У адпаведнасці з рознымі мадэлямі прагнозаў сіноптыкаў еўрапейскіх краін да 22 лістапада на тэрыторыі Магілёўскай вобласці дзённыя тэмпературы будуць у асноўным да +2°С, на пачатку месяца да +6-8°С, месцамі і да +10°С.
Уначы тэмпературы на пачатку месяца будуць дасягаць максімальна да +4°+6°С, потым да 22 лістапада крыху вышэй за °0С.
У трэцяй дэкадзе пачнуць зніжацца тэмпературы, сярэднясутачныя складуць меней за 0°, у асобных раёнах можа сфарміравацца снежнае покрыва вышынёй не болей за 2-5 сантыметраў.
Па вельмі аптымістычнаму прагнозу gismeteo.by, першая декада лістапада – а з ёй супадаюць восеньскія вакацыі беларускіх шкаляроў – можа быць у асноўным малавоблачнай, месцамі з праясненнямі, месцамі з выпадзеннем ападкаў.
Прыкладна з 10 лістапада пачнуцца працяглыя дажджы, дажджы са снегам.
У вобласці ўвогуле 80-82% лістападаўскіх дзён пахмурныя. Сярэдняя тэмпература лістапада ў Магілёўскай вобласці блізкая да 0°С.
Самы цёплы лістапад быў у 1996 годзе з сярэдняй тэмпературай 4,7°С, а халодны – у 1993 калі у сярэднім было 7,6°С ніжэй за 0°.
Абсалютныя максімумы фіксаваліся ў 1967 годзе, калі ў Магілёве на тэрмометрах было +14,0°С, а ў Касцюковічах +15,7°С.
Абсалютныя мінімумы зарэгістраваны ў 1959 годзе, калі ў Горках было -32,1°С, у Магілёве -33,4°С, а у 1961 годзе ў Бабруйску -30,6°С.
Пры такіх тэмпературах “лістапад без сякеры масты будуе”.
У сярэднім у лістападзе выпадае 50 мм ападкаў. У 1910 годзе выпала рэкордныя 131 мм, а ў 1902 годзе толькі 10 мм.