Ініцыятыўныя жыхары пабудавалі мост праз Басю ў Чавусах самі

Цяпер шлях з ускраіны да цэнтра горада карацей на 1,5 кіламетра. 

У чавускім мікрараёне “Зарэчча” жыхары самі аднавілі пешаходны мост праз раку Басю, павядамляе чавуская раённая газета.

Яшчэ нядаўна Зарэчча была вёскай за 5 км ад Чавусаў. Да 1930-х гадоў у ёй існавала каталіцкая капліца. Але вёску неўзабаве далучылі да райцэнтра.

Каб дабрацца ад Зарэчча да цэнтра горада, да крам, школ, працы трэба было ісці кругавой дарогай праз раку Бася і два масты. Такое хаджэнне даволі стомнае, тым больш, што людзям даводзіцца яго пераадольваць не адзін раз у дзень.

12 гадоў таму жыхары мікрараёна са старастай, настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі Алегам Пынікавым зрабілі муры маста. Але за гэты час мост пачаў разбурацца.

Мясцовы жыхар Юры Душко ініцыяваў аднаўлення моста. Жыхары мікрараёна вельмі хутка сабралі добраахвотныя складкі па 10 рублёў на матэрыялы і за чатыры дні трухлявая пераправа ператварылася ў моцную канструкцыю. Дапамаглі валанцёрам і гарадскія ўлады: начальнік электрасетак Аляксандр Бузнікаў з дэмантажом старых канструкцый, старшыня Савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін з дастаўкай піламатэрыялаў, дырэктар Чавускага СДЮШАР Аляксандр Дарафееў са зварачнымі работамі.

Мост цяпер мае трывалы металічны каркас, каб не было разбурэнняў пад час разводдзя. Для трываласці ён стаіць на адпрацаваных аўтамабільных шынах. Па металаканструкцыі насцелены дошкі, зроблены парэнчы.

Цяпер па пешаходным мосце можна і прайсці, і пракаціць ровар, тачку, дзіцячы вазок.

У вырашэнні праблемы з пераходам перамаглі ініцыятыўнасць і неабыякавасць мясцовых жыхароў.

Хлебныя войны глыбінкі. У Краснаполлі патрабуюць вярнуць у продаж чавускі хлеб, бо чэрыкаўскі нясмачны

Пакуль аграрыі рапартуюць аб тысячах тон жытнёвага ўмалоту, у глыбінцы жыхары Краснаполля вымагаюць ад чыноўнікаў адказу, куды прапаў чавускі хлеб.

Даць рады праблеме ўзялася краснапольская раёнка «Чырвоны сцяг», якая чакае адказу з Магілёўскага аблспажыўсаюзу і Краснапольскага райспажыўтаварыства на актуальнае пытанне землякоў.

Яна адзначае, што на сустрэчах дэпутатаў райсавету з насельніцтвам пытанне аб прычынах адсутнасці чавускага хлеба ў магазінах Краснапольскага райспажыўтаварыства гучыць пастаянна.

«Калі знік з прылаўкаў чавускі хлеб, выбару не засталося. Чэрыкаўскі хлеб купляю вымушана. Пакуль свежы – яшчэ туды-сюды, але, як адразу бохан не з’ясі, то назаўтра рэжаш, а ён рассыпаецца ў крошку і пах непрыемны», – цытуе газета Краснапольскага райвыканкаму гутарку жыхароў ля адной з мясцовых крамаў.

Колькі гадоў таму падобная сітуацыя з хлебам была і ў самім Чэрыкаве. Жыхары з неахвотай куплялі мясцовы, бо, паводле іх, быў ён не смачны. У прыватных гутарках хвалілі хлеба-булачную прадукцыю з Чавус і Магілёва. Яе ў Чэрыкаў прывозілі, але ў недастатковай колькасці. Высветлілася, што квоты былі ўведзеныя мясцовымі чыноўнікамі, каб жыхары разбіралі свой хлеб. Які цяпер не хочуць есці ў Краснаполлі.

фота: chausy.by