Пара валіць – самым папулярным прадметам на ЦТ стала англійская мова

Упершыню англійская мова аказалася ў лідарах сярод прадметаў, да якіх рыхтуюцца беларускія абітурыенты.

Вынікі рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне падвялі ў Міністэрстве адукацыі Беларусі. Большасць абітурыентаў у якасці прадмета для іспыту выбралі англійскую мову – 14,4 тысячы чалавек. На другім месцы паводле папулярнасці фізіка – 13,4 тысяч абмтурыентаў. Летась менавіта фізіка была ў лідарах сярод прадметаў, на якія рэгістраваліся будучыя студэнты.

Тэсціраванне пройдзе з 27 мая па 6 чэрвеня. На некаторыя прадметы будзе выдзелена па два дні. Графік правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў 2024 годзе:

– беларуская мова – 30 траўня

– руская мова – 30 траўня

– фізіка – 27 траўня, 6 чэрвеня

– матэматыка – 27 траўня, 3 чэрвеня

– хімія – 27 траўня, 6 чэрвеня

– біялогія – 27 траўня, 3 чэрвеня

– замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) – 27 мая, 3 чэрвеня

– гісторыя Беларусі – 27 траўня, 6 чэрвеня

– грамадазнаўства – 27 траўня, 6 чэрвеня

– геаграфія – 27 траўня, 3 чэрвеня

– сусветная гісторыя (найноўшы час) – 27 мая, 3 чэрвеня.

Фота: 024.by

З сённяшняга дня ў Беларусі выдаюць сертыфікаты ЦТ

Сертыфікаты асноўнага этапа цэнтралізаванага тэсціравання пачалі выдаваць абітурыентам з 14 ліпеня. Пра гэта паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юры Міксюк.

Вынікі асноўнага этапу цэнтралізаванага тэсціравання абітурыенты маглі даведацца на сайце РІКВ. 

– Забраць сертыфікаты абітурыент можа пачынаючы з 14 ліпеня ў пункце, у якім праходзіў цэнтралізаванае тэсціраванне, пад подпіс у ведамасці выдачы. Пры гэтым неабходна прад’явіць дакумент, які сведчыць асобу, дакумент аб адукацыі, гэта можа быць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, дыплом аб прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Спатрэбіцца таксама пропуск з адзнакай “Тэставанне прайшоў”, які ў далейшым будзе канфіскаваны. Дзеці часта забываюцца прадастаўляць пры выдачы сертыфікатаў ЦТ дакумент аб адукацыі. Прычым калі ў пункты выдачы паедуць прадстаўнікі абітурыентаў, яны павінны мець пры сабе арыгінал гэтага дакумента. – расказаў Юрый Міксюк.

Фота з адкрытых крыніц

Заўтра ў беларускіх абітурыентаў пачынаецца цэнтралізаванае тэставанне

14 чэрвеня пройдзе ЦТ па беларускай мове. З гэтага дня пачынаецца перыяд здачы цэнтралізаванага тэставання ў беларускіх абітурыентаў.

Асноўная частка іспытаў працягнецца да 4 ліпеня. ЦТ будзе праходзіць праз кожныя два дні. Так, пасля беларускай мовы 16 чэрвеня будзе руская мова, 18 чэрвеня – грамадазнаўства, 20 чэрвеня – матэматыка, 22 чэрвеня – біялогія, 24 чэрвеня – замежная мова. 26 чэрвеня – хімія, 28 чэрвеня – фізіка, 30 чэрвеня – гісторыя Беларусі, 2 ліпеня – геаграфія, 4 ліпеня – сусветная гісторыя (найноўшы час).

Рэзервовыя дні правядзення цэнтралізаванага тэсціравання: 11 ліпеня і 13 ліпеня па беларускай і рускай мовах,11 ліпеня і 15 ліпеня – па астатніх прадметах.

Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання 2023 года ў рэзервовыя дні – з 1 ліпеня па 6 ліпеня.

Час пачатку ЦТ у асноўныя і рэзервовыя дні — 11:00.

Фота ілюстрацыйнае

У Беларусі пачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне

Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне пачалася 10 траўня і завершыцца 1 чэрвеня.

Для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні абітурыент можа падаць заяву ў электронным выглядзе на сайце Рэспублікага інстытута кантролю ведаў або можа гэта зрабіць, прыйшоўшы ў адзін з пунктаў рэгістрацыі.

Пры сабе абітурыент павінен мець дакумент або копію дакумента, які пацвярджае асобу: пашпарт, ID-карту (пластыкавая смарт-карта), пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца або даведку, якая выдаецца ў выпадку страты дакумента, што сведчыць пра асобу. – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.

Да 1 чэрвеня абітурыент павінен забраць пропуск. Тыя, хто запаўняў электронную форму на сайце інстытута кантролю ведаў, змогуць зрабіць гэта ў пункце здачы тэсціравання. Астатнія – асабіста ў пункце рэгістрацыі. Важна адзначыць, што рэгістрацыю на цэнтралізаванае тэсціраванне можна лічыць завершанай толькі пасля атрымання пропуску.

Зарэгістравацца для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні можна будзе з 1 да 6 ліпеня.

Цэнтралізаванае тэсціраванне пачнецца 14 чэрвеня з беларускай мовы і завершыцца 4 ліпеня сусветнай гісторыяй. Рэзервовымі днямі прадугледжаны 11, 13 і 15 ліпеня. Час пачатку тэсціравання ў асноўныя і рэзервовыя дні – 11.00.

Фота ілюстрацыйнае

Якія змены чакаюць з наступнага года абітурыентаў – разбіраемся

Замест чатырох сертыфікатаў цяпер будзе тры. Плюс абавязковы дакумент – характарыстыка са школы. Выглядае, што так міністэрства будзе зацягваць школьнікаў у БРСМ і атрымае інструмент для ціску на настаўнікаў, школьнікаў, бацькоў.

На мінулым тыдні адбылася нарада беларускіх урадоўцаў, на якой падымалася пытанне пра змены і навацыі ва ўступнай кампаніі ў ВНУ з наступнага года. Заяўляецца, што падрыхтоўка змен вялася з прыцягненнем шырокага кола спецыялістаў, грамадскасці, бо тэма адукацыі так ці інакш закранае вялізную колькасць людзей. Толькі ў 2023 годзе ў Беларусі будзе каля 54 000 выпускнікоў, якім важна даведацца пра правілы прыёму ў ВНУ і зрабіць лёсавызначальны для сябе выбар.

Тры сертыфікаты замест чатырох

Неабходна здаваць два абавязковыя цэнтралізаваныя экзамены (ЦЭ) і адзін экзамен па прадмеце (ЦТ) на выбар для ўніверсітэта, у які вызначыўся паступаць абітурыент. Усяго патрабуецца тры сертыфікаты, і ўсяго школьніку дадуць толькі тры спробы.

– У рамках школьнай праграмы абітурыент здасць цэнтралізаваны экзамен па рускай ці беларускай мове, атрымае адзнаку і сертыфікат. Пасля здасць экзамен па прадмеце на выбар – і таксама атрымае сертыфікат. Атрымліваецца, ужо два сертыфікаты. І пасля, у тэрмін асноўнага ЦТ, здасць яшчэ адзін прадмет на выбар для ўніверсітэта, у які вызначыўся паступаць, — і атрымае трэці сертыфікат. – распавёў на нарадзе міністр адукацыі Андрэй Іванец

Залічэнне ва ўніверсітэты будзе праводзіцца з улікам трох сертыфікатаў і сярэдняга бала атэстата.

Раней абітурыент меў права здаваць чатыры дысцыпліны, што дазваляла яму падстроіцца пад мінімальны прапускны бал на розных спецыяльнасцях у розных ВНУ. Менавіта гэтая магчымасць выбару для абітурыента і стала мішэнню чыноўнікаў ад адукацыі.

– Тут мы бачым рашэнне задачы спыніць беганіну паміж ВНУ. Калі раней была прадугледжана магчымасць здачы чатырох ЦТ, і, умоўна кажучы, малады чалавек мог выбраць спецыяльнасць ад лірыка да фізіка. Сёння, калі мы пакідаем фармат здачы двух ЦЭ і аднаго ЦТ, мы дакладна упэўнены, што малады чалавек выбірае той напрамак, з якім хоча звязаць сваё далейшае жыццё. – падкрэсліў міністр.

 

Наш каментарый

Здача ўступных экзаменаў у ВНУ, як сусветная практыка, існавала ў нас і да пачатку 2000-х гадоў і была заменена ЦТ пад лозунгамі барацьбы з экзаменатарамі-карупцыянерамі. 

Большасць выкладчыкаў выказваюцца, што цяпер замест чатырох прадметаў у школе, абітурыенты будуць вывучаць толькі тры, астатнія іх не будуць цікавіць. А сярэдні бал атэстата “падмалююць”. Вось толькі ці ўзрасце ад ўсяго гэтага агульны ўзровень адукаванасці сучасных маладых беларусаў? Без ведаў дакладных навук, замежных моў?  

Характарыстыка са школы ўключана ў пералік абавязковых дакументаў для паступлення абітурыента.

Важнай навацыяй уступнай кампаніі 2023 года міністр назваў увядзенне характарыстыкі вучня, якая па ўстаноўленай форме будзе выдавацца ўстановай адукацыі – школай або каледжам. 

Характарыстыка, паводле слоў міністра, будзе адлюстроўваць “не толькі і не столькі паспяховасць, а асабістыя якасці маладога чалавека, удзел у рабоце грамадскіх аб’яднанняў (піянеры, БРСМ), у акцыях патрыятычнай накіраванасці”. 

 

Наш каментарый

Выглядае, што гэта робіцца для яшчэ большага ціску на псіхіку школьнікаў, якім цяпер і дома і ў школе будуць пагражаць за любую самастойнасць думкі і наяўнасць пазіцыі дрэннай характарыстыкай.

Нават у самым лепшым варыянце, выдача ў школах характарыстык абітурыенту – савецкі атавізм і чарговая перастрахоўка. Калі што не так з абітурыентам – спытаюць са школы, з настаўнікаў, з дырэктара і класнага кіраўніка. 

Месца правядзення цэнтралізаваных экзаменаў.

Міністэрства адукацыі прапануе праводзіць цэнтралізаваны экзамен па-за межамі школ. У буйных гарадах і раёнах ужо вызначаны месцы для гэтага. Прымаць экзамен будуць у аўдыторыях каледжаў і ўніверсітэтаў. Паколькі не ў кожным населеным пункце ёсць гэтыя навучальныя ўстановы, частку школьнікаў давядзецца падвозіць для здачы экзамену ў іншыя раёны або гарады.

Паводле слоў Андрэя Іванца, па краіне вызначаны 93 пункты для здачы цэнтралізаванага экзамену. Некаторыя з іх будуць дзейнічаць як міжраённыя.

Падрыхтоўкай заданняў і праверкай работ будзе займацца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.

Тэрміны ўступнай кампаніі.

Уступная кампанія пачнецца ў лютым-сакавіку 2023 года, калі пройдуць універсітэцкія і рэспубліканскія этапы прадметных алімпіяд, пераможцы якіх у выніку атрымаюць права на залічэнне ў ВНУ без выпрабаванняў. Адпаведна, у гэты часавы перыяд будзе праведзена іх залічэнне ў ВНУ.

Далей з 14 па 21 мая, да заканчэння навучальнага года, пройдуць цэнтралізаваныя экзамены.

з 1 па 12 чэрвеня можна будзе прайсці сумоўе і ўнутраны экзамен у ВНУ абітурыентам, у якіх ёсць мэтавае накіраванне.

«Напрамую падаецца заява на мэтавае, і для такіх абітурыентаў вывешваецца графік экзаменаў. Праграма гэтых сумоўяў і экзаменаў будзе апублікавана на сайце Міністэрства адукацыі да Новага года, можна будзе рыхтавацца. Ну, і вы ж разумееце, што канкрэтна той заказчык, у якога вы ўзялі мэтавае накіраванне, забярэ вас працаваць да сябе на пяць гадоў», — рэзюмаваў міністр.

Экзамен на мэтавае навучанне здаецца ў вуснай форме.

– Такім чынам мы зможам убачыць будучых медыкаў (плануем каля 50 працэнтаў медыкаў прыняць на мэтавую форму падрыхтоўкі), педагогаў (парадку 20-25 працэнтаў), спецыялістаў, якія будуць сыходзіць у сельскую гаспадарку. – падкрэсліў Андрэй Іванец. 

Паводле яго слоў, да гэтага часу па выніках сумоўя прымалі выпускнікоў педагагічных, аграрных, фізкультурных класаў. Іх было прынята каля 1000 чалавек у 2022-м. 

Выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку, якія праходзяць шматстадыйны адбор, змогуць пайсці вучыцца ў ВНУ па адпаведным профілі на падставе рэкамендацыі наглядальнай рады парка.

Неабавязковы экзамен у форме цэнтралізаванага тэсціравання, які патрэбны выпускнікам для паступлення ў профільную ВНУ, можна будзе здаць пасля 12 чэрвеня. Далей залічэнне ў ВНУ пройдзе ў тыя ж тэрміны, што і ў мінулым годзе.

 

Наш каментарый

Відавочна, што гэта робіцца для таго, каб зацягнуць абітурыентаў у тыя ВНУ, якія выпускаюць спецыялістаў у найбольш праблемныя сферы, і каб гэты спецыяліст потым гарантавана адпрацоўваў пяць гадоў. Вусны экзамен замест ЦТ, гэта практычна гарантыя паступлення, улічваючы хранічны недабор паступаючых.

Апублікаваць выніковы дакумент па ўсіх новоўвядзеннях для ўсеагульнага азнаямлення плануецца да канца 2022 года.