1388 год. Першая згадка пра Маладзечна.
Змяшчаецца ў прысяжным лісце князя ноўгарад-северскага Дзмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Ягайлу.
Знаходзіцца на рацэ Уша, за 73 км на паўночны захад ад Мінска. Назва ад ракі Маладзечанка. Насельніцтва цяпер – 90 000 чалавек.
Адзіны ў краіне горад, дзе ў 1991-1994 гадах была праведзена дэкамунізацыя гарадской тапанімікі – па ініцыятыве мэра Генадзя Карпенкі.
У горадзе працуюць Мінскі абласны краязнаўчы музей, драмтэатр, праводзіцца больш 30 культурных мерапрыемстваў, у тым ліку рэспубліканскі тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца», Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі (з 1993 года).
Цэнтр машынабудавання і металаапрацоўкі – адзіны завод парашковай металургіі, лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай і іншых галін прамысловасці.
1672 год. Памёр Ян Казімір Ваза.
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1648–1668), апошні манарх з дынастыі Вазаў.
У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны з Маскоўскай дзяржавай, казакамі, са Швецыяй.
Пры ім былі страчаны Прусія, Смаленскае ваяводства, Кіеў і левабярэжная Украіна.
Агульны гаспадарчы заняпад дзяржавы, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі прывялі да адрачэння ад трона і эміграцыі ў Францыю ў верасні 1668 года.
1874 год. Нарадзіўся Леў Альпяровіч.
Беларускі мастак.
Скончыў Віленскую мастацкую школу акадэміка Івана Трутнева, Адэскую рысавальную школу і Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Вучань І. Рэпіна.
Выкладаў у Мінскім прыватным мужчынскім яўрэйскім рэальным вучылішчы.
Пісаў партрэты, пейзажы, бытавыя кампазіцыі. Адстойваў прынцыпы рэалізму.
Яго творы найбольш поўна – 230 работ – былі прадстаўлены на персанальнай выставе ў Мінску ў 1939 годзе.
Памёр у 1913 годзе ў Мінску.
1903 год. Нарадзіўся Іван Ахрэмчык.
Беларускі мастак-жывапісец. Народны мастак, прафесар.
Выкладаў у Беларускім дзяржаўным мастацкім тэхнікуме, Мінскім мастацкім вучылішчы, Беларускім політэхнічным інстытуце, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Пачаў удзельнічаць у выставах у 1921 годзе.
Працаваў у галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа, манументальнага мастацтва.
Адзін з першых у беларускім жывапісе звярнуўся да тэм сацыялістычнага будаўніцтва, станаўлення Савецкай улады.
У гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў у выданні ЦК КПБ «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943-1944).
Творчасці І. Ахрэмчыка, заснаванай на рэалістычных традыцыях, ўласціва глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет сучасніка.
Памёр 9 сакавіка 1971 года.
Фота: аўтапартрэт І. Ахрэмчыка.
1905 год. Нарадзіўся Мікалай Сярдобаў.
Беларускі оперны спявак. Народны артыст БССР, Заслужаны артыст Арменіі.
Працаваў у оперных тэатрах Куйбышава, Ерэвана, Пермі, Свярдлоўска, з 1946 года ў якасці саліста Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі.
У 1960-1975 гадах выкладчык і рэжысёр Опернай студыі Беларускай кансерваторыі, адначасова ў 1960-1987 гадах кіраўнік Мінскай народнай опернай студыі Палаца культуры Белсаўпрофа.
1922 год. У Іерусаліме памёр ураджэнец Глыбоччыны Эліэзер Бэн-Егуда.
Яўрэйскі мовазнаўца, адраджальнік іўрыта. Адзін з заснавальнікаў гебраізму, піянер сіянізму.
Скончыў полацкую ешыву, дзвінскае рэальнае вучылішча, вывучыў фрацузскую, нямецкую і рускую мовы. У Сарбонскім універсітэце Парыжа вывучаў медыцыну, гісторыю і палітыку Блізкага Усходу, пазнаёміўся з сіянісцкім рухам.
У 1881 годзе іміграваў у Палесціну. Яго сын Бэн-Цыён быў першым ізраільцянінам, для каго іўрыт быў роднай мовай, бо іншай не ведаў.
Выкладчык іўрыта, перакладчык, аўтар артыкулаў для газет, заснавальнік уласнай газеты «Гацві» на іўрыце.
Аўтар 17-тамовай працы «Поўны слоўнік старажытнагабрэйскай мовы і сучаснага іўрыту», заснавальнік Акадэміі мовы іўрыт.
Яго намаганнямі 29 кастрычніка 1922 года іўрыт, разам з арабскай і англійскай мовамі, абвешчаны адной з афіцыйных моў Брытанскага мандату ў Палесціне.
У яго гонар у Іерусаліме ўсталяваная памятная дошка, названы вуліцы ў Іерусаліме, Тэль-Авіве, Хайфе і іншых гарадах Ізраіля.
На радзіме ў Лужках Глыбоцкага раёна ўсталяваны памятны знак на месцы дома, дзе ён нарадзіўся. Яго бюст усталяваны на Алеі славутых землякоў у Глыбокім.
1934 год. Нарадзіўся Леанід Анцімонаў.
Беларускі мастак
Выкладчык графікі, жывапісу, малюнка, кампазіцыі на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута, прафесар вышэйшай педагагічнай школы ў польскай Зялёнай Гуры.
Працаваў у розных графічных тэхніках, акварэлі, алейным жывапісе.
Аўтар шэрагу навучальных дапаможнікаў: па графіцы, манатыпіі, гравюры на кардоне, фларатыпіі.
Сярод асноўных твораў: «Кветка папараці», «Мефістофель», «Дрэва жыцця», «Ахвярапрынашэнне», «Канец ХХ стагоддзя. Рэквіем», цыклы работ «Успаміны пра вайну», «На купальскую ноч», «Рэпрэсіі», «Поры года» (2003) і іншыя.
Творам мастака ўласцівыя філасофская трактоўка вобраза, паэтычная ўзнёсласць, полістылізм, выкарыстанне складаных тэхнічных прыёмаў, асацыятыўнасць колеру, эксперыментальны характар мастацкай мовы.
Памёр 16 лютага 2012 года ў Віцебску.
1951 год. Заснаваны Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ) у Нью-Ёрку.
Грамадская навукова-культурная арганізацыя беларускай эміграцыі ў ЗША. Мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955 года) і Канадзе (Таронта, з 1967 года). Выдае навуковы штогоднік «Запісы». Акрамя гэтага ў 1950-1960-х гадах выдаваліся часопісы «Конадні», «Абежнік».
Падтрымлівае сувязі з многімі бібліятэкамі свету, асабліва з Публічнай бібліятэкай у Нью-Ёрку.
У розны час інстытут узначальвалі У. Тамашчык, Я. Ліманоўскі, В. Тумаш, А. Адамовіч, у 1982-2022 гадах – В. Кіпель.
1962 год. Нарадзіўся Валяр’ян Янушкевіч.
Беларускі скульптар. Брат Ф. Янушкевіча і Я. Янушкевіча.
Працуе ў манументальнай і станковай скульптуры, жывапісе.
Аўтар помнікаў А. Міцкевічу ў Лідзе і Навагрудку, харты князя Радзівіла ў замкавым парку ў г. Нясвіж, Ф. Скарыне ў Лідзе, І. Падарэўскаму ў г. Кракаў (1995), М. Доўнар-Запольскаму ў г. Рэчыца, Б. Івановай у г. Уроцлаў, Я. Скрыгану ў г. Йыхві (Эстонія), К. Каліноўскаму ў г. Шальчынінкай (Літва), М. К. Агінскаму ў г. Маладзечна і іншых.
Аўтар мемарыяльных дошак Ф. Скарыну ў Кракаве, Падуі, Мінску, М. Агінскаму ў г. Фларэнцыі, С. Манюшку і шмат іншых.
Ён з’яўляўся афарміцелем касцёлаў Св. Роха ў Мінску, Св. Андрэя Баболі ў Полацку, надмагілляў.
Выканаўца серый рэльефаў для Музея камянёў у Мінску, Музея М. Багдановіча і іншых, станковых кампазіцый вядомых дзеячаў, у тым ліку Ягайлы, Вітаўта, Т. Касцюшкі, Янкі Купалы». Працуе і ў жывапісе.
1977 год. Нарадзіўся Максім Пятруль.
Беларускі скульптар і дызайнер.
Скончыў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава,
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.
Мастак сучаснага светапогляду, для якога творчае пераасэнсаванне і спазнанне свету – правакацыйная гульня, дыялог з гледачом.
Яго працы незвычайныя як па форме, так і па змесце, маюць асаблівы філасофскі сэнс і незвычайную метафарычнасць.
Яго скульптурныя творы ўсталяваны ў кітайскіх гарадах Фучжоу, Куньмін, Чанчунь.
Аўтар твораў візуальнага мастацтва, інтэграваных у грамадскую прастору некалькіх станцый мінскага метрапалітэна.
Стваральнік помніка ахвярам Мінскага гета.
Творы аўтара знаходзяцца ў прыватнай калекцыі Райнольда Вюрта Кунцельзау ў Германіі, Музеі алімпійскага мастацтва ў Пекіне, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у музеях, галерэях, прыватных калекцыях і грамадскіх прасторах Беларусі, Расіі, Літвы, Нідэрландаў, Германіі, Кітая і ЗША.
1980 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва нададзена Івану Макараву.
Партыйны, дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР.
У 1939-1941 гадах – першы сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны праводзіў вялікую работу па арганізацыі абароны Магілёва, эвакуацыі насельніцтва і каштоўнага абсталявання, стварэнню партыйнага падполля.
Пры ім знік Крыж Еўфрасінні Полацкай.
У 1943-1946 гадах – першы сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б.
Яго імем названы вуліца і завулак у Магілёве.
2006 год. На Кальварыйскіх могілках у Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка Вацлаву Іваноўскаму.
В. Іваноўскі (1880–1943) – беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.
Яўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч вызначылі яго як цэнтральную фігуру беларускага жыцця ў Пецярбургу, а Максім Гарэцкі – як правадыра нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусветнай вайной.