У Шклове адкрылі рэканструяваны помнік ахвярам Галакосту

Некропаль ахвяр нацысцкага генацыду адкрылі на мясцовых яўрэйскіх могілках 26 жніўня. Побач з мемарыялам старажытны чысцец, муры якога закансервавалі, каб уратаваць ад разбурэння.

Помнік рэканструяваны, дзякуючы намаганням выхадца са Шклова расійскага прадпрымальніка Ільі Клябанава. Ён прапанаваў праект аднаўлення ўнікальнай мясціны.

На жалобным мітынгу выступілі прадстаўнікі раённай улады, аўтар мастацкага рашэння скульптар Георгій Франгулян, былы міністр культуры Расіі Міхаіл Швыдкой, прадстаўнікі яўрэйскай грамады і сам Ілля Клябанаў.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць 3 200 забітых нацыстамі у 1941 годзе яўрэяў Шклоўшчыны.

У Шклове на грошы мецэнатаў ратуюць «Чысцец» – унікальны помнік яўрэйскай культуры (фота)

Чысцец знаходзіцца на мясцовых яўрэйскіх могілках. Працяглы час ён быў пакінуты на волю лёсу. Цяпер жа ўзяліся за яго ўпарадкаванне. Муры ўжо закансерваваныя. На саміх могілках з’явіліся новыя памятныя знакі – менгіры. Паволі старажытныя могілкі становяцца сапраўдным мемарыялам.

Знакаміты сёння «Чысцец» яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму быў забытым, а яго муры разбураліся. Шклоўскі краязнаўца Аляксандр Грудзіна доўгі час звяртаў увагу навукоўцаў на бядотны стан адзінага ў Беларусі ацалелага тутэйшага ганку яўрэйскіх могілак. Намаганні рупліўца далі плён – пачалося вывучэнне будынку.

Настойлівасцю археолага, даследчыцы ўсходняй Беларусі, доктара навук Вольгі Ляўко Чысцец атрымаў афіцыйны статус помніка. Ён прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. 

Тым не менш, заняпад працягваўся. Абваліўся дах парталу. Несці нябожчыка праз чысцец, што паводле мясцовых вераванняў дазваляе памерламу трапіць у рай, стала небяспечна.

На шчасце для помніка, знайшоўся неабыякавы да яго лёсу чалавек, чые продкі былі выхадцамі са Шклова. На праблему звярнуў увагу расійскі прадпрымальнік Ілья Клябанаў. Ягонымі намаганнямі быў зроблены праект аднаўлення і праведзена рэканструкцыя ўнікальнай мясціны.

Напачатку беларускія эксперты прапаноўвалі зрабіць поўную рэстаўрацыю з рэканструкцыяй помніка. Але большасць сусветных экспертаў лічаць менавіта кансервацыю выдатным спосабам захавання аўтэнтычнасці помніка.

Мастак Георгій Франгулян настаяў не на аднаўленні, а выключна на кансервацыі партальнай групы. З яго ініцыятывы на яўрэйскіх могілках паставілі 7 менгіраў. На яго думку,  гэтыя першыя рукатворныя вобразы чалавека будуць сімвалізаваць на могілках целы памерлых.

Комплекс уключае помнік забітых нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны мясцовых яўрэяў, 7 менгіраў і закансерваваны Чысцец.

Цягам бліжэйшага месяца чакаецца завяршэнне прац і ўрачыстае адкрыццё мемарыялу.


Менгір груба апрацаваны дзікі камень у выглядзе слупа. Камяні могуць стаяць як па адзіночцы так і прадстаўляць цэлую групу менгіраў, размешчаных недалёка адзін ад аднаго. Вядомыя з каменнага веку. Прызначэнне менгіраў не мае выразнага тлумачэння . Дапускаеца, што яны “кіравалі” культавымі збудаваннямі, звязанымі з услаўленнем Сонца.