Вайна ва Ўкраіне. 5-гадовая жыхарка Крывога Рогу сабрала для патрэб украінскага войска больш за 950 долараў

Марыя Макеева пад музычнае суправаджэнне свайго старэйшага брата 9 гадзін 54 хвіліны выконвала ўкраінскія песні ў цэнтры Львова, куды дзяўчынка пераехала падчас вайны. На сабраныя грошы вайскоўцам набылі цеплавізійны прыцэл.

Нацыянальны рэестр рэкордаў Украіны прызнаў 5-гадовую жыхарку з Крывога Рога наймалодшай валанцёркай, якая сваім выступам сабрала для Ўзброеных сіл Украіны 35 тыс. 492 грыўнаў (958,685 долараў ЗША, ММ).

Па словах кіраўніцы Нацыянальнага рэестра рэкордаў Ланы Ветравай «выступленне маленькай рэкардсменкі доўжылася 9 гадзін 54 хвіліны».

Ветрава адзначае, што спачатку дзеці марылі сабраць сродкі на бронекамізэльку, але, як высветлілі бацькі, на перадавой вельмі патрэбныя былі цеплавізійныя прыцэлы.

«Таму з дапамогай валанцёрскага фонду, які да дзіцячых сродкаў яшчэ даклаў пэўную суму, быў набыты цеплавізар INFIRAY СL35 M і перададзены нашым байцам на перадавую», – цытуе Ветраву інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

 

Хто яшчэ з дзяцей дапамог украінскаму войску

У Чарнігаве 8-гадовы Сяргей Мароз сабраў 64 тысячы грыўнаў (больш за 1 700 долараў ЗША, ММ) на рамонт трафейнага танка.

Ён ладзіў дабрачынныя канцэрты разам з бацькам.

Сабраныя грошы перададзеныя ў дабрачынны фонд украінскага валанцёра і тэлевядоўцы Сяргея Прытулы.

10-гадовая чэмпіёнка свету па шашках Вераніка Яжова сабрала 21 тысячу грыўнаў (700 долараў, ММ).

Грошы яна таксама перадала фонду Сяргея Прытулы.

7-гадовая Сафія Чарненка з Мікалаева сабрала для Узброеных сіл Украіны больш за тысячу долараў. 

Ейныя карціны прадаюцца на адной з інтэрнэт-платформаў у Казахстане, а таксама праз суполку «Цмок міру» ў ЗША. Грошы адразу пералічваюцца ў крыптавалюту Узброеных сіл Украіны.

У Бабруйску патануў 14-гадовы падлетак. Купаўся на кар’еры

Цела тапельца выратавальнікі адшукалі на глыбіні трох метраў за пяць мэтраў ад берагу. Кар’ер не быў прыдатны для купання.

Купацца ў ім пайшлі чацвёра дзяцей – родныя браты і сястра. Падлетак адышоўшы на пяць мэтраў ад берагу, нырнуў і на паверхні больш не з’яўляўся. Дзеці самі спрабавалі адшукаць пад вадой хлопца, але бясплённа.

На іхны лямант адгукнулася жанчына, якая і выклікала выратавальнікаў.

З пачатку чэрвеня ў рэгіёне патанула 18 чалавек. З іх трое дзяцей.