Праблемны гадзіннік на Тэатральнай плошчы ў Магілёве зноў рамантуюць

Новы гадзіннікавы механізм паставілі на будынку каля магілёўскага драмтэатра ўсяго два гады таму, але ён пастаянна ламаецца.

“З магілёўскага Біг-Бена знялі стрэлкі. Праўда, ненадоўга” – паведамляе тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад!”, які фінансуецца за кошт гарадскога бюджэта. У кароткім інфармацыйным роліку інжынер камунальнага прадпрыемства “Горсвятло” Алег Марчанка прызнае, што жыхары Магілёва скардзяцца на тое, што гадзіннік на Тэатральнай плошчы не працуе. Каб супакоіць грамадзян, ён заяўляе, што спецыялісты яго арганізацыі праводзяць на гадзінніку планавы рамонт і да 9 мая зноў запусцяць механізм.

Тэатральная плошча

З выказвання Алега Марчанкі вынікае, што спыненне гадзінніка звязана з рамонтам. Гэта выглядае на хітрыкі, бо як вядома па шматлікіх сведчаннях гараджан і назіранням карэспандэнтаў mogilev.media, гадзіннік на Тэатральнай плошчы перыядычна ламаецца і можа не працаваць тыднямі, калі не месяцамі.

Пры гэтым механізм гадзінніка цалкам новы. У студзені 2023 года яго на працягу трох тыдняў стварала брыгада з пятнаццаці чалавек – пісалі mogilev.media. У першыя ж дні працы гэты механізм пестаянна даваў збоі, то спазняўся, то на ім адключалася падсветка. Як можна пабачыць на роліку тэлеграм-канала “Магілёў – мой горад!”, не працуе падсветка і зараз.

Механізм гадзінніка на Тэатральнай плошчы ўжо перажываў у сваёй гісторыі перыяды пастаянных паломак. Так адбывалася да пачатку 1990-х гадоў, пакуль магілёўскі гадзіннікавы майстар Генадзь Галоўчык не зрабіў цалкам новы механізм, сабраўшы яго з металалому. Гэтую гісторыю ён расказвае, напрыклад, вось тут: 

За трыццаць гадоў працы гадзінніка гарадскому бюджэту яго абслугоўванне абыходзілася ў 50$ у месяц – менавіта столькі атрымліваў Галоўчык, пры тым, што гадзіннік ён цалкам абслугоўваў адзін. Пакуль не быў звольнены з пасады гарадскога гадзіннікавага майстра ў 2022 годзе.

Фота: “Магілёў – мой горад”

Мінус адзін механічны – гадзіннік на Тэатральнай плошчы замянілі на электронны і ён ужо дае збоі

Над механізмам працавалі паўтара дзясяткі чалавек, а папярэдні быў зроблены адным майстрам – з металалома. Яго абслугоўванне абыходзілася гораду ў 50$ у месяц.

Як паведамлялі mogilev.media гарадскія ўлады абвясцілі, што вежавы гадзіннік на Тэатральнай плошчы ў Магілёве рамантуецца. Хоць ён і не быў паламаны, а прастойваў з-за звальнення знакамітага гадзіннікавага майстра Генадзя Галоўчыка.

Пятнаццаць чалавек на адзін гадзіннік

Магілёўская рэдакцыя тэлеканала “Беларусь-4” распавяла, што над новым электронным механізмам гадзінніка тры тыдні працавалі 15 чалавек. У яго з’явіўся новы “галоўны гадзіннікавы майстар” – вынікае з паведамлення ў Тэлеграм-канале “Могилев – мой город”. Яго завуць Андрэй Дубровін.

Гэта адзначае, што механізм вежавага гадзінніка, які 30 гадоў таму быў зроблены майстар Генадзем Галоўчыкам быў дэмантаваны. 

Нагадаем, у 1992 годзе Галоўчык аднавіў гадзіннік на Тэатральнай плошчы пасля таго, як ён прастойваў дзясяткі гадоў – механізм проста разабралі дзеці на дэталі, бо ўваход у яго памяшканне быў вольны. Генадзь Галоўчык зрабіў цалкам новы механізм, выкарыстаўшы металалом з “Магілёўчормета”. 

Гэты гадзіннік без паломак адпрацаваў у горадзе да 2021 года. У апошнія гады працы яго абслугоўванне абыходзілася гарадскому бюджэту ў суму, эквівалентную 50$ – менавіта столькі атрамліваў Галоўчык, працуючы на палову стаўкі ў ЖЭУ і адказваючы за працу гадзінніка. Пасля звальнення майстра, спыніўся і механізм.

Новы механізм паламаўся ўжо назаўтра

У якую суму абыйшлося гарадскому бюджэту ўсталяванне цалкам новага механізма і колькі будзе каштаваць яго абслугоўванне надалей – не паведамляецца.

Варта адзначыць, што адразу пасля ўводу ў эксплуатацыю новы электронны механізм гадзінніка пачаў даваць збоі. 

Фота, зробленае чытачамі mogilev.media ў 21:15 14-га студзеня 2023 года

Так, гадзіннік быў афіцыйна запушчаны 13 студзеня на Стары Новы год, а ўжо вечарам 14-га не працаваў – паведамілі чытачы mogilev.media. Таксама перастала працаваць яго новая начная падсветка. На наступны дзень, 15 студзеня гадзіннік ужо ішоў правільна, аднак падсветку так і не адрамантавалі.

Фота: “Могилев – мой город”

Гадзіннік на тэатральнай плошчы ў Магілёве рамантуюць, але ён і не быў паламаны

Многія магілёўскія СМІ падзяліліся цудоўнай навіной, што вежавы гадзіннік на вуліцы Першамайскай у Магілёве, насупраць драмтэатра, нарэшце будзе адрамантаваны і хутка зноў пачне працаваць. 

Але, як вядома з інтэрв’ю былога магілёўскага гадзіннікавага майстра Генадзя Галоўчыка, пра якое пісалі mogilev.media, прычына, па якой гарадскі гадзіннік стаіць амаль два гады заключаецца не ў паломцы. Легендарны гадзіннікавы майстар, аўтар гадзінніка на магілёўскай Ратушы а таксама фігуры металічнага трубача Магіслава быў звольнены са сваёй пасады, паводле якой даглядаў за гадзіннікам на тэатральнай плошчы. Гэта адбылося ў сакавіку 2021 года пасля таго, як Галоўчык звольніўся з Ратушы ў знак пратэста.

Увесь гэты час гадзіннік не працаваў выключна з-за адсутнасці майстра, што даглядаў бы механізм. 

Фота з адкрытых крыніц.