Дзень у гісторыі. Сфармаваны трэці Ўрад БНР. У Савецкім Саюзе ўвялі для калгаснікаў працадні, якімі замянілі заробкі. Старшынём ураду стаў Міхаіл Чыгір, які выступіў супраць рэферэндуму 1996 году

22 ліпеня 1944 года заснаваны Міжнародны валютны фонд.

Мэта – садзейнічанне міжнароднаму супрацоўніцтву ў грашова-крэдытнай сферы, стабілізацыі валютных курсаў, прадстаўленні фінансавых сродкаў партнёрам.

Фінансавыя сродкі МВФ фармуюцца галоўным чынам за кошт падпіскі яго членаў – 190 дзяржаў свету.

За 30 гадоў членства (з 1992), Беларусь ад МВФ атрымала падтрымку на 3,8 млрд долараў ЗША.


22 ліпеня 1918 году сфармаваны Трэці Урад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Іванам Серадой.

Першым Урадам БНР стаў Народны сакратарыят на чале з Язепам Варонкам. Народны сакратарыят быў утвораны 20 лютага 1918 году.

Урад БНР – вышэйшы выканаўча-распарадчы орган Беларускай Народнай Рэспублікі.

Раду БНР – найстарэйшы урад у выгнанні, які дагэтуль функцыянуе згодна са статутам.

Паводле Устаўной граматы, Радзе БНР належала права прымаць законы, зацвярджаць урад. Пасля эміграцыі мэты дзейнасці і функцыі Рады БНР былі перафармуляваныя і скіраваныя найперш на прадстаўніцтва беларускага народу на міжнароднай арэне, абароне права на суверэнітэт беларускай нацыі да моманту фармавання дэмакратычна абранай улады ў Беларусі.

Іван Серада ў адрозненні ад іншых кіраўнікоў БНР не пакінуў Беларусі. У 1930 ён быў арыштаваны паводле абвінавачання ва ўдзеле ў «Саюзе вызвалення Беларусі» і сасланы ў Яраслаўль на 5 гадоў. У 1941 годзе яму вынеслі паўторны прысуд –10 гадоў пазбаўлення волі. Ён памёр у 1943 годзе ў нявысветленых абставінах.


22 ліпеня 1930 года ў СССР уведзена сістэма працадзён для калгаснікаў.

Прыдуманая ўладай мера ацэнкі і форма ўліку колькасці і якасці працы ў калгасах у перыяд з 1930 па 1966 год. Фактычна працадні замянілі заробак чальцам калгасаў. Быў уведзены абавязковы мінімум працаздольнасці ў год для працаздольнага калгасніка. Іх не выкананне прадугледжвала штрафныя санкцыі. Працадні меліся адпрацоўваць і дзеці.

Калгаснікам сталі налічваць пенсіі толькі ў 1964 годзе. Большасць сельскіх пенсіянераў у 1970-1980-я гады мелі мізэрныя выплаты, што было следствам сістэмы працадзён.

 


22 ліпеня 1994 года першым Прэм’ер-міністрам прэзідэнцкай і другім у незалежнай Беларусі стаў Міхаіл Чыгір.

У 1995 году прадстаўляў Беларусь на сусветным эканамічным форуме ў Давосе. Застаўся на пасадзе да лістапада 1996 году.

У лістападзе 1996 году гучна сышоў у адстаўку на знак пратэсту супраць абвешчанага рэферэндуму.

На альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах 1999 году вылучыўся кандыдатам. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

30 сакавіка 1999 году быў арыштаваны паводле абвінавачвання ў «злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі», перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, нядбайнасці. 

Пасля васьмі месяцаў зняволення яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

19 мая 2000 яму прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.


22 ліпеня 1919 года нарадзіўся Міхаіл Булахаў.

Мовазнаўца.

Даследчык праблем сучаснай беларускай мовы, мовы старажытных беларускіх помнікаў, аўтар прац «Прыметнік у беларускай мове», «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы», «Усходнеславянскія мовазнаўцы».

Выхаванец Магілёўскага педагагічнага інстытуту. 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў