24 ліпеня ў гісторыі. Распушчальная кава. Падзенне метэарыта. Першы Буквар. Нарадзіўся артыст Г. Гарбук.

Дзень нараджэння распушчальнай кавы.

24 ліпеня 1938 года дзякуючы швейцарскаму хіміку Максу Моргенталеру з кампаніі Nestle на рынку з’явілася першая папулярная марка гэтага напою – Nescafe. 

Такая кава стала абавязковай у рацыёне амерыканскіх салдат падчас Другой сусветнай вайны.

Распушчальная кава карыстаецца вялікім попытам з-за лёгкасці прыгатавання. 

Штодня ў свеце выпіваецца каля 2,5 мільярдаў кубкаў кавы, і больш за палову прыпадае на долю распушчальнай. 

У скандынаўскіх краінах, ФРГ больш за 70% насельніцтва п’юць заварную каву, а бразільцы, амерыканцы, беларусы, наадварот, больш любяць распушчальную.

1618 год. У Еўе (цяпер Вевіс, Літва) выдадзены першы «Буквар мовы славенскай…».

Першы ў свеце элементарны падручнік пад назвай “Буквар”. А другі буквар надрукаваў магілёвец Спірыдон Собаль (1631).

1790 год. Упершыню ў гісторыі дакументальна зафіксавана падзенне метэарыта на Зямлю.

Метэарыт упаў у Паўднёва-Заходняй Францыі, каля гасконскага гарадка Барбатан.

Хоць гэтае здарэнне было афіцыйна засведчана мясцовымі ўладамі, адзін з акадэмікаў Клод Бертолле заявіў: “Як сумна, што цэлы муніцыпалітэт заносіць у пратакол народныя казкі, выдаючы іх за сапраўды бачанае, тады як не толькі фізічным чыннікам, але і наогул нічым разумным гэта нельга растлумачыць”.

Будучы ўпэўненымі, што “гасконцы заўсёды былі вялікімі фантазёрамі і выхвалякамі”, навукоўцы прынялі пастанову, якая заклікала суграмадзян надалей не рэагаваць на падобныя “забабоны”.

У той час навукоўцы яшчэ не верылі, што метэарыты падаюць на Зямлю з касмічнай прасторы. Толькі ў 1803 годзе рэальнасць “нябеснага” паходжання метэарытаў была імі афіцыйна прызнана. Калі ў мястэчку Эгле выліўся жудасны “каменны дождж”, які ўсыпаў зямлю аскепкамі і быў засведчаны мноствам узбуджаных відавочцаў, Французская акадэмія навук змушаная была пагадзіцца, што гэта сапраўды былі “камяні з неба”.

1820 год. Нарадзіўся Люцыян Крашэўскі (1820-1892).

Беларускі і польскі мастак, фатограф, прыродазнавец, краязнавец. Брат Юзэфа Крашэўскага і Каятан Крашэўскага. Ілюстратар іх твораў.

Аказваў дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863-1864 гадоў, за што быў сасланы на Урал.

Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. У ссылцы навучыўся фатаграфаваць, рабіў здымкі краявідаў Панямоння.

Памёр 2 лютага 1892 года.

1884 год. У Магілёве створана губернская паштова-тэлеграфная кантора 3-га класа.

Да 1890 года ў Магілёўскай губерні дзейнічалі паштова-тэлеграфныя канторы: Магілёўская, Гомельская, Аршанская, Шклоўская, Рагачоўская, Горы-Гарэцкая, Чэрыкаўская, Мсціслаўская, Быхаўская, Сенненская, Дубровенская, Клімавіцкая, паштова-тэлеграфныя аддзяленні: Чавускае, Прапойскае, Веткаўскае, Копыскае, Ляднянскае, Хаславіцкае, Бабрскае, Чачэрскае, Касцюковіцкае, Краснапольскае, Любавіцкае, Руднянскае, Добрушскае, Коханаўскае, Талачынскае і Смальянскае; паштовыя аддзяленні: Бялыніцкае, Манастыршчынскае, Раснянскае, Пятровіцкае, Шамаўскае і Кармянскае. 

Да пачатку XX стагоддзя дзейнічала 29 паштова-телеграфных і 35 паштовых аддзяленняў, у самім Магілёве было 12 паштовых скрынь.

Кантора ў Оршы

1896 год. Нарадзіўся Аляксандр Орса (1896-1959).

Беларускі педагог, грамадскі і культурны дзеяч.

Скончыў настаўніцкія курсы ў Навагрудку, Карлаў ўніверсітэт у Празе.

Выкладаў у навагрудскіх беларускай гімназіі, школах, педвучылішчы. Падчас Другой сусветнай вайны быў школьным інспектарам Навагрудскай акругі.

Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе. У 1944 выехаў у Германію, дзе быў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу (Міхельсдорф).

З 1949 года ў Нью-Ёрку. Адзін з заснавальнікаў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік першай парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Беларускага інстытута навукі і мастацтва, арганізатар першых беларускіх школ у Нью-Ёрку. Уваходзіў ва ўрад БНР у эміграцыі (міністр асветы).

Памёр 2 лістапада 1959 года.

1911 год. Нарадзіўся Анатоль (Акім) Астрэйка (1911-1978).

Беларускі паэт, журналіст.

Працаваў у газетах розных гарадоў, у тым ліку ў Горках.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».

У 1948-1953 гадах – адказны сакратар часопіса «Вожык».

Аўтар вершаў, зборнікаў, кніг вершаў, вершаванай казкі «Елка», паэмы для дзяцей «Прыгоды дзеда Міхеда», тэкстаў многіх беларускіх песень: «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў».

Памёр 23 жніўня 1978 года.

1921 год. Падчас аперацыі ў Маскве памёр Сцяпан Булат (1894-1921).

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст. Працаваў загадчыкам аддзела ЦК КП(б)Б па працы ў вёсцы.

Рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газеты «Белорусская деревня».

Адстойваў ідэю беларускай дзяржаўнасці, дамагаўся пашырэння БССР на ўсход, беларусізацыі краю, надання беларускай мове статуса дзяржаўнай. На смерць Сцяпана Булата адгукнуліся вершамі Янка Купала, Міхась Чарот, Зм. Бядуля.

1934 год. Нарадзіўся Генадзь Гарбук (1934-2018).

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст Беларусі. Лаўрэат Дзяржпрэмій БССР і СССР.

Працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.

1941 год. Абаронцы Магілёва з 394-га палка палкоўніка Я. Слепакурава на заходнім беразе Дняпра захапілі 3 нямецкіх штабных аўтамашыны і штабнога афіцэра.

У машынах былі ўзнагародныя знакі, сцягі, падарункі для нямецкіх салдат, якія павінны былі ўзяць Маскву.

Магілёў быў цалкам акружаны 16 ліпеня, аднак абаронцы працягвалі ўпарта змагацца.

У гэты ж дзень Заходні фронт падзелены на Заходні і Цэнтральны.

1976 год. Нарадзіўся Іван Ціхан.

Беларускі атлет, кідальнік молата, чэмпіён Беларусі, Еўропы, трохразовы чэмпіён свету, сярэбраны прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра (2016), шматразовы рэкардсмэн. 

Заслужаны майстар спорту Беларусі. Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

1984 год. Адкрыты для наведвальнікаў Клімавіцкі краязнаўчы музей.

Створаны паводле рашэння ЦК КПБ 11 ліпеня 1978 года. Размяшчаецца ў асабняку князёў Мяшчэрскіх.

Асноўны фонд музея налічвае каля 6 000 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – каля 8 000.

Найбольш цікавыя прадметы з калекцый музея: бівень маманта, каменныя прылады працы 3-2-га тыс. г. да н.э., кнігі ХІХ стагоддзя, прадметы нумізматыкі, ткацтва, народнага побыту, узоры зброі, творы выяўленчага мастацтва. Экспазіцыя музея размешчана ў 6 залах: «Прырода раёна», «Далёкае мінулае», «Сацыялістычная рэвалюцыя», «Вялікая Айчынная вайна», «Прамысловасць раёна», «Знакамітыя землякі».

2009 год. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь увяло ў паштовы зварот марку “350 гадоў Баркалабаўскай іконе Божай Маці”.

Ікона з’явілася ў Баркалабаўскім жаночым манастыры (заснаваны 24 чэрвеня 1641 года Б. Статкевічам каля мястэчка Баркалабава) у 1659 годзе.

Паводле падання з манастырскага архіва рускі князь Пажарскі вяртаўся «з Польшчы», маючы пры сабе патаемна гэты абраз Багародзіцы. Калі атрад князя праходзіў каля манастыра, «абраз стаў нерухомы» і ніякія намаганні людзей не здолелі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры і перадаў яго ігуменні Фацінні Кіркораўне.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 7 лістапада. Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Магілёве адкрыўся кінатэатр “Радзіма”. Выпуск першых аўтамабіляў на БелАЗе. Створаны Дом-музей Дзеда Талаша

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дзяржаўнае свята ў Беларусі.

У 1917 годзе, а 21:45 у Петраградзе халастым стрэлам крэйсера «Аўроры» пачалася Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, Кастрычніцкі пераварот (25-26 кастрычніка / 7-8 лістапада 1917). 

У 2 гадзіны ночы Часовы ўрад быў арыштаваны. 

Краіна, між тым, аб крутых пераменах не падазравала. У Петраградзе ў оперы “Дон Карлас” спяваў Фёдар Шаляпін, у Маскве ў Мастацкім тэатры давалі “Гора ад розуму”, у якім бліскалі Канстанцін Станіслаўскі, Васіль Качалаў, Іван Масквін. Там жа ў  Маскве праходзіў першы бенефіс Аляксандра Вярцінскага. 

Бальшавікі, што рваліся да ўлады, дэкларавалі: пабудову справядлівага грамадства, выкараненне эксплуатацыі чалавека чалавекам, роўнасць людзей у правах і абавязках, барацьбу супраць войнаў, сусветную сацыялістычную рэвалюцыю.

У той жа дзень адкрыўся II з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які прыняў пастанову пра пераход улады ў краіне да саветаў, сфарміраваў урад на чале з У. Леніным, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт, прыняў першыя дэкрэты аб міры, аб зямлі.

s1.stc.all.kpcdn.net

1579 год. У Гродна памёр Каспар Бекеш

Вялікалітоўскі ваенны і палітычны дзеяч, сябар і паплечнік Стэфана Баторыя. Паходзіў са старадаўняга венгерскага роду. 

Камандаваў венгерскай пяхотай. Вызначыўся асабістай мужнасцю і ваеннымі талентамі пры абароне Эльблонга (1577), у полацкай кампаніі (1579).

З імем Каспара Бекеша звязана назва бяке́шы – разнавіднасць кароткага прыталенага кафтана.

wikimedia.org

 1790 год. Нарадзіўся Караль Падчашынскі. 

Архітэктар, прадстаўнік класіцызму, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Аўтар рэканструкцыі касцёла Святых Янаў у Вільні, праектаў палацаў у Яшунах, Тускуленах, Жылічах, будынкаў гімназій у Слуцку, Камянцы Падольскім і Свіслачы, вучылішчаў у Бабруйску, Невелі, Мазыры і іншых.

Найбольш удалым яго творам лічыцца помнік позняга класіцызму евангелічна-рэфармацкая царква ў Вільні.

Аўтар першага ў Беларусі і Літве падручніка тэорыі архітэктуры «Пачаткі архітэктуры для акадэмічнай моладзі», артыкулаў пра выкладанне архітэктуры, даглядання за садамі і паркамі.

Памёр 7 красавіка 1860 года.

Палац ў Жылічах (Кіраўскі раён), upload.wikimedia.org

1896 год. Нарадзіўся Міхась Чарот (Міхаі́л  Кудзелька). 

Беларускі паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч. 

Адзін з лідараў беларускай савецкай літаратуры 1920-х гадоў, пачынальнік беларускага імажынізму.

Настаўнічаў, спяваў у хоры У. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», быў старшынёй тэатральнай суполкі «Маладзік», Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, выконваў ролі ў трупе У. Галубка, працаваў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь», загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Сустваральнік літаратурнага аб’яднання «Маладняк». 

Пісаць пачаў у 13-гадовым узросце. Аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў, паэм, паэм-фантазій, зборнікаў апавяданняў, п’ес.

Вершам «Суровы прыгавор падпісваю першым» далучыўся да публічнага асуджэння рэпрэсіраваных беларускіх пісьменнікаў.

Арыштаваны ў 1937 годзе, прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

Іменем паэта названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Маладзечне і Рудзенску. У апошнім, на будынку Дома культуры прымацавана мемарыяльная дошка.

1897 год. Нарадзіўся Міхась Каршук.  

Дзеяч беларускага нацыянальна-культурнага руху, краязнавец, публіцыст.

Арганізатар і настаўнік першай беларускай школы ў в. Пералёўка на Гомельшчыне, дзеяч і прапагандыст пашырэння беларускай школы ў Гомельскай губерні, якая тады ўваходзіла ў РСФСР.

Сакратар бюро выкладчыкаў беларусазнаўства ў Мінску (1924). Аўтар артыкулаў па пытаннях педагогікі, культуры, краязнаўства і беларусізацыі  ў часопісах «Асвета», «Наш край», газетах.

Член прэзідыума Цэнтральнага бюро краязнаўства ад Гомельскай акругі.

Пасля 1930 года лёс невядомы.

1918 год. Нарадзіўся Канстанцін Дамарад. Беларускі гісторык

Кандыдат гістарычных навук. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, партызанскагу руху.

Працаваў у інстытутах гісторыі партыі пры ЦК КПБ, гісторыі АН Беларусі. Даследаваў гісторыю падпольнага і партызанскага рухаў у часы Другой сусветнай вайны.

Памёр у 2001 годзе.

1922 год. Нарадзіўся Мікалай Саўчанка. 

Уролаг, доктар медыцынскіх навук, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, акадэмік.

Працаваў у розных медыцынскіх установах, рэктарам Беларускага інстытута удасканалення медыкаў, міністрам аховы здароўя (1966-1986), загадчыкам кафедры уралогіі Мінскага медінстытута (1987-1991).

Даследаваў прыроджаныя заганы развіцця ніжніх мачавых шляхоў, палавых органаў, прыроджаныя анамаліі нырак, праблемы лячэння анкалагічных захворванняў.

Зрабіў першую ў Беларусі перасадку ныркі. Падрыхтаваў 6 дактароў і 19 кандыдатаў медыцынскіх навук.

Памёр 12 чэрвеня 2001 года.

У яго гонар названа 4-я гарадская клінічная бальніца г. Мінска.

csl.bas-net.by

 1923 год. Нарадзіўся Аляксандр Дракахруст. Паэт і перакладчык.

Служыў ваенным журналістам, карэспандэнтам газеты «Во славу Родины».

Аўтар 16 зборнікаў вершаў.

Пераклаў на рускую мову шэраг вершаў і паэм М. Аўрамчыка, А. Астрэйкі, Р. Барадуліна, А. Вялюгіна, С. Грахоўскага і іншых.

Памёр 14 лістапада 2008 года.

1940 год. У Магілёве адкрыўся кінатэатр “Радзіма”. 

Пра гэта напісала “Савецкая Беларусь” 11 лістапада 1940 года. 

Само будаўніцтва скончылася ў сярэдзіне жніўня 1940. 

Пабудаваны ў межах плана пераноса сталіцы БССР у Магілёў.

1948 год. У Германіі на эміграцыі загінуў у аўтакатастрофе Хведар Ільяшэвіч.  Беларускі паэт, грамадскі дзеяч.

Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, друкаваўся ў беларускіх часопісах. 

Хадзіў па вёсках, распаўсюджваў ідэі беларускасці, літаратуру. 

Па палітычных матывах двойчы арыштаваны польскімі ўладамі, быў вязнем Лукішскай турмы.

Абараніў дысертацыю «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні» на ступень магістра філасофіі.

Падчас вайны дзеяч Беларускага камітэта, з вясны 1943 года старшыня Беларускага нацыянальнага аб’яднання ў Беластоку, адзін з арганізатараў беларускага школьніцтва на Беласточчыне, рэдактар штотыднёвіка «Новая дарога». 

Аўтар артыкулаў пра М. Забэйду-Суміцкага, Ф. Аляхновіча, У. Жылку і іншых беларускіх дзеячоў культуры.

З  1944 года на эміграцыі ў Германіі. Займаўся педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай незалежніцкай партыі. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе.

1958 год. Выпуск першых  25-тонавых  аўтамабіляў МАЗ-525 Беларускім аўтамабільным заводам у г. Жодзіна.

Зараз БелАЗ кантралюе амаль 30% рынку кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю больш за 90 тон і ўваходзіць у лік сямі вядучых сусветных канцэрнаў па вытворчасці кар’ернай тэхнікі.

За гісторыю прадпрыемства тут выпушчана звыш 130 тысяч адзінак кар’ернай тэхнікі – гэта нашмат больш яго асноўнага канкурэнта, кампаніі Caterpillar.

У 2013 годзе завод прадставіў самы вялікі ў свеце самазвал «БелАЗ-75710» грузападымальнасцю 450 тон.

У “БелЛАЗ-Холдынг” уваходзяць  ААТ “Кузлітмаш”, Магілёўскі вагонабудаўнічы завод, Старадарожскі механічны завод, Магілёўскі аўтамабільны завод і іншыя.

chudo.tech

  1961 год. Нарадзіўся Сяргей Алейнікаў. 

Беларускі футбаліст, паўабаронца.

Выступаў за клубы «Дынама» (Мінск), «Ювентус» (Турын), «Лечэ» (Італія), «Гамба Осака» (Японія), «Адэвольд» (Швецыя) і іншых.

У чэмпіянатах СССР правёў 220 матчаў, забіў 31 гол, у еўрапейскіх кубкавых турнірах правёў 36 матчаў, за зборную СССР/СНД – 77 матчаў. У 1992-1994 гадах выступаў за зборную Беларусі.

Працаваў трэнерам італьянскіх «Ананьі Фантана», «Пантэдэру», «Крас», галоўным трэнерам маскоўскага «Тарпеда-Металург», падмаскоўнага «Віднае», літоўскай «Дайнава», у італьянскай дзіцячай школе ў Каперціна, у філіяле футбольнай акадэміі клуба «Ювентус».

Чэмпіён СССР (1982), фіналіст Кубка СССР (1987), віцэ-чэмпіён Еўропы (1988), уладальнік Кубка Італіі і Кубка УЕФА (1990).

У гонар футбаліста заснаваны Клуб Сяргея Алейнікава.

football-pitch.ru

 1989 год. Створаны Дом-музей дзеда Талаша ў вёсцы Навасёлкі Петрыкаўскага раёна. Размешчаны ў хаце Васіля Талаша, пабудаванай ім у 1918-1920 гадах. Васіль Талаш (1844-1946) – удзельнік партызанскага руху ў савецка-польскай і Вялікай Айчыннай войнах, народны герой, герой аповесці Якуба Коласа «Дрыгва», самы стары ўдзельнік Вялікай Айчыннай.

У музеі на 63 м² размешчана каля 500 прадметаў асноўнага фонду і 360 навукова-дапаможнага. Экспазіцыя мае раздзелы: сям’я дзеда Талаша; Дзед Талаш і аднавяскоўцы; 125–130-ая партызанскія брыгады.