1 сакавіка адзначыліся па Беларусі серыяй спроб масавых збораў моладзевай субкультуры “Рэдан”.
Збор, прызначаны на 16.00 1 сакавіка каля магілёўскага гандлёвага цэнтра “Атрыум”, пра які пісалі mogilev.media, не адбыўся. Плошча перад гандлёвым цэнтрам патрулявалася нарадам АМАПаўцаў, на кожным паверсе “Атрыума” дзежуравалі міліцыянты. Купкі маладзёжы размяшчаліся на фудкорце, на лаўках вакол плошчы, аднак у значнай колькасці падлеткі не сабраліся разам. Не паведамлялася таксама і пра затрыманні ў Магілёве 1 сакавіка.
У Брэсце і Мінску таксама абвяшчаліся зборы прыхільнікаў маладзёвай субкультуры. Прэс-служба УУС паведаміла пра затрыманне 52 чалавек у Брэсце, сярод якіх 41 былі непаўналетнімі. Пра затрыманні паведамлялася таксама і ў Мінску, але без ніякіх лічбаў ці фактаў.
Адзін з Тэлеграм-каналаў, што спецыялізуецца на трэш-відэа, размясціў ролік пра сутычку трох падлеткаў каля віцебскага гандлёвага цэнтра “Трыа”. Мяркуецца, што бойка адбылася з нагоды збора “Рэдана” ў Віцебску, але пацвярджэння гэтай інфамацыі з афіцыйных альбо незалежных крыніц няма. На відэа можна пабачыць вялікую групу моладзі, якая назірае за бойкай двух дзяўчын, адной з якіх дапамагае трэцяя.
Першы беларускі збор фанатаў анімэ “Рэдан” адбыўся ў Гомелі 28 лютага. Каля гандлёвага цэнтра “Сакрэт” былі затрыманы 200 падлеткаў, якіх праваахоўнікі атаясамілі з папулярнай субкультурай – паведамляе Тэлеграм-канал МУС Рэспублікі Беларусь. 183 чалавекі сярод затрыманых аказаліся непаўналетнімі.
“Субкультура ПВК “Рэдан” узнікла ў якасці пераймання японскай мультыплікацыі Hunter x Hunter аб злачыннай групоўцы “Геней Рэдан” і адзначаецца магчымым удзелам яе прыхільнікаў у масавых бойках у гандлёвых цэнтрах.” – гаворыцца ў паведамленні МУС.
Улічваючы магчымы збор прыхільнікаў “Рэдан” у Магіёве 1 сакавіка каля гандлёвага цэнтра “Атрыум”, пра што пісалі mogilev.media, бацькам школьнікаў у абласным цэнтры пачалі прыходзіць папярэджвальныя паведамленні. Узор такога паведамлення размясціў Тэлеграм-канал “ЧП Могилев”.
Прадстаўнікі анімэ-субкультуры, вядомыя як “ЧВК Рёдан”, што пераследуюцца паліцыяй і футбольнымі фанатамі, абвясцілі збор у магілёўскім “Атрыуме” на 1 сакавіка.
Абвестка пра збор прыхільнікаў анімэ-субкультуры “Рэдан” у Магілёве з’явілася ў папулярных месенджарах і сацсетках пасля інфармацыйнай хвалі пра аблавы і масавыя бойкі ў расійскіх і украінскіх гарадах. Чакаецца, што збор анімэшнікаў пройдзе 1 сакавіка ў 16.00 каля гандлёвага цэнтра “Атрыум” у Магілёве. У Расіі і Украіне прыхільнікаў субкультуры абвінавачваюць у нападах на каляфутбольных фанатаў і выхадцаў з рэспублік Каўказа і Азіі.
“Павукі рэдан” – падлеткавая субкультура, сфармірваная па матывах папулярнага анімэ Hunter X Hunter, якая за некалькі дзён разраслася да магутнага моладзевага руху ў буйных расійскіх і украінскіх гарадах. Падлеткі, якіх у сацсетках называюць «ЧВК Рёдан» патрапілі ў навіны з-за боек з футбольнымі фанатамі ў маскоўскім гандлёвым цэнтры «Авіяпарк» і ў іншых гарадах Расіі, а таксама з-за масавых затрыманняў удзельнікаў канфліктаў.
Відэа, на якім падлеткі ў чорных худзі з павуком на спіне б’юцца з маладзёнамі ў спартыўных касцюмах разляцелася па інтэрнэце 23 лютага. Сама бойка адбылася ў “Авіяпарку” яшчэ 19 лютага. Пасля таго, як ролік з ёй стаў папулярным, у шматлікіх гарадах Расіі і Украіны імкліва пачала расці папулярнасць анімэ-субкультуры, што прывяло да новых канфліктаў, а потым і буйных аблаў.
Так, у Санкт-Пецярбургскім гандлёвым цэнтры “Галерэя” адбылася бойка, падчас якой паліцыя затрымала больш за 150 прыхільнікаў “Рэдан”. Сама бойка пачалася з таго, што 17-гадовы студэнт з Кіргізіі прычапіўся да 15-гадовага анімэшніка, запатрабаваўшы “пояснить за шмот” – перадае Фантанка. Студэнт і яго сябры некалькі разоў ударылі падлетка рукамі і нагамі, пасля чаго той быў шпіталізаваны. Студэнт затрыманы паліцыяй.
Пасля 23 лютага масавыя зборы анімэшнікаў “Рэдан” сталі адбывацца ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Краснаярску, Навасібірску, а потым і украінскіх гарадах – Львове, Кіеве, Харкаве, піша Unian. Нярэдка гэтыя зборы перарастаюць у бойкі з праціўнікамі субкультуры (звычайна гэта футбольныя фанаты, гопнікі), што вядзе да паліцэйскіх аблаў і затрыманняў. Толькі ў Харкаве 27 лютага паліцыяй было затрымана больш за 200 анімэшнікаў.
Пакуль не зразумела, першапрычынай боек становяцца напады анімэшнікаў, ці гэта адваротны працэс – маладзёны, што не любяць анімэшнікаў, адмыслова прыходзяць на іх месцы масавых збораў, правакуюць і нападаюць на “Рэдан”. Так, у сеціве паявіліся ролікі, на якіх маладыя людзі ў спартыўных касцюмах ходзяць па гандлёвых цэнтрах і шукаюць “павукоў”.
Журналісты з Medialeaks.ru прасачылі, што да публікацыі відэа з бойкай у «Авіяпарку», «павукі» былі такой жа інтэрнэт-культурай, як zxc альбо гулі, і відэа, прысвечаныя гэтай эстэтыцы не змяшчалі заклікаў да гвалту над кім-небудзь, а літары ЧВК побач са словам «рэдан» сталі з’яўляцца ў публікацыях ужо пасля віруснага роліка з маскоўскага гандлёвага цэнтра.