10 чэрвеня ў гісторыі. Сусветны дзень мадэрну. Палон Усяслава. Трагедыя Лідзіцэ. Нарадзіўся бард В. Аўраменка.

Сусветны дзень мадэрну (World Art Nouveau Day, з 2013 года).

Устаноўлены для прапаганды мастацтва высокага стылю мадэрн ў архітэктуры, жывапісу, паэзіі, музыцы, а таксама захавання яго спадчыны. Дата прымеркавана да дня скону выдатных прадстаўнікоў мадэрну Антоніа Гаўдзі і Эдэна Лехнера.

У Магілёве стыль мадэрн прадстаўлены будынкам сялянскага зямельнага банка, у якім зараз месціцца мастацкі музей імя П. Масленікава.

Міжнародны дзень геральдыкі (International Day of Heraldry).

Геральдыка, гербазнаўства – спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне і фармаванне герба і інстытут яго карыстання. 

Інтэнсіўнае развіццё геральдыкі ў ВКЛ пачалося пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 года, калі 47 найбольш знатных родаў Княства атрымалі гербы.

У ХVІІ стагоддзі распаўсюдзілася гарадская геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў.

1067 год. Кіеўскія Яраславічы захапілі ў палон полацкага князя Усяслава Брачыславіча (1029-1101) і двух яго сыноў.

Гэта адбылося падчас сустрэчы “на Ршы”. Першая пісьмовая згадка пра Оршу. 

Пры Ўсяславе Чарадзеі Полацкае княства дасягнула сваёй магутнасці, быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. 

Праз 4 месяцы пасля бітвы на Нямізе (1067), Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, цалавалі крыж, што не зробяць благога. Але, як толькі Усяслаў пераплыў у чоўне Дняпро для перамоваў, Яраславічы парушылі цалаванне крыжа і схапілі князя з сынамі, адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму. Праз 14 месяцаў, падчас паўстання 1068 года, кіеўляне вызвалілі Усяслава з поруба і абвясцілі вялікім князем кіеўскім.

1633 год. У Магілёве на Троіцу на Дняпры патапілася шмат людзей.

Гэта адбылося падчас пераправы праз раку з Магілёва ў Лупалава. Затануў паром разам з шматлікімі гараджанамі, святарамі.

1794 год. У Гродне ўтворана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ.

Выканаўчы органа паўстання 1794 года.

Заклікі Т. Касцюшкі да простага народа змагацца за незалежнасць выклікалі недавер сялян і сабатаж памешчыкаў. У сялян на працягу стагоддзяў выхоўвалася рабская псіхалогія. Яны, пакорлівыя сваім панам, не былі гатовыя да актыўных дзеянняў у якасці свядомых барацьбітоў за свае правы, за сваю свабоду. Усё гэта ўлічваў Касцюшка і ў кожным звароце да народа стараўся абудзіць яго свядомую актыўнасць, умацаваць веру ў перамогу.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1883 год. Нарадзіўся Язэп Гапановіч (1883-1961).

Беларускі грамадскі дзеяч, прадпрымальнік

Быў членам Беларускага гуртка ў Варшаве. У пачатку 1920-х гадоў дзеяч беларускай кааперацыі на Віленшчыне, з ліпеня 1925 года стаў намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Варшаве.

Быў уласнікам цагельні. Заснавальнік і старшыня Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве (1937-1939), аплочваў памяшканне таварыства, дапамагаў незаможным беларускім студэнтам.

Выдаў зборнік вершаў С. Станкевіча «З майго ваконца» (1928). Дзеяч Беларускага камітэту ў Варшаве (1940-1944). Пасля 1956 года ўдзельнічаў у працы Варшаўскага аддзелу Беларускага грамадска-культурнага таварыства, спяваў у хоры таварыства.

Памёр 20 мая 1961 года.

1910 год. Памёр Мікалай Нікіфароўскі (1845-1910).

Беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, сябра геаграфічнага таварыства, таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце.

Рэдактар часопіса “Этнографическое обозрение”, паплечнік па даследаваннях магілёўца Паўла Шэйна (1826-1900).

Аўтар грунтоўных “Нарысаў Віцебскай Беларусі” (8 частак), “Нарысаў простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”, “Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны” (змяшчае 2307 народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў). 

1917 год. У Менску выйшаў першы нумар газеты «Вольная Беларусь».

Беларускамоўная грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка.

Выдавалася Беларускім нацыянальным камітэтам, потым Таварыствам беларускай культуры да лістапада 1918 года.

Газета закрылася па заняцці Менска бальшавікамі.

1919 год. У Вільні ўтворана Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Гэта адбылося падчас працы Беларускага  з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (9-10 чэрвеня). 

Рада – орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху Заходняй Беларусі на чале К. Дуж-Душэўскім і М. Кахановічам. Рада выступала ў абарону правоў беларусаў, спрыяла развіццю беларускай культуры, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. У палітычнай дзейнасці прытрымлівалася актаў БНР.

Удзельнікі з’езда. Пасярэдзіне стаіць К. Дуж-Душэўскі.

1923 год. Памёр Міхал Федароўскі (1853-1923)

Беларускі і польскі фалькларыст, этнограф, археолаг.

Сабраў каля 1 500 беларускіх песенных і танцавальных мелодый, 5 000 беларускіх народных песень, каля 10 000 прыказак, сотні казак, загадак, якія выдадзеныя у 8-томнай працы “Люд беларускі”. Аўтар этнаграфічнай працы “Пружана і яе ваколіцы”.

1942 год. Нямецкімі войскамі сцёртая з твару зямлі чэшская вёска Лідзіцэ.

Непасрэднай падставай для расправы стала забойства Рэйнхарда Гейдрыха, пратэктара Багеміі і Маравіі, учыненае 27 мая 1942 года ў Празе. Жыхары вёскі былі абвінавачаныя ва ўкрывальніцтве чэхаславацкіх патрыётаў, якія здзейснілі замах.

Усё мужчынскае насельніцтва старэйшае за 15 гадоў, а гэта 172 чалавекі, было расстраляна, 195 жанчын былі адпраўленыя ў канцэнтрацыйны лагер Равенсбрук. З 98 дзяцей было пакінута 13 дзяцей узростам да аднаго года і прыдатныя для анямечвання. Астатнія дзеці былі забітыя ў газавай камеры ў лагеры смерці каля Хелмна. Усе будынкі вёскі былі спаленыя.

Трагедыя Лідзіцэ.

1958 год. Нарадзіўся Васіль Аўраменка.

Магілёўскі паэт, бард, пісьменнік, урач-неўрапатолаг па прафесіі.

Сталы аўтар часопіса “ARCHE”, удзельнік праекту “Радыё Свабода” “Барды Свабоды”, бардаўскіх канцэртаў, сябра клубу аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, аўтар паэтычных зборнікаў, кнігі пра інтымнае жыццё, неафіцыйнага гімну Магілёва.

1972 год. Нарадзіўся Пітэр Серафіновіч.

Брытанскі акцёр беларускага паходжання.

Пачаў працу на радыё BBC Radio 1, прымаў удзел у розных шоў на радыё і тэлебачанні, у тэлесерыялах на брытанскім і амерыканскім тэлебачанні.

Вядомы і ў якасці акцёра агучання, працаваў у рэкламе, дубляжы.

Яго брат Джэймс Серафіновіч – сцэнарыст і рэжысёр, сястра Хелен – замужам за сцэнарыстам Грэгэмам Лінеганам.

2020 год. Памёр Валерый Гаркуноў (1947-2020).

Беларускі глебазнавец, краязнавец, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.

Член геаграфічнага таварыства і таварыства глебазнаўцаў, галоўны рэдактар часопіса “Магілёўскі мерыдыян”.

Даследчык глеб Магілёўскай вобласці, аўтар 50 прац па структуры глебавага покрыва вобласці і ўсходняй Беларусі.

Дзень у гісторыі: 1 верасня. Пачалася Другая сусветная вайна. Нарадзіліся: этнограф Міхал Федароўскі і празаік Масей Сяднёў. Прызналі ансамблем «Лявонаў», якія ўзгадавалі «Песняроў». Адкрылі помнік Усяславу Чарадзею

1939 год. Пачалася Другая сусветная вайна.

Гітлераўская Германія атакавала Польшчу. Тады саюзнікам Германіі быў Савецкі Саюз. Ён напаў на Польшчу з усходу. Між двума краінамі-агрэсарамі існавала дамоўленасць аб падзеле краін усходняй Еўропы. Гэты дакумент вядомы, як пакт Молатава-Рыбентропа.

Саюзніцкія абавязкі Сталін выконваў да 22 чэрвеня 1941 году, калі на СССР напала Германія.

У вайне ўдзельнічалі 62 дзяржавы з 74 з 80 % насельніцтва Зямлі, загінула больш за 70 мільёнаў чалавек.

На тэрыторыі Беларусі было забіта 2219 тысяч чалавек, ускосныя страты – да 3 мільёнаў – кожны трэці жыхар краіны і 4,3% усіх ахвяраў вайны ў свеце.

Вайна скончылася ў Еўропе 8 мая 1945 году. Афіцынай жа датай яе сканчэння лічыцца 2 верасня 1945 году, калі Японія падпісала акт аб капітуляцыі.

1 верасня адзначаецца Сусветны Дзень міру.

1841 год. Нарадзіўся Гіяцынт Альхімовіч.

Беларускі і французскі мастак.

Разам з братам Казімірам удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гадоў.

Эміграваў у Францыю, прафесар школы малявання, прафесійна-тэхнічнага вучылішча, вышэйшай жаночай школы ў Перпіньяне.

Удзельнік выстаў мастацкіх твораў. Узнагароджаны французскім ордэнам «Officier d’Académie».

1853 год. Нарадзіўся Міхал Федароўскі.

Фалькларыст, этнограф, археолаг.

Збіральнік кніг, твораў жывапісу і графікі, гістарычных, фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў.

Сабраў беларускія песенныя і танцавальныя мелодыі, народныя песні, прыказкі, сотні казак, загадак, якія выдадзеныя ў 8-томнай працы «Люд беларускі» (1887-1981).

Аўтар этнаграфічнага твору «Пружана і яе ваколіцы».

Вёў археалагічныя раскопкі ў Гродзенскай губерні.

1900 год. Нарадзіўся Сымон Баранавых.

Празаік, дзіцячы пісьменнік.

Член абʼяднання «Маладняк».

Аўтар апавяданняў, аповесцяў, раманаў. Па смерці выдадзены 6 кніг з яго твораў.

Арыштаваны савецкімі органамі ў 1936 годзе, асуджаны на 10 гадоў лагераў як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі і за антысавецкую дзейнасць». Загінуў на Калыме.

Рэабілітаваны прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29 снежня 1954 году.

1913 год. Нарадзіўся Масей Сяднёў.

Паэт, празаік, журналіст

Праз усю яго творчасць праходзіць адна нязменная тэма – Бацькаўшчына, маці, мова.

Аўтар зборніка вершаў «Ад сына твайго, Беларусь», кнігі «Ахвяры бальшавізму», шэрагу зборнікаў паэзіі, у тым ліку «Цень Янкі Купалы», раманаў, успамінаў.

На беларускую мову пераклаў санеты Мікеланджэла, некаторыя творы І. Гётэ, Г. Гейнэ, Р. Рыльке.

Арыштаваны савецкімі органамі ў 1936 годзе, абвінавачаны ў нацдэмаўшчыне і распаўсюдзе твораў Язэпа Пушчы і Алеся Гаруна.

З 1944 года – на эміграцыі.

З 1967 да 1983 году Майсей Сяднёў працаваў на Радыё Свабода, узначальваў беларускую рэдакцыю.

1942 год. Нарадзіўся Іван Басюк.

Гісторык.

Даследаваў пачатковы перыяд Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, гісторыю беларускай дзяржаўнасці, палітычнай і прававой думкі ў Беларусі.

Аўтар 100 навуковых прац. 

1956 год. Нарадзіўся Уладзімір Салодкі.

Спявак.

Выхаванец Магілёўскага культасветвучылішча.

Уладальнік голасу прыгожага тэмбру шырокага дыяпазону.

У рэпертуары беларускія, украінскія народныя, аўтарскія і іншыя песні, сярод якіх «У лузе каліна стаяла», «Кірыла Тураўскі» У. Будніка.

Працаваў у Дзяржаўным народным хоры Беларусі, ансамблі «Свята», Дзяржаўным ансамблі танца.

Сустваральнік ансамбля народнай песні «Вяселле».

1969 год. Калектыў “Лявоны” атрымаў статус вакальна-інструментальнага ансамбля.

У 1970 годзе «Лявоны» змянілі назву на «Песняры», якім наканавана было стаць брэндавым беларускім калектывам.

Аснову яго рэпертуару складалі апрацаваная беларускія народныя песні.

Мастацкім кіраўніком з моманту ўтварэння і да смерці ў 2003 годзе быў У. Мулявін, народны артыст Беларусі і СССР.

Самымі папулярнымі песнямі калектыву сталі «Касiў Ясь канюшыну», «Бывайце здаровы», «Белая Русь». У 1976 годзе падчас гастроляў у Амерыцы, канадцы знялі фільм пра «Песняроў», а кампанія «Columbia» выпусціла кружэлку з іх песнямі.

2007 год. Адкрыты помнік Усяславу Чарадзею.

Першы конны помнік у незалежнай Беларусі. Вышыня помніка з пастаментам складае 3,5 метраў. Скульптура важыць 4,5 тоны.

Пад уладай Усяслава з 1044 па 1101 гады Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці, пры ім зʼявіўся і першы мураваны будынак – Сафійскі сабор.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў