Што зараз з гаражным масівам каля магілёўскай абласной бальніцы – фота, відэа

Гаражны кааператыў “Спадарожнік-2008” калісьці быў самым буйным магілёўскім гаражным масівам. Пабудаваны яшчэ ў канцы 1970-х гадоў на самым ускрайку абласнога цэнтра, ён спачатку забяспечыў надзённыя патрэбы тысяч аўтаўладальнікаў, а потым ператварыўся ў галаўны боль.

Нягледзячы на рост колькасці аўтамабіляў у магілёўцаў у 1990-х і 2000-х гадах, гэты гаражны масіў аказаўся амаль нікому не патрэбны. Ён быў тады размешчаны далёка ад спальных раёнаў, таму жыхары больш схіляліся пакідаць аўто каля свайго дома, чым ставіць яго на ноч у гараж на іншым канцы горада.  

Сваю ролю адыграла і велічыня гаражнага масіва. Яго аказалася немагчыма ахоўваць, таму “гаражы на абласной” неўзабаве ператварыліся ў раён промыслу для людзей з невысокімі сацыяльнымі патрэбамі. Праломы ў сценах, надпісы “гараж пустой” тут сустракаюцца на кожным кроку.

Лёс гаражнага масіва істотна змяніўся з будаўніцтвам побач новых мікрараёнаў, але больш за ўсё – з пабудовай аб’язной дарогі-дублёра, якая злучыла раён абласной бальніцы з плошчай Касманаўтаў. Першая чарга трасы адрэзала ад масіва невялікую частку гаражоў, затое другая чарга – якая пакуль нікуды асабліва і не вядзе – разрэзала кааператыў на дзве часткі.

Першая частка, якая засталася каля абласной бальніцы, аказалася ў больш-манш выгадным становішчы. Сюды зручна дабрацца што на машыне, што пешкі з суседніх дамоў. Наяўнасць побач новых мікрараёнаў “Спадарожнік-1” і “Спадарожнік-2” ў далейшым павінна прывесці да росту попыту на гэтыя гаражы, а потым і да лепшай уладкаванасці тэрыторыі.

Другая ж частка апынулася практычна па-за дасягальнасцю для камфортнай эксплуатацыі. Каб дабрацца сюды, трэба знайсці грунтовую дарогу праз могілкі, збоч новага кальца дарогі-дублёра.

Альбо можна скарыстаацца з’ездам з дарогі-дублёра. Але пешкі дабрацца сюды ўжо даволі доўгая дарога, так што гэтая другая частка кааператыва, як выглядае, асуджаная на далейшае дэпрэсіўнае існаванне. Абваленыя дахі і разламаныя сцены, безгаспадарлівасць на кожным кроку, і выглядае, што на гэтым тут час так і спыніцца.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Навіны Магілёўскага рэгіёну (@mogilev.media)

Фота, відэа: mogilev.media

Ліквідаваны адзін з самых старых гаражных масіваў Магілёва

Любімае месца адпачынку мужчын з мікрараёна “30 гадоў Перамогі” перастала існаваць. Пляцоўку амаль ачысцілі ад гаражоў для будаўніцтва шматпавярховак. 

У 1970-я гады да трыццацігоддзя Перамогі СССР у Вялікай Айчыннай вайне ў Магілёве новай вуліцы і мікрараёну вакол яе далі назву “30 гадоў Перамогі”. Альбо, па-народнаму, “Трыццатнік”. 

Разам з будаўніцтвам мікрараёна на яго ўскрайку спачатку стыхійна, а потым больш упарадкавана  ўзнік гаражны масіў. Права мець каля пад’езду гараж мелі найперш інваліды. Гаражы вочы не мазолілі, лічыліся часовымі збудаваннямі. У іх мужчыны займаліся  сваімі мужчынскімі справамі, і на гаражы асаблівай увагі ўлады не звярталі. 

Праз дзесяцігоддзе непадалёк праз лагчыну, якую называлі “даліна кахання” узнік мікрараён “Саломенка”. Так гаражы апынуліся не за горадам, а ўжо ўнутры яго. 

І вось пяцідзесяцігадовая гісторыя гаражнага масіву падыходзіць да фінішу. Прынята рашэнне пабудаваць на іх месцы прыгожыя шматпавярхоўкі. Камунікацыі побач, а былой неабходнасці ў гаражах ужо няма. 

Апошнія 4 металічныя схованкі аўтамабіляў чакаюць сваёй ліквідацыі. Ды яшчэ дарожкі, якія цяпер нікуды не вядуць, сведчаць пра гісторыю гэтай пляцоўкі. 

У Магілёве зносяць гаражы – ва ўласнікаў ёсць 10 дзён, каб забраць з іх маёмасць

Гараджане абавязаныя вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Уладальнікі металічных гаражоў павінны прыбраць іх да 10 верасня. На іх месцы ўзвядуць шматпавярховікі.

Будаўніцтва трох дзесяціпавярховых дамоў на вуліцы 30 год Перамогі адгукнулася на лёсе невялікага гаражнага кааператыва. Гаражы, пабудаваныя ў пачатку 1990-х ідуць пад знос у сувязі з распачатым будаўніцтвам. Будаўнікі збіраюцца знішчыць больш за 200 металічных каробак – паведамляе тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў».

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Ленінскага раёну Аляксей Шарай даводзіць: яшчэ падчас будаўніцтва гаражоў у Дамову быў уключаны адмысловы пункт. Гараджане абавязаліся вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Цяпер такое патрабаванне агучанае – на месцы кааператыва запланавана шматкватэрнае будаўніцтва з добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Уласнікі металічных гаражоў павінны самастойна забраць з іх каштоўную маёмасць і паклапаціцца пра новае месца размяшчэння да 10 верасня. Пакінуць гараж на прыдамавой тэрыторыі змогуць толькі інвалідам ІІ групы па хваробе апорна-рухальнага апарату.

Гаражы, у якія не будзе забяспечаны доступ будаўнікам, будуць ускрытыя без прысутнасці ўладальнікаў, а самі металічныя каробкі адправяцца на адмысловы палігон, чакаць свайго далейшага лёсу.