Грыбы і ягады паказалі перавышэнне па радыяцыі ў чатырох раёнах Магілёўшчыны

За лета магілёўскі занальны Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўзяў 519 спроб рознай прадукцыі ад насельніцтва на ўтрыманне цэзія-137. Гэта былі і садавіна-гародніна з прысядзібных участкаў, і грыбы-ягады з лесу. Ні адна спроба па прадукцыі, якую грамадзяне вырасцілі на сваіх лецішчах і сядзібах не паказала перавышэнне нарматываў па ўтрыманні радыяцыі. Тое ж адносіцца да прамысловай прадукцыі. 

Пры гэтым у 6 спробах лясной ягады і ў 3 спробах грыбоў, даследаваных пры звароце грамадзян, было ўстаноўлена перавышэнне дапушчальных узроўняў утрымання цэзію-137. Гэтыя прадукты збіраліся ў Магілёўскім, Быхаўскім, Бялыніцкім і Клічаўскім раёнах вобласці – паведамляе прэс-служба ведамства. 

Фота: mogilev.media

 

Плошча радыяцыйнага забруджвання ў Беларусі скарацілася ў два разы

Намеснік начальніка ўпраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адыходамі Дзяржатамнагляду Кацярына Шмялёва заявіла, што плошча забруджвання тэрыторыі Беларусі цэзіем-137 скарацілася практычна ўдвая за перыяд пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

– На сёння плошча забруджвання складае 12,3% ад усёй тэрыторыі краіны. – расказала Кацярына Шмялёва рэсурсу БелТА – Па стане на 1 студзеня 2023 года забруджанымі на ўзроўні звыш 1 Кі/кв.км застаюцца больш за 1, 5 млн. гектар лясоў (15,5 працэнта ад агульнай плошчы ляснога фонду) і 825 тыс. гектар сельскагаспадарчых зямель (амаль 11 працэнтаў ад іх агульнай плошчы).

Можна канстатаваць, што паступова зніжаецца доза знешняга апрамянення насельніцтва ў сувязі з распадам цэзію-137, радыяцыйнае становішча паляпшаецца – паведаміла спецыяліст. Разам з тым, 2022 населеныя пункты знаходзяцца ў забруджанай зоне. Па стане на 1 студзеня 2023 гады тут пражывае 945,1 тыс. чалавек, у тым ліку 189 тыс. дзяцей.

Фота з адкрытых крыніц.