Сатурн вярнуў сабе статус планеты з найвялікай колькасцю спадарожнікаў у Сонечнай сістэме. Адкрыццё 62 новых спадарожнікаў аднавіла лідэрства акружанай кольцамі планеты ўсяго праз 3 месяцы пасля таго, як яе ненадоўга абагнаў Юпітэр – піша брытанскае выданне The Guardian.
Рэкорд адноўлены пасля адкрыцця 62 новых спадарожнікаў Сатурна, у выніку чаго іх афіцыйная агульная колькасць дасягнула 145.
Юпітэр, 12 новых спадарожнікаў-месяцаў якога былі адкрыты ў лютым, мае 95 спадарожнікаў.
«Сатурн не проста амаль падвоіў колькасць спадарожнікаў. У яго зараз больш спадарожнікаў, чым ва ўсіх астатніх планет Сонечнай сістэмы разам узятых» – рэзюміраваў прафесар Брэт Гладман, астраном з Універсітэта Брытанскай Калумбіі, які ўдзельнічаў у назіраннях.
Новым спадарожнікам Сатурна ў будучыні будуць прысвоены, па традыцыі, імёны ў гонар гальскіх, скандынаўскіх і інуіцкіх багоў.
Што да паходжання гэтых шматлікіх аб’ектаў, то навукоўцы схіляюцца да таго, што большасць з іх, хутчэй за ўсё, з’явіліся ў выніку адносна нядаўняга сутыкнення двух досыць буйных спадарожнікаў.
У апошнія дзесяцігоддзі колькасць пацверджаных спадарожнікаў планет Сонечнай сістэмы няўхільна расла па меры павышэння адчувальнасці тэлескопаў і павышэння эфектыўнасці метадаў аналізу. У апошнім даследаванні выкарыстоўваліся дадзеныя, атрыманыя з дапамогай тэлескопа, размешчанага на гары Мауна-Кеа (Гаваі) і які дазваляе выяўляць і назіраць спадарожнікі дыяметрам да 2,5 км.
Акрамя таго, навукоўцы разлічваюць, што місія НАСА Dragonfly, якая павінна быць запушчана ў 2027 годзе, зможа правесці больш уважлівае даследаванне аднаго з невялікіх знешніх спадарожнікаў Сатурна.
Фота з адкрытых крыніц