«Вы неверагодныя людзі». Вызваленая журналістка Дар’я Чульцова падзякавала за падтрымку

Дар’ю Чульцову вызвалілі з Гомельскай калоніі 3 жніўня. 5 жніўня яна апублікавала відэазварот на сваёй старонцы ў Інстаграме.

«Хачу сказаць вялікі дзякуй, што пісалі і не забывалі. Хто піша цяпер. Даруйце, што не магу адказаць. Гэта дужа цяжка. Проста хачу ўсім сказаць дзякуй», кажа журналіста.

«Дагэтуль не магу паверыць, што адбываецца з Кацяй (журналістка Андрэева, Бухвалава, ММ). Спадзяюся, што ўсё хутка падыдзе да канца, – адзначае яна. – Вы неверагодныя людзі. Столькі падтрымкі. Не думала ніколі ў жыцці, што ў мяне будзе такая падтрымка. Дзякуй усім вялікі».

Журналісту Дар’ю Чульцову ўтрымлівалі за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Разам з каляжанкай Кацярынай Андрэевай (Бухвалавай) яе зняволілі ў кватэры, дзе яны хаваліся пасля разгону пратэсту на «плошчы Перамен» у Мінску. Журналісткі вялі стрым падчас асвятлення акцыі памяці Рамана Бандарэнкі.

Спачатку Чульцову і Андрэеву асудзілі на 7 дзён адміністрацыйнага арышту за «удзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванні». Потым абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 18 лютага 2021 году ім прысудзілі па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

ichef.bbci.co.uk


Зьняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву (Бухвалаву) асудзілі паўторна. Яе абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» ды «здраду дзяржаве». Ёй прысудзілі 8 гадоў і 3 месяцы ў калоніі узмоцненага рэжыму.


Праваабарончай супольнасцю Чульцова і Андрэева былі прызнаныя палітзняволенымі.

Дар’я Чульцова са Шклову. У зняволенні, 20 лютага адзначыла 25-годдзе.

Журналістыку Дар’я ўпадабала ў старшых класах. Скончыла факультэт журналістыкі Магілёўскага ўніверсітэту імя Куляшова. Працавала ў мясцовым інтэрнэт-выданні «Могилёв. Онлайн».

У 2019 годзе пачала супрацоўнічаць з тэлеканалам «Б….т». Яна разумела, што супрацоўніцтва з ім стане нагодай для пераследу і рэпрэсіяў. У Магілёве яе двойчы штрафавалі за працу без акрэдытацыі.

У верасні 2020 году перабралася ў сталіцу і там пачала рабіць яго аператаркай. Пра ейны арышт родным стала вядома з смс-паведамлення праваабаронцаў.