У 1708-1709 гадах на Еўропу абрынуліся рэкордныя за пяцьсот гадоў маразы. У Францыі, Вялікабрытаніі гэтую пару назвалі Вялікім Марозам, Вялікай Зімой
«Віцебская хроніка» згадвае, што 7 студзеня 1709 года «на захадзе былі бачныя тры сонцы», а 19 студзеня «на поўдні былі бачныя два слупы, а сонца было пасярэдзіне». Калі ўлічыць, што 6 студзеня 1709 года пачаліся вялікія халады па ўсёй Еўропе, то таямнічыя тры сонцы над Віцебскам, Полацкам, Оршай, Магілёвам 7 студзеня – прамое сведчанне нейкага прыроднага катаклізму.
Што гэта былі за слупы, што за тры сонцы? Яны з’явіліся ў выніку праламлення сонечных прамянёў у атмасферы зямлі, з-за незвычайна нізкіх тэмператур. У нечым гэта нагадвае эфект Гало, толькі аптычная ілюзія звязана не з ледзянымі крышталікамі, а менавіта з халаднечай. Прычынай жа суворых маразоў стаў эфект на Сонцы, які назваецца “мінімум Маўндэра” – памяншэнне колькасці сонечных плям.
Зіма 1708-1709 гадоў выдалася анамальна, незвычайна халоднай ў гісторыі Еўропы, суперхалоднай за апошнія 500 гадоў. У Вялікабрытаніі гэтая зіма вядомая як Вялікі Мароз – Great Frost. Яна выклікала самы моцны спад у эканоміцы за ўвесь час існавання дзяржавы. У Францыі – Вялікая Зіма, Le Grand Hiver.
Тэмпература ў 1709 годзе, як і ў 2023 годзе, пачала падаць у ноч на 6 студзеня. Англійскі вучоны Уільям Дэрхам 10 студзеня каля Лондана зафіксаваў тэмпературу −12°C – самую нізкую, якую ён вымераў за ўвесь час сваіх назіранняў за надвор’ем. 14 студзеня яго сучаснікі з Парыжа зафіксавалі тэмпературу −15°C.
Дэрхам адзначаў, што ў тую зіму глеба прамерзла больш чым на метр. Моры, азёры і рэкі змерзлі. На палях вымерз увесь ураджай, мароз знішчыў аліўкавыя дрэвы і вінаграднікі, а ў рэках і азёрах змерзла рыба.
У Францыі зіма нанесла асабліва вялікія страты, бо пацягнула за сабой голад, з-за якога да канца 1710 года загінулі прыкладна 600 000 чалавек. У Парыжы загінула 24 000 чалавек.
Суровая зіма стала прычынай масавай эміграцыі з Цэнтральнай Еўропы жыхароў нямецкага рэгіёна Пфальц.
Гэтай жа зімой нямецкі фізік Габрыель Фарэнгейт, апускаючы тэрмометр у талую сумесь снегу з нашатыром і паваранай соллю, прыняў надзвычайна нізкую тэмпературу ў Гданьску −17,8°C за нуль для сваёй шкалы.
Пра глабальную халадэчу ў нашым рэгіёне згадвалі многія ўдзельнікі Паўночнай вайны (1700-1721). Напрыклад, афіцэры шведскай, саксонскай, расійскай армій.
«У 1709 годзе была лютая зіма, стаяла доўга, снягі былі невыносныя і нечувана вялікія, што не толькі звяр’ё, птаства, але і людзі на дорогах мёрзлі» – згадвае «Магілёўская хроніка».
Даследчыкі прыйшлі да высновы, што фактар амаль арктычнай зімы 1709 года ва Ўкраіне скараціў войска шведскага караля Карла XII ледзь не на траціну, што моцна паўплывала на яго паразу ад цара Пятра І у бітве пад Палтавай і прадвызначыла ўздым Расійскай дзяржавы, якая неўзабаве стала імперыяй.