24 ліпеня адзначаецца дзень ушанавання Баркалабаўскага абраза Маці Божай – аднаго з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу. Абраз быў створаны ў XVI – XVII стагоддзях і захоўвае выразныя рысы старажытнавізантыйскай традыцыі.
Абраз амаль увесь час свайго існавання знаходзіўся ў жаночым манастыры ў вёсцы Баркалабава Быхаўскага раёна. Ён захаваўся да нашых дзён у арыгінале, што вялікая рэдкасць для Беларусі. У часы ганенняў на царкву ў савецкую эпоху абраз знікаў з манастыра, а ў 1974 годзе яго выявіла экспедыцыя Дзяржаўнага мастацкага музея БССР.
Сёння ў Баркалабава праходзіць святочная літургія, якую правядуць арцыбіскуп Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній і біскуп Бабруйскі і Быхаўскі Серафім – паведамляе “Маяк Прыдняпроўя”.
Быў апаганены абраз Баркулабаўскай Маці Божай – адзіная арыгінальная цудатворная ікона на Магілёўшчыне і адначасова адзін з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу.
Царкоўныя злодзеі абрабавалі святыню вясной гэтага года. У ноч пасля службы на Радуніцу, 3 мая 2022 года адбылося рабаванне Баркалабаўскага Свята-Узнясенскага манастыра і апаганьванне яго галоўнай святыні – Абраза Баркулабаўскай Маці Божай Адзігітрыі.
Як паведамілі Магілёў.media прыхаджане, рабаўнікі ўзламалі дзверы ў царкве Святога Іаана Прадцечы і разбілі ахоўнае шкло абраза. Яны паздымалі і вынеслі ўсе рэчы з высакародных металаў і з каштоўнымі камянямі – ланцужкі, пярсцёнкі, кольцы, што былі ахвяраваныя прыхаджанамі і паломнікамі абразу.
Царква ў Баркалабаве ахоўваецца Дэпартаментам аховы і мае сігналізацыю. Але ахоўнікі з Быхава прыбылі ў той час, калі злодзеі на машыне ўжо ад’ехалі ад манастыра.
У афіцыйных крыніцах няма ніякай інфармацыі пра ход расследавання апаганьвання адной з галоўных праваслаўных святынь Магілёўшчыны.
Абраз Баркалабаўскай Маці Божай. Гісторыя з’яўлення
Баркулабаўскі абраз Маці Божай — выбітны твор беларускага выяўленчага мастацтва XVII стагоддзя.
Паводле паданняў, абраз з’явіўся ў Баркалабаве ў 1659 годзе, калі расійскі князь Пажарскі вяртаўся «з Польшчы», маючы пры сабе ў абозе абраз Багародзіцы. Калі атрад князя праходзіў каля манастыра, «абраз стаў нерухомы» і ніякія намаганні людзей не здолелі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры і перадаў яго ігуменні Фацінні Кіркораўне. Гісторыкі аспрэчваюць гэтае паданне, паколькі ў 1659 годзе на Беларусі не вялося ваенных дзеянняў, падчас якіх магла адбыцца падобная гісторыя. Яны дапускаюць, што паданне можа быць звязана з падзеямі больш ранняга часу, напрыклад, 1655 года, калі беларускія землі былі атакаваныя войскамі расійскай дзяржавы.
Доўгі час, пасля таго як у 1928 годзе манастыр быў закрыты, абраз знаходзіўся ў манахінь, а з 1955 года – ў быхаўскай Свята-Троіцкай царкве.
У ліпені 2010 года яго вярнулі ў адноўлены манастыр у Баркалабава. Сярод усіх шанаваных цудатворных абразоў, што шануюцца вернікамі на Магілёўшчыне, Баркалабаўская ікона Божай Маці – адзіны арыгінальны твор, які захаваўся.
На думку даследчыкаў, Баркалабаўская ікона – адзін з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу, які захоўвае выразныя рысы старажытнавізантыйскай асновы.