Сусветны дзень дабрыні (World Kindness Day).
Устаноўлены ў гонар адкрыцця ў 1998 годзе ў Токіа 1-й канферэнцыі Сусветнага руху дабрыні.
Незалежна ад таго, колькі чалавеку гадоў, дзе ён жыве і якая ў яго прафесія, ён можа зрабіць дабро: убачыць станоўчае ў складанай сітуацыі, каб натхніць іншых; прыслухацца да сяброў і сям’і; падзяліцца часам, энергіяй і сродкамі, каб дапамагчы свету, у якім ён жыве, стаць лепш.
Людзі, якія штодня здзяйсняюць добрыя справы, лепш пачуваюцца і фізічна, адчуваюць сваё жыццё больш гарманічным, валодаюць лепшым імунітэтам, а значыць – яны менш хварэюць і даўжэй жывуць.
У Дзень Дабрыні, акрамя добрых усмешак і спраў, прынята дарыць знаёмым і незнаёмым людзям кветкі. А спецыяльна для гэтага Дня французскі мастак Арэль стварыў сімвал – адкрытае сэрца.
Міжнародны дзень сляпых (International Day of the Blind).
Дзень выбраны ў гонар дня нараджэння ў 1745 годзе Валянціна Гаюі – вядомага педагога, які заснаваў у Парыжы і Пецярбургу некалькі школ і прадпрыемстваў для сляпых.
Гэта сусветная дата заклікана прыцягнуць увагу людзей да тых, хто назаўжды страціў зрок і апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Зараз у свеце каля 300 мільёнаў чалавек маюць праблемы са зрокам, з іх каля 40 млн не бачаць наогул. Хваробы вачэй устаноўлены больш як у 20 млн дзяцей.
У Міжнародны дзень сляпых праводзяцца сімпозіумы, зборы, канцэрты ў падтрымку тых, хто назаўжды страціў зрок і тых, каму яшчэ, магчыма, усміхнецца поспех і якія калі-небудзь змогуць убачыць свет на свае вочы.
Дзень беларускай школы.
13 лістапада 1915 года была адкрыта першая легальная беларускамоўная школа ў Вільні.
Яе стваральнікамі былі браты Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка). Перад гэтым яны абыйшлі многія раёны горада, заклікалі бацькоў запісваць дзяцей у свае школы.
“Як мы ўсе цешыліся, калі была адчынена першая беларуская пачатковая школа. Адсвяткавалі мы гэту ўрачыстасць супольнай гарбаткай у Камітэце (Беларускі камітэт). Пірог на гэтае свята прынесла з хаты я” – узгадвала Юльяна Мэнке, настаўніца нямецкай мовы.
Сёння афіцыйна Дня беларускай школы няма. Хоць у 1920-1930-я гады гэты дзень адзначаўся.
1806 год. Нарадзілася Эмілія Плятэр.
Беларуская фалькларыстка, патрыётка, змагарка за незалежнасць.
Збірала і апрацоўвала беларускія народныя песні. Спрабавала пісаць беларускія вершы. Вандравала па гістарычных мясцінах Інфлянтаў, Літвы, Беларусі і Польшчы.
Падчас паўстання 1830-1831 гадоў стварыла і ўзначала атрад з 280 пехацінцаў, 60 конных воінаў і некалькіх соцень касінераў. Удзельнічала ў некалькіх баях. Была прызначана камандзірам роты 25-га пяхотнага палка, атрымала званне капітана.
Пад канец паўстання захварэла і памерла 23 снежня 1831 года.
Стала адным з сімвалаў паўстання. А. Міцкевіч увекавечыў яе ў сваім вершы «Смерць палкоўніка», свае творы ёй прысвяцілі многія паэты, пісьменнікі, мастакі.
У час Другой сусветнай вайны быў створаны Першы асобны жаночы батальён імя Эміліі Плятэр.
wikimedia.org
1836 год. Нарадзіўся Яраслаў Дамброўскі.
Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, генерал Парыжскай камуны.
Скончыў Брэсцкі кадэцкі корпус, служыў у Санкт-Пецярбургскім Дваранскім палку, у артбрыгадзе, якая ўдзельнічала ў Каўказскай вайне. Вучыўся ў Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба.
Быў членам і кіраўніком гуртка апазіцыйна настроеных афіцэраў, вёў у Варшаве падпольную працу ў складзе Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта. Распрацаваў план паўстання.
Быў арыштаваны і зняволены ў Варшаўскую цытадэль, адкуль кіраваў паўстаннем. Асуджаны да 15 гадоў катаржных работ, але ў 1864 здолеў уцячы з маскоўскай перасыльнай турмы.
З 1865 года жыў у Парыжы, удзельнік Аб’яднання польскай эміграцыі.
Актыўны ўдзельнік Парыжскай камуны: камандзір легіёна, камендант Парыжскага ўмацаванага раёна і камандуючы войскамі заходняга сектара абароны Парыжу, генерал.
23 мая 1871 атрымаў цяжкае кулявое раненне ў баі і памёр у парыжскім шпіталі Ларыбуазьер.
1896 год. Нарадзіўся Антон Платун.
Прафсаюзны, палітычны дзеяч, чацвёрты народны камісар асветы БССР пры недахопе асабістай асветы, нават акадэмік.
Удзельнік рэпрэсій супраць беларускіх нацыянальных дзеячаў навукі і адукацыі. Ініцыятар “чыстак” у наркамаце.
Рэпрэсаваны сам і двое яго родных братоў. 15 чэрвеня 1938 года расстраляны НКУС.
1924 год. Канстанцінопальскім патрыярхатам прызнана Польская аўтакефальная праваслаўная царква (ПАПЦ).
Зараз ахоплівае каля 600 тысяч праваслаўных вернікаў Польшчы. Тэрытарыяльна 6 епархій: Варшаўска-Бельская; Беластоцка-Гданьская; Уроцлаўска-Шчэцінская; Лодзінска-Пазнаньская; Перамышльска-Гарліцкая; Холмска-Люблінская.
Мае больш за 250 прыходаў, 410 цэркваў, 270 святароў і дыяканаў, 3 манастыры мужчынскія і 3 жаночыя, Духоўную семінарыю і Багаслоўскую акадэмію (абедзве ў Варшаве), кафедру праваслаўнага багаслоўя ў Беластоцкім універсітэце.
3 утварэннем незалежнай Польскай дзяржавы ў 1918 годзе, паўстала пытанне пра самастойнасць епархій, якія апынуліся па-за межамі Расіі. У 1921 годзе патрыярх Ціхан надаў праваслаўнай царкве ў Польшчы права аўтаноміі, а ў 1922 ім абвешчана аўтакефалія.
Кафедральны сабор Св. Марыі Магдаліны ў Варшаве, wikimedia.org
1942 год. Памёр Уладзіслаў Талочка.
Беларускі рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, культуролаг, гісторык, літаратурны крытык.
Служыў святаром у Вільні, адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны, беларускага дзіцячага прытулку «Золак», член беларускай «Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці», актыўны ўдзельнік беларускіх ініцыятыў.
За сваю дзейнасць з 1920-х гадоў пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі.
Адзін з першых каталіцкіх святароў, хто ўжыў беларускую мову ў набажэнствах.
Падтрымліваў выданне каталіцкай газеты «Беларус», выкладаў рэлігію ў беларускіх школах, на курсах для непісьменных рабочых.
Прыхільнік ідэі экуменізму.
wikimedia.org
1985 год. Больш за 23 000 чалавечых жыццяў забрала вывяржэнне вулкана Невададэль-Руіс у Калумбіі.
Гэта другая катастрофа XX стагоддзя па колькасці ахвяр пасля вывяржэння 1902 года на востраве Марцініка.
Самы высокі з актыўных вулканаў (5 321 м) з тоўстым пластом снега і лёду, Невада-дэль-Руіс а 19 гадзіне “стрэліў” слупам з гарачага газу, попелу і камянёў, аскепкамі лёду.
Галоўны ўдар прыпаў па размешчаным у 50 км горадзе Армера, дзе з 28 700 жыхароў загінулі 21 000 (яшчэ 2 000 ў іншых пасяленнях).
За 10 хвілін горад ператварыўся ў новыя Пампеі. Вулканолагі папярэджвалі людзей аб бядзе, якая насоўваецца, але ім мала хто паверыў.
tunnel.ru
1986 год. Памерла Ганна Абуховіч.
Беларуская акцёрка тэатра і кіно. Народная артыстка Беларусі.
Дэбютавала як акцёрка нямога кіно ў 1929 годзе. З 1937 года акцёрка Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра Беларусі.
Стварыла шэраг яркіх, псіхалагічна глыбокіх драматычных вобразаў. Сярод найлепшых роляў: Ларыса і Агудалава («Беспасажніца» А. Астроўскага), гаспадыня Ніскавуоры («Каменнае гняздо» Х. Вуаліёкі), Генералья («Кароль Лір» У. Шэкспіра), Надзея Пятроўна («Брэсцкая Крэпасць» К.Губарэвіча), Міхаліна Матулевіч («Трывога» А.Петрашкевіча) і іншыя. Здымалася ў 9 кінафільмах.
Аўтар ўспамінаў «Паўстагоддзя на сцэне» (1987).
У яе гонар на вул. Леніна, 5 у Мінску ўсталяваная памятная дошка.
wikimedia.org
1989 год. На 81-м годзе жыцця памёр ураджэнец в. Клетнае Глускага раёна Фёдар Янкоўскі.
Беларускі мовазнавец і пісьменнік. Доктар філалагічных навук, прафесар.
Даследаваў беларускую народную мову, фанетыку, марфалогію і сінтаксіс беларускай літаратурнай мовы, гісторыю беларускай мовы.
Удзельнічаў у выданні «Фразеалагічнага слоўніка», дапаможнікаў для ВНУ «Сучасная беларуская літаратурная мова», «Практыкум па беларускай мове» і іншых.
Складальнік зборнікаў афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнанняў, фразеалагізмаў.
wikimedia.org
1999 год. Памёр Дзмітрый Апарын.
Беларускі хімік-арганік. Доктар хімічных навук, прафесар.
Працаваў у Інстытуце біяхіміі Акадэміі навук Беларусі, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы.
Даследаваў праблемы хіміі і біялагічнай актыўнасці гетэрацыклічных злучэнняў, будовы, устойлівасці і рэакцыйнай здольнасці арганічных катыёнаў, карэляцыйнага аналіза.