Над Гомелем авіяцыя збівала расійскія беспілотнікі-камікадзэ – што вядома

Сёння ноччу адразу некалькі расійскіх беспілотнікаў тыпу “шахед” заляцелі ў паветраную прастору Беларусі. Прынамсі два з іх былі збітыя ў небе над Гомелем – відэа з падзеннем ахопленых агнём парэшткаў з’явілася ў мясцовых пабліках.

Першыя сведчанні пра збіццё беспілотнікаў над Гомелем былі апублікаваныя ў гарадскім канале “Чат дорожных происшествий” – піша выданне Флагшток – каля першай гадзіны ночы. 

Неўзабаве было лакалізаванае месца падзення абломкаў аднаго са збітых беспілотнікаў-камікадзэ – Навабеліцкі раён у квартале завулкаў 6-ты і 8-мы Ільіча. То бок, збітыя расійскія шахеды ў прамым сэнсе падалі на горад. Паведамляецца, што недалёка ад гэтага месца – на вуліцы 3-яй Транзітнай – пажарная каманда тушыла ўзгаранне. Таксама пажар на зямлі назіраўся ў месцы верагоднага падзення другога беспілотніка – у прыватным сектары на вуліцы Белага, каля магазіна “Суседзі”.

Прыкладна праз поўгадзіны пасля з’ўлення інфармацыі пра першых збітых шахедаў, украінскі маніторынгавы канал “Мікалаеўскі Ванёк” паведаміў пра трэці беспілотнік, што ўварваўся ў паветраную прастору Беларусі ў раёне Хойнікаў.

Сістэма апавяшчэння, якую безперапынна мантуюць і выпрабоўваюць з 2022 года, не змагла папярэдзіць гамяльчан падчас атакі расійскімі БПЛА – заўважыла пры гэтым выданне Флагшток.

Раніцай 5 верасня Узброеныя сілы Беларусі праводзілі ў ваколіцах Гомеля мерапрыемству па пошуку неразарваных боепрыпасаў. Верагодна, гаворка ідзе пра ракеты, якімі авіяцыя збівала шахедаў – мяркуюць у маніторынгавым канале “Беларускі Гаюн”.

Са сваім афіцыйным каментаром выступіла Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 

шахед гомель

Як бачым, у гэтай заяве адсутнічае ключавая дэталь – фіксацыя, што беспілотнікі былі расійскімі.

Нагадаем, што 29 жніўня ў небе над Беларуссю ўжо збівалі – верагодна, упершыню – расійскі беспілотнік-камікадзэ.

Фота ілюстрацыйнае

Расійскі беспілотнік-камікадзэ лётаў над Бабруйскам, Быхавам і Магілёвам – абноўлена

Сёння раніцай каля 08:40 гадзін па беларускім часе ў небе над Беларуссю быў заўважаны расійскі беспілотнік-камікадзе тыпу “Шахед”. Ён зайшоў у паветраную прастору нашай краіны з боку Жытомірскай вобласці Украіны, накіраваўся ў бок Нароўлі, а потым рушыў на Бабруйск – паведамляе “Беларускі Гаюн”.

Маніторвнгавы канал адзначыў, што раніцай у небе над Гомельскай і Магілёўскай вобласцю Беларусі ляталі знішчальнік Су-30 ваенна-паветраных сілаў Беларусі і верталёт Мі-24 ВПС РБ, якія былі ўзняты з аэрадромаў «Баранавічы» і «Мачулішчы».

Раней ужо некалькі разоў з’яўляліся паведамленні пра тое, што атакуючы Украіну, расійскія беспілотнікі залятаюць у паветраную прастору Беларусі. У адным выпадку такі дрон праляцеў над Беларуссю каля 350 кіламетраў, дасягнуўшы Віцебска.

Абноўлена:

“Беларускі Гаюн” размясціў абноўленую інфармацыю пра пралёт дрона над Магілёўскім рэгіёнам. З графіка можна зрабіць выснову, што лятальны апарат пасля Бабруйска ўзяў кірунак на Быхаў, потым развярнуўся ў бок Беразіна і накіраваўся на Магілёў. Над абласным цэнтрам, як паведамляецца, баыла заўважана вынішчальная авіяцыя.

Фота ілюстрацыйнае