскімі татарамі на поўдні, Масковіяй на ўсходзе.

1928 год. Прэм’ера фільму «Кастусь Каліноўскі».

Падзея адбылася ў Мінску.

Стужка знятая рэжысёрам Уладзімір Гардзіным на «Белдзяржкіно».

У апошняй сцэне, перад смерцю на эшафоце Кастусь Каліноўскі звяртаецца да беларусаў: «Чуеш, Беларусь! Веру – будзе вольная Беларусь працоўных, рабочых і сялян!» «Чуем!» – гучыць у адказ.

Фільм паказалі незадоўга да масавых рэпрэсіяў і згортвання савецкай беларусізацыі.

1959 год. Памёр Эдуард Будзька.

Грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст, настаўнік.

Аўтар і папулярызатар «Нашай нівы». Удзельнічаў у стварэнні беларускіх школ, Будслаўскай беларускай гімназіі. Удзельнік беларускага нацыянальнага руху ў Літве, Латвіі, ЗША.

1971 год. Загінуў у аўтакатастрофе Канстанцін Юхневіч.

Грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст.

Руплівец беларушчыны ў Заходняй Беларусі, адзін з кіраўнікоў Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. Рэпрэсаваны польскімі і савецкімі ўладамі. Два месяцы правёў у Лукішскай турме ў Вільні.

2015 год. Памёр Сяргей Журавель.

Актор тэатру і кіно.

Працаваў у тэатрах юнага гледача, моладзевым, Купалаўскім, мастацкім кіраўніком «Нікаля-тэатр», «Альфа радыё», вядоўцам дакументальнага серыялу «Лёс чалавека» на тэлеканале «Лад».

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў