Басейн у Круглым плануецца ўзвесці ў цэнтры горада па вуліцы Новая.
Круглянскі раённы выканаўчы камітэт пачынае працэдуру грамадскага абмеркавання архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі басейна ў г. Круглае.
Басейн будзе прызначаны для выкарыстання школай і можа функцыянаваць як агульнадаступны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Будынак басейна будзе аднапавярховым, каркасным.
У будынку запраектаваны басейн 25 на 8 метраў і глыбінёй 1,2-1,45 метраў, а таксама “лягушатнік” для навучання дзяетак – паведамляе раённая газета “Сельскае жыццё”.
З пачатку гэтага стагоддзя амаль кожны год чыноўнікі радуюць жыхароў радаснай навіной пра хуткі пачатак будаўніцтва базы веславання і іншых спартыўных аб’ектаў.
Вось і ў новым 2023 годзе кіраўнік аддзела спорту і турызму абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Новікаў парадаваў светлымі перспектывамі будаўніцтва новых спартыўных аб’ектаў жыхароў Магілёўшчыны. Патрапіла ў спіс і шматпакутная бабруйская база веславання. Што праўда, а што летуценне – добра бачна на яе прыкладзе.
Што плануюць чыноўнікі ў 2023 годзе
У Магілёўскім рэгіёне сёлета пачнуць распрацоўваць праекты будаўніцтва трох новых басейнаў: у Кіраўску, Круглым і Слаўгарадзе. Акрамя таго, у гэтым годзе будзе завершана абсталяванне басейна ў Хоцімску – паабяцаў Новікаў.
У чарговы раз чыноўнік паабяцаў таксама і распрацоўку дакументацыі будаўніцтва сучаснага комплекаў бабруйскай базы па веславанню і фітнэс-цэнтру.
Чакае абнаўлення і стайня цэнтра Алімпійскага рэзерву для коннага спорту і сучаснага пяціборства. Тут адбудзецца рэканструкцыя памяшканняў для ўтрымання коняў.
Акрамя таго, у Магілёве ў гэтым годзе пройдзе рэканструкцыя ў зале мастацкай гімнастыкі.
Як варта чытаць падобныя абяцанні чыноўнікаў.
Кідаецца ў вочы маламаштабнасць і малалікасць новых спартыўных будоўляў. Да таго ж, з усіх абяцаных для вобласці аб’ектаў, рэальна працы ўжо ідуць толькі ў Палацы гімнастыкі ў Магілёве. Там толькі што былі перанесены тэрміны адкрыцця новага басейна, пра што пісалі mogilev.media. Усё астатняе – выглядае як пражэкты.
Чытаючы інтэрв’ю чыноўнікаў трэба разумець, што яны абавязаны паказваць станоўчую дынаміку ў развіцці той галіны, за якую яны адказваюць. Таму яны вельмі часта вымушаны паказваць не рэальныя дасягненні, а запланаваныя. Апошнімі гадамі яны, каб напрасткі не трапляцца на хлусні, часцей пішуць пра распрацоўку праектаў ці нават проста дакументацыі пэўных аб’ектаў і ствараюць у жыхароў вобласці ўражанне руху наперад. А ў рэальнасці праекты распрацоўваюцца шмат гадоў і часцяком увогуле не рэалізуюцца. Характэрны прыкад – бабруйская база веславання.
База веславання ў Бабруйску – бег па коле абяцанняў.
Пра праекты мінулага стагоддзя па развіццю веславання ў горадзе не варта згадваць у кароткім артыкуле, але дастаткова сказаць, што ўжо з 2005 года аб’ект знаходзіцца пад кантролем у адміністрацыі прэзідэнта. Упершыню размовы пра будаўніцтва базы веславання ў Бабруйску набылі канкрэтыку ў красавіку 2010 года.
А ў сакавіку 2013 года прадстаўнікі выканаўчага камітэта горада Бабруйска пазнаёміліся з праектам базы веславання, якую пабудавалі ў Гомелі. У цэлым праект іх задаволіў, і яго пачалі абмяркоўваць з дызайнерамі. Засмучалі толькі адсутнасць трэнажорнай залы і пытанні пра выдаткі на будаўніцтва.
Сама база ўяўляла сабой двухпавярховы будынак з гарышчам і трыма элінгамі. У той жа час яго будаўніцтва каштавала 20 мільярдаў рублёў, што адпавядала выдаткам на рэканструкцыю Бабрускага раддому.
У 2013 годзе праект быў адпраўлены на экспертызу і быў ужо заснаваны на праекце дзвюх існуючых баз веславання ў Жлобіне і Мазыры, як больш эканамічных. У чэрвені 2014 года Венгрыя была гатовая вылучыць крэдыт для Бабруйска на будаўніцтва базы веславання.
Новую базу веславання планавалася размясціць на вуліцы Талстога ў раёне санаторыя імя Леніна. Пляцоўка – выдатная. Прастора, пад’езд, спуск да вады. На праекце база выглядала як сціплы палац. Тут прадугледжана ўсё толькі самае неабходнае – гардэроб, залы агульнафізічнай і спецыяльнай падрыхтоўкі, элінгі для захоўвання лодак і памяшканне для іх рамонту. А таксама пакой адпачынку, трэнерскія і масажныя кабінеты, пяць раздзявальняў з цывілізаванымі шафамі і душавымі кабінамі.
У 2015 годзе дызайн і ацэнка дакументацыі базы былі гатовая, але канкурэнцыю яму складала будаўніцтва падобнай базы ў Магілёве. У выніку барацьбы двух гарадоў за новую базу, яна не была завершана ў Магілёве (перапрафілявана ў ФАК на Фаціна) і не пабудавана ў Бабруйску.
У 2021 годзе ўсё паўтарылася амаль па таму ж сцэнару, што было ў 2013 годзе. У выніку была паабяцана будоўля ў 2022-2023 гадах.
І вось у 2023 годзе зноў ідуць размовы пра распрацоўку праекту базы.
Высновы.
Беларускія чыноўнікі ўмеюць планаваць будаўніцтва амбітных праектаў і распрацоўваць іх праекты дзесяцігоддзямі.
Трэба ўлічваць, што функцыянеры распрацоўваюць праекты не толькі для ўтварэння прыгожай карцінкі развіцця спартыўнай базы вобласці. На праектах можна добра зарабляць. Справа ў тым, што калі на працягу трох гадоў распрацаваны праект не здзяйсняецца, то трэба прымаць новы праект і адпаведна выдаткоўваць грошы на гэта. А праектны складнік у агульным кошце любога беларускага аб’екта самы высокі ў Еўропе. Можа быць ён і самы высокі ў свеце, але дакладных дадзеных па ўсіх краінах проста няма.
Вось так прыманне амбіцыйных, але не падмацаваных фінансамі праектаў, такіх як база веславання ў Бабруйску, стварае карцінку клопату пра спорт і здароўе грамадзян, а насамрэч марнуе як народныя грошы, так і энергію людзей.
Рамонт лепшага ў Магілёве басейна – ў Палацы Гімнастыкі на вуліцы Крупская – завершаны.
Але запланаванае адкрыццё не адбудзецца з тэхнічных прычын. Рамонтнікі не змаглі наладзіць працу новага абсталявання да 15 студзеня.
Будаўнічыя працы скончаны своечасова, праблемы ўзніклі менавіта з наладкай абсталявання. Кіраўніцтва палаца абяцае ўсё паналаджваць на працягу двух тыдняў.
Відэаролік магілёўскага блогера з’явіўся ў сетках чатыры дні таму. На ім “Жыгулі”, пераробленыя ў кабрыялет з басейнам. Некалькі хлопцаў раз’яжджаюць на такой машыне па Магілёве і абліваюцца пеннай вадой.
Кабрыялет міліцыя паставіла на штрафстаянку, а яго ўласніку – 29-гадоваму магілёўцу – выпісаныя чатыры штрафы за парушэнне правілаў дарожнага руху, паведамляе прэс-служба магілёўскага абласнога УУС.
На відэароліку абласной міліцыі бачна, што перароблены аўтамабіль без пярэдніх фар. Верагодна, уласнік не разлічваў далей выкарыстоўваць кабрыялет па прызначэнні.