У інтэрнэце прадаюцца нібыта мошчы Еўфрасінні Полацкай, хоць хутчэй за ўсё маецца на ўвазе Параскева Полацкая, і наогул гэта выглядае як падробка.
На інтэрнэт-пляцоўку eBay выстаўлены лот, падпісаны як “Сярэбраны рэлікварый, частка цела Прападобнай Ефрасінні Полацкай + дакумент”. Сенсацыйны продаж выклікаў інфармацыйную хвалю ў беларускім грамадстве, аднак спецыялісты звяртаюць увагу на тое, што ў самім дакуменце, і на парэштках, яія прадаюцца ў сярэбраным каўчэгу ўказана зусім не Еўфрасіння Полацкая, а “S. Praxedis Polotiensis”.
Выказваюцца меркаванні, што гэта могуць быць парэшткі іншай полацкай святой – Параскевы Полацкай. Гэтая святая таксама выклікае пэўныя пытанні ў спецыялістаў і лічыцца легендарнай. Існуюць меркаванні, што гэтай святой насамрэч не існавала, у яе рэальнасці сумняваўся яшчэ Мацей Стрыйкоўскі, а яе вобраз, верагодна, сфарміраваўся ў пазнейшы час пад уплывам Еўфрасінні Полацкай ці яе стрыечнай сястры Еўпраксіі.
Культ Параскевы Полацкай, беатыфікаванай у 1273 годзе Папам Рымскім Рыгорам Х быў вельмі распаўсюджаны ў Полацку, найперш у XVI стагоддзі і гэта было звязана з намаганнямі езуітаў. Таксама яна шанавалася ўніятамі і праваслаўнымі.
У дакуменце, які суправаджае продаж рэліквіі на eBay, ёсць пячатка і подпіс нібыта каталіцкага біскупа Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Баляслава Слосканса. Баляслаў Слосканс (1893 – 1981) – апостальскі адміністратар Магілёва і Мінска, ён жа быў апостальскім візітатарам для беларускіх і рускіх каталікоў візантыйскага абраду ў эміграцыі.
Спецыялісты, аднак, дэманструючы арыгінальны подпіс Баляслава Слосканса і яго почырк, сцвярджаюць, што яны адрозніваюцца ад таго, што можна пабачыць у дакуменце, прыкладзеным да рэліквіі, што прадаецца на eBay.
Фота: eBay