Дзень у гісторыі. 23 лістапада. Скончыўся Гродзенскі “маўклівы сойм”. У продажы з’явіліся кніга Чарльза Дарвіна “Паходжанне відаў”. Заснаваны штотыднёвік «Наша ніва». Пабудавана Асіповіцкая ГЭС

1793 год. Скончыўся Гродзенскі Сойм, “маўклівы сойм” – апошні, надзвычайны сойм Рэчы Паспалітай. Скасавана дзеянне Канстытуцыі 3 мая.

Сойм праходзіў з 17 чэрвеня 1793 года. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23 студзеня 1793 года аб Другім падзеле Рэчы Паспалітай. Адбываўся ў Сенатарскай зале каралеўскага палаца ў Горадні. 

Каб зламаць апазіцыю, нешматлікую, але вельмі актыўную, рускі амбасадар Сіверс з першых жа дзён сойма стаў прыбягаць да жорсткіх мер. 22 жніўня Сіверс пайшоў на дэманстрацыю ваеннай сілы. Ён рушыў у Гродна атрады, якія размяшчаліся ў ваколіцах. Яны занялі ўсе найважнейшыя вуліцы. Без білета ад рускага каменданта ніхто не мог выйсці са свайго дома. Каралеўскі замак быў акружаны дзвюма ротамі грэнадзёраў з чатырма гарматамі. Пры іх стаялі артылерысты з запаленымі кнатамі. У двары замка і ў калідорах была расстаўлена моцная ахова.

На світанку 23 верасня казакі выхапілі прама з ложкаў і вывезлі з Гродна чатырох апазіцыянераў: Шыдлоўскага, Скажыньскага, Краснадэмбскага і Мікорскага. 

Замак зноў быў аточаны войскамі і гарматамі. Паслы прыйшлі ў жах, убачыўшы, як з імі збіраюцца абысціся. Ціхія і панурыя, праходзілі яны праз строй грэнадзёраў і займалі свае месцы ў зале. Увайшоў кароль. Расійскі генерал Раутэнфельд абвясціў сабраным паслам, што не выпусціць іх, пакуль не падпішуць трактат з Прусіяй. 

На чарговы зварот Сіверса, прыняць прапанову Кацярыны II, паслы маўчалі. 

Урэшце кракаўскі пасол Іосіф Анквіц сказаў, што «маўчанне азначае згоду». Як раз у гэты час падлогавы гадзіннік гучна прабіў палову а чацвёртай раніцы і адзначыў падзею, якая ўвайшла ў гісторыю як «маўклівы сойм».

Па выніках сойма Расійская імперыя станавілася пратэктарам Рэчы Паспалітай. Ліквідавалася Канстытуцыя 3 мая. Войска Рэчы Паспалітай змяншалася да 15 тысяч чалавек. Ліквідавалася Таргавіцкая канфедэрацыя. Замацоўваўся другі падзел Рэчы Паспалітай, у выніку чаго ўся тэрыторыя сучаснай Магілёўшчыны ўвайшла ў склад Расіі (пасля Першага Падзела Рэчы Паспалітай мяжа праходзіла па Друці).

wikimedia.org

1859 год. У кнігарнях Лондана ў продажы з’явіўся зялёны томік кнігі Чарльза Дарвіна “Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору, або Захаванне спрыяльных парод у барацьбе за жыццё”. 

Велізарны па тых часах тыраж кнігі ў 1250 асобнікаў быў раскуплены за дзень, які азнаменаваў сабой з’яўленне ў сусветнай навуцы тэорыі эвалюцыі жывой прыроды, якая стала краевугольным каменем сучаснай біялогіі, або дарвінізму.

Зрэшты, камерцыйны поспех вызначыла зусім не эпахальнае навуковае значэнне гэтага выдання. Некалькімі днямі раней у прэсе з’явілася паведамленне аб маючым адбыцца выхадзе кнігі, у якой даказваецца, што чалавек пайшоў не ад Адама і Евы, а ад малпы. Так што да навукоўцаў дайшлі ўсяго два-тры дзясяткі асобнікаў дарвінаўскай працы.

Англійскі прыродазнавец, натураліст і падарожнік Чарльз Дарвін абагульніў вынікі ўласных назіранняў і дасягненні сучаснай яму біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асноўныя фактары эвалюцыі арганічнага свету.

Дарвін напісаў яшчэ тры кнігі па пытаннях эвалюцыі, існаванне якой было прызнана большасцю вучоных яшчэ пры жыцці Дарвіна, у той час як яго тэорыя натуральнага адбору, як асноўнае тлумачэнне эвалюцыі, стала агульнапрызнанай толькі ў 1930-х гадах.

tunnel.ru

 1871 год. Нарадзіўся Уладзімір Тэраўскі.

Беларускі дырыжор, кампазітар, фалькларыст царкоўнаслужыцель. Стаяў ля вытокаў стварэння нацыянальнай оперы i нацыянальнай музычнай школы.

Па словах З. Бядулі “хорам Тэраўскага магла б ганарыцца любая нацыя, болей культурная за нашу”, Тэраўскі – “мастак-самародак”.

Стварыў музыку да шматлікіх спектакляў купалаўскага тэатра, у тым ліку «Машэка», «Кастусь Каліноўскі»  Е. Міровіча. Найбольш вядомай стала музыка да спектакля «На Купалле» М. Чарота.

Напісаў песні і рамансы на словы Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі і іншых. Запісваў і гарманізаваў народныя песні.

Аўтар гімна «Ваяцкі марш» («Мы выйдзем шчыльнымі радамі…»), гімна «Беларуская марсельеза», музыкі да песні «Купалінка», якую многія лічаць народнай.

У 1931 годзе звольнены з работы ў купалаўскім тэатры. Служыў псаломшчыкам, рэгентам царкоўнага хору ў розных саборах Мінска.

Зноў арыштаваны 17 жніўня 1938 года. Прыгавораны 1 лістапада да расстрэлу, расстраляны 10 лістапада 1938 года.

wikimedia.org

1906 год. У Вільні пачалося выданне штотыднёвай грамадска-палітычнай, навукова-асветніцкай і літаратурна-мастацкай газеты нацыяльна-адраджэнскага кірунку «Наша ніва». 

Выдавалася ў Вільні, па-беларуску, з 10 (23) лістапада 1906 да 7 (20) жніўня 1915. Друкавалася кірыліцай і лацінкай, тыражом 4 500 асобнікаў. Выхад газеты быў спынены ў сувязі з набліжэннем расійска-нямецкага фронту да Вільні.

Газета друкавала вершы, нарысы, мастацкую прозу, навукова-папулярныя артыкулы, навіны.

На старонках газеты ўпершыню апублікаваны многія творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна, З. Бядулі, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, К. Каганца і шматлікіх іншых.

Дзякуючы «Нашай ніве» адбывалася станаўленне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі.

Газета прапагандавала здабыткі іншанацыянальных культур, змяшчала ў перакладзе на беларускую мову творы еўрапейскіх аўтараў.

wikimedia.org

1922 год.  Аляксандр Грын завяршыў у Пецярбургу напісанне фантастычнай феерыі “Пунсовыя ветразі”. 

Твор аб непахіснай веры і ўсёпераможнай, узнёслай мары, аб тым, што кожны можа зрабіць для блізкага чалавека цуд. Прысвяціў яго сваёй жонцы Ніне.

А.Грын – сапраўднае прозвішча Грынеўскі (1880-1932). Рускі пісьменнік,  паэт, прадстаўнік неарамантызму. Яго бацька – Стэфан Грынеўскі – ураджэнец сучаснай Віцебскай вобласці, за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў быў у 20-гадовым узросце бестэрмінова сасланы ў Сібір.

А. Грын – стваральнік выдуманай краіны «Грынландыя», у якой адбываецца дзеянне шматлікіх яго твораў, у тым ліку самых вядомых «Беглая па хвалях» і «Пунсовыя ветразі».

feo.travel

1953 год.  Уведзена ў эксплуатацыю Асіповіцкая ГЭС на рацэ Свіслач у Асіповіцкім раёне. 

Малая гідраэлектрастанцыя, чацвёртая па магутнасці ГЭС у краіне пасля Віцебскай, Полацкай, Гродненскай. 

Да верасня 2012 г. з’яўлялася самай буйной ГЭС краіны. Магутнасць 2175 кВт. 

Гадавой выпрацоўкі электраэнергii каля 8-10 мільёнаў кВт хгадзiн дастаткова для забеспячэння сацыяльна-пабытовых патрэб у электраэнергіі г. Асіповічы.

wikimedia.org

1959 год. Крывіцкае (Беларускае) навуковае таварыства імя Ф. Скарыны атрымала правы культурнай і навуковай установы ў ЗША. 

Існавала ў 1946-1949 гадах у Германіі, у 1949-1976 – у ЗША.

Заснавана ў 1946 годзе ў лагеры для перамешчаных асоб у германскім г. Рэгенсбургу. Старшынямі ў розны час былі Я. Станкевіч, А. Адамовіч і А. Махноўскі. Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навуковай працы ў галіне беларусазнаўства.

Пры таварыстве дзейнічалі секцыі: літаратурная, мовазнаўчая, гістарычная і педагагічная.

У 1952 годзе пры таварыстве быў заснаваны Інстытут найноўшай гісторыі Беларусі і Прэсавае бюро. 

Таварыства займалася зборам дакументаў, рукапісаў, беларускіх выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Беларускім архіве, выдавецтвам кніг, слоўнікаў, выпускам навукова-літаратурнага часопіса «Веда». 

З 1957 г. уваходзіла ў Беларуска-амерыканскую дапамогу (Нью-Ёрк) і Задзіночанне славянскіх навуковых арганізацый ЗША.

Таварыства спыніла дзейнасць у 1976 годзе ў сувязі са смерцю Я. Станкевіча.

Фота: Янка Станкевіч, wikimedia.org

1957 год. Нарадзілася Алена Сідарава. Беларуская акцёрка тэатра і кіно. Заслужаная артыстка.

Працавала ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы і музыкі, Нацыянальным драматычным тэатры імя Янкі Купалы. На сцэне сыграла больш за 50 ролей. Сярод найлепшых роляў – Маша ў «Чайцы» А. Чэхава, Гільда ў «Жанчыне з мора» Г. Ібсена, Кіра ва «Успамінах» А. Арбузава.

Здымалася ў 30 кінафільмах, серыялах, камедыях, у меладраме «Фабрика грез» Дз. Астрахана у галоўнай ролі разам з А. Абдулавым.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэсту, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў Купалаўскага тэатра 13 жніўня запатрабаваў спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян і выступіў за пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў. 

26 жніўня акцёрка разам з большасцю трупы і іншымі супрацоўнікамі тэатра звольнілася ў знак пратэсту.

vokrug.tv

1958 год. Нарадзіўся Аляксандр Дабравольскі. 

Беларускі палітык. Сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Дырэктар Усходнееўрапейскай Школы палітычных даследаванняў.

Народны дэпутат СССР (1989), уваходзіў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы – першай дэмакратычнай парламенцкай апазіцыі ў СССР. Працаваў разам з А. Сахаравым, Б. Ельцыным, А. Сабчаком, В. Быкавым, А. Адамовічам.

Адзін з ініцыятараў стварэння Аб’яднанай дэмакратычнай партыі (1990), заснавальнік (1992) Незалежнага Інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.

Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XIII склікання, прадстаўнік групы дэпутатаў Вярхоўнага Савета ў Канстытуцыйным Судзе (1996) па справе імпічменту прэзідэнта Лукашэнкі.

У 2001 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў быў намеснікам кіраўніка выбарчага Штаба Адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Уладзіміра Ганчарыка, у 2006 – намеснікам кіраўніка Штаба Адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча.

1966 год. Нарадзіўся Міхась Скобла. Беларускі паэт, парадыст, перакладчык, эсэіст, літаратуразнавец. Лаурэат прэстыжных літаратурных прэмій.

У канцы 1980-х з’яўляўся удзельнікам таварыства «Талака».

Працаваў у часопісе «Роднае слова», газеце «Народная Воля», выдавецтве «Беларускі кнігазбор», у Міністэрстве культуры і друку, вёў аўтарскую праграму «Вольная студыя» на Радыё Свабода (1998-2017). З’яўляўся намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў (2002-2010). 

Аўтар 12 кніг, укладальнік паэтычных анталогій «Краса і сіла: беларуская паэзія ХХ стагоддзя» і «Галасы з-за небакраю: паэзія свету ў беларускіх перакладах ХХ стагоддзя».

Уклаў і пракаментаваў выдадзеныя ў серыі «Беларускі кнігазбор» аднатомнікі У. Жылкі, Л. Геніюш, Р. Крушыны, Р. Барадуліна, зборы твораў А. Салаўя, Л. Геніюш (у 2 тамах), мемуарныя зборнікі М. Улашчыка, М. Стральцова.

Апублікаваў тамы эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш, Зоські Верас.

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

wikimedia.org

Дзень у гісторыі: 11 жніўня. Першая згадка пра Горадню. Нарадзіліся: даследчык мовы смаленскіх беларусаў Уладзімір Дабравольскі, каталіцкі святар Міхаіл Далецкі, які дбаў пра беларускую мову ў касцёле і Алесь Гуркоў, актывіст першых незалежніцкіх арганізацыяў, на думку якога Пазняку трэба было дамаўляцца з Кебічам у 1994 годзе

11 жніўня. Сусветны дзень здаровага сэрца (World Heart Day).

Заснаваны ў 1999 годзе Сусветнай федэрацыяй сэрца і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

Задуманы для інфармавання насельніцтва аб рызыках сардэчна-сасудзістых захворванняў і неабходнасці іх прафілактыкі.

1127 год. Першая згадка ў пісьмовых крыніцах пра Горадзен (Горадню, Гродна).

Згадаў пра беларускі горад аўтар Лаўрэнцьеўскага летапісу.

Найбагацейшы ў Беларусі горад на архітэктурныя помнікі. У 2014 годзе Горадня была культурнай сталіцай Беларусі.

Горад на Нёмане – буйны прамысловы цэнтр з хімічнай, харчовай, тытунёвай, лёгкай, машынабудаўнічай і дрэваапрацоўчай вытворчасцю.

Яго насяляе 357,5 тысяч чалавек.

1856 год. Нарадзіўся Уладзімір Дабравольскі.

Этнограф, краязнавец, мовазнавец.

Выкладаў у Беларускім народным універсітэце ў Маскве, у Віцебскім педагагічным інстытуце. Саратнік знанага навукоўца і даследніка беларускай культуры Яўхіма Карскага.

Дабравольскі выдаў «Смаленскі этнаграфічны зборнік», «Смаленскі абласны слоўнік» з 16 560 артыкуламі з дыялектнымі словамі руска-беларускага пагранічча.

1884 год. Нарадзіўся Міхаіл Далецкі.

Каталіцкі святар, ганаровы канонік Пінскай кафедральнай капітулы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя.

Прыхільнік беларускай мовы ў касцёле. Падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus». Расстраляны гітлераўцамі ў 1942 годзе ў Навагрудку разам з 60 вернікамі.

1954 год. Памёр Парфён Савіцкі.

Дзяржаўны дзеяч, гісторык, рэктар БДУ.

У сакавіку 1941 году на Вучоным Савеце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту прапанаваў перавесці выкладанне прадметаў на беларускую мову.

Узначальваў БДУ, калі яго эвакуявалі ў Падмаскоўе. Арганізатар аднаўлення працы па вяртанні ў беларускую сталіцу.

1965 год. Нарадзіўся Алесь Гуркоў.

Грамадска-культурны дзеяч, удзельнік незалежнага выдавецкага і маладзёжнага рухаў 1980-х гадоў, выдавец.

Арганізатар і кіраўнік нефармальнай суполкі «Світанак», адзін з заснавальнікаў і выдаўцоў у 1990 годзе газеты «Свабода», актывіст «Мартыралога Беларусі» і БНФ «Адраджэньне».

У адным з сваіх інтэрв’ю сказаў, што лепей бы на першых прэзідэнцкіх выбарах перамог Вячаслаў Кебіч і з ім трэба было дамаўляцца Зянону Пазняку.

1979 год. У авіякатастрофе загінулі 178 чалавек, уключая 14 футбалістаў узбекскага «Пахтакора», якія ляцелі ў Беларусь на гульню з мінскім «Дынама».

У небе сутыкнуліся два самалёты. Новы склад гульцоў «Пахтакора» не змог гуляць як раней: у 1982 г. – 8 месца, у 1984 г. назаўсёды пакінуў вышэйшую лігу савецкага футболу.

 


У публікацыі выкарыстаны звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў