Фонды Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея ў Кіраўскім раёне папоўнены партрэтам Сафіі Булгак – былой жыхаркі гэтага архітэктурнага і культурнага помніка Магілёўшчыны.
У Жыліцкі музей перададзена копія партрэта Сафіі Булгак, якую намалявала мастачка з Бялыніч Ларыса Журавовіч, паведамляе на сваіх старонках раённая газета Кіравец.
Само мястэчка Жылiчы вядома з XV стагоддзя. Яно належала князям Трабскiм, Хадкевiчам, Сапегам. У XVII стагоддзi тут была ўзведзена крэпасць: яе земляныя валы ў 3-4 чалавечыя росты часткова захавалiся да нашых часоў. У XIX стагоддзi крэпасць страцiла сваё значэнне. I якраз у гэты час Iгнацiй Булгак набыў Жылiчы ў Францiшка Сапегi.
Лідар шляхты Бабруйскага павету Ігнацій Булгак быў двойчы жанаты. Ён ажаніўся з Ізабэлай-Кларай са старажытнай і багатай сям’і Сліжаў. У гэтым шлюбе нарадзіліся двое дзяцей: Джозэф-Вітольд (1829-1892) і Сафія (1832-1881).
Старэйшая дачка Ігната Сафія ў 1853 годзе стала жонкай Генры Валовіча і нарадзіла чатырох сыноў і дзвюх дачок.
Булгакі – старажытны і вельмі разгалінаваны род, які вядзе сваю гiсторыю з XV стагоддзя. Па сямейнаму паданню, дабаснянская лінія роду паходзіць з Навагрудскай зямлі. У Булгакаў быў герб “Сыракомля”. На долю старажытнага роду не выпала нi яркiх перамог, нi гучных здзяйсненняў. Разбагацеў род толькi ў пачатку XIX стагоддзя. І гэта, верагодна, непакоiла ганарыстых уладальнiкаў Жылiч.
Таму ў Жылічах Ігнаці Булгак пачаў будаваць палац. Пра перспектывы і асаблівасці яго рэканструкцыі mogilev.media паведамлялі ў ранейшых публікацыях.
Інтэр’еры палаца былі надзвычай разнастайнымі і маляўнічымі. Калі аздабленне столі ў залах даволі добра захавалася, то сцены выглядаюць сіратліва. Адной з важных задач рэстаўрацыі палаца з’яўляецца аднаўленне інтэр’ераў.
Паколькі ў залах мелася шмат карцін, то вяртанне партрэта Сафіі Буглак вельмі прыемны і важны крок аздаблення і аднаўлення выгляду сценаў палаца.
Фотаздымкі ўзяты з адкрытых крыніц і сацыяльных сетак.