Мікалаеў: страчана і пашкоджана 13 000 грамадзянскіх аб’ектаў. Невямыя зруйнавалі помнік «Радзіма-Маці»

Па стане на 3 лістапада з пачатку расійскага ўварвання ў Мікалаеўскай вобласці часткова або цалкам пашкоджаныя 13 025 грамадзянскіх аб’ектаў, паведамляюць рэгіянальныя улады.

photos.app.goo.gl


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


З гэтай колькасці:

– аб’ектаў жыллёвага фонду – 8 309,

– медыцынскіх устаноў – 92,

– устаноў адукацыі – 387,

– устаноў культуры – 183,

– аб’екты прамысловых прадпрыемстваў – 186;

– сродкі жыццезабеспячэння: газ – 983, электраэнергія – 744, вада – 30, цеплазабеспячэнне – 96,

– іншыя аб’екты неваеннага прызначэння – 2 015.

Зараз у вобласці працягваюцца работы па аднаўленні газа- і электразабеспячэння населеных пунктаў, пацярпелых ад вайны.

На сёння без газа застаюцца толькі 6 634 спажыўцы.

На 3 лістапада спынена электразабеспячэнне, водазабеспячэнне і водаадвядзенне ў 89 населеных пунктах Баштанскага і Мікалаеўскага раёнаў.

У Мікалаеве невядомыя ўзарвалі абеліск «Радзіма-Маці».

Позна ўвечары 2 лістапада невядомыя ўзарвалі абеліск – ад яго засталася толькі груда камянёў. Абеліск з надпісам «Вечная слава гордым героям» і высечанымі тварамі воінаў-абаронцаў, курган-брацкая магіла з высечанамі на плітах імёнамі больш за 50 пахаваных воінаў і сквер уваходзяць у мемарыяльны комплекс ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Літоўскія спецыялісты, у тым ліку з Клайпеды, дапамогуць аднавіць электрасеткі ў Мікалаеўскай вобласці. 

img.novosti-n.org


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў.media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Дзень у гісторыі. 3 лістапада. Дзень нараджэння Якуба Коласа, вынаходніка рэшткаў неандэртальскага чалавека ў СССР Г. Бонч-Асмалоўскага. SOS стаў сігналам бедства на моры. Запуск спадарожніка з сабакам

1882 год. Нарадзіўся Якуб Колас. Беларускі празаік, паэт, педагог, навуковец, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Народны пісьменнік. Акадэмік, Заслужаны дзеяч навукі Беларусі, Лаурэат дзяржаўнай прэміі СССР. 

Яго творы ўлючаны ў школьную праграму па беларускай літаратуры, перакладзены больш чым на 40 моваў свету. 

Яго імя носяць Мінскі паліграфікамбінат, Інстытут мовазнаўства, Віцебскі драматычны тэатр, Цэнтральная навуковая бібліятэка акадэміі навук, шматлікія ўстановы культурыі, адукацыі, вуліцы, плошчы ў гарадах краіны.

У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа з філіяламі ў Стаўбцоўскім раёне: у Акінчыцах, Смольні, Мікалаеўшчыне і Альбуці. Ёсць музей і ў в. Пінкавічы. 

Помнікі класіку ўсталяваны ў Ганцавічах, Мінску, Мікалаеўшчыне, Навагрудку, Нясвіжы, у в. Плоскае Талачынскага раёна, у Ташкенце, кітайскім  Цяньцзіне, мемарыяльныя дошкі ў Вільнюсе і ў Ташкенце. 

На жаль, у Магілёве імя Коласа носіць вуліца, на якой няма ніводнага дома і ніхто з магілёўцаў не можа сказаць: “Я жыву на вуліцы імя класіка”.

1890 год. Нарадзіўся Канстанцін Пушкарэвіч

Філолаг, даследчык беларускай літаратуры, гісторык, перакладчык. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Удзельнік дарэвалюцыйнага гуртка, які збіраўся на кватэры мовазнаўца Б. Эпімаха-Шыпілы у Санкт-Пецярбургу.

Прафесар Томскага, Ленінградскага ўніверсітэтаў,  Супрацоўнік Інстытута этнаграфіі АН СССР.

Аўтар прац па літаратуры, гісторыі, мовах і культуры славянскіх народаў. 

Пераклаў на рускую мову аповесць Зм. Бядулі «Салавей» і зборнік апавяданняў Ц. Гартнага «Трэскі на хвалях».

1890 год. Нарадзіўся Глеб Бонч-Асмалоўскі. Беларускі антраполаг, археолаг, этнограф (вывучаў народы Крыма і Каўказа), геолаг. Доктар гістарычных навук.

У 1924 годзе ўпершыню ў СССР выявіў рэшткі неандэртальскага чалавека ў гроце Кіік-Коба (Крым), якія апынуліся таксама найстаражытным на тэрыторыі СССР помнікам эпохі Мусцье. 

У працах вучонага даказвалася пераемнасць сувязь культуры і фізічнага тыпу чалавека ранняга палеаліту. Ім была вылучана ідэя пра пераход продкаў чалавека ад надрэўнага да наземнага ладу жыцця задоўга да ператварэння малпы ў чалавека.

wikimedia.org 

1893 год. Нарадзіўся Францішак Чарняўскі. Беларускі рэлігійны дзеяч. 

Душпастарскую службу пачаў у 1920 годзе. 

Чытаў казанні на беларускай мове і распаўсюджваў сярод вернікаў беларускія выданні. 

У 1924—1927 вучыўся ў Рыме. З 1929 на місіі ў Францыі, з 1933 — у Бельгіі. 

З 1957 года жыў і служыў у ЗША, дзе выдаваў беларускі рэлігійны часопіс «Siaŭbit».

1906 год. SOS стаў адзіным сігналам бедства на моры. У Берліне краіны – удзельніцы Міжнароднай Радыётэлеграфнай Канвенцыі зацвердзілі адзіны сігнал бедства для радыёсувязі на моры SOS (… — — — …). Па азбуцы Морзэ на ўсіх мовах такі сігнал выглядаў аднолькава – тры кропкі – тры працяжнікі – тры кропкі. Такім чынам, гэты сігнал быў абраны з чыста тэхнічных меркаванняў.

tunnel.ru

 1937 год. Расстраляны НКУС Максім Бурсевіч

Дзеяч беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, педагог, публіцыст.

Настаўнічаў на Палессі, Харкаўшчыне,  Віленшчыне. У 1925 увайшоў у актыў Беларускага пасольскага клуба. 

З’яўляўся кіраўніком Цэнтральнага сакратарыята Беларускай сялянска-работніцкай грамады.. Тройчы арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у турме.

У 1932 годзе ў выніку абмену палітвязнямі трапіў у БССР, працаваў у Дзяржплане БССР і ў Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры акадэміі навук. 

Арыштаваны ДПУ БССР у 1933 годзе, прысуджаны да расстрэлу, які быў заменены 10 гадамі зняволення. Пакаранне адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. 

9 кастрычніка 1937 прыгавораны да расстрэлу.

wikimedia.org

 1937 год. Расстраляны НКУС Павел Валошын. Дзеяч Грамады і КПЗБ, дэпутат Сойма Другой Рэчы Паспалітай, публіцыст.

Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, трапіў у нямецкі палон,  служыў міліцыянерам у Екацярынаславе, у дзянікінскай арміі, у Чырвонай Арміі ў атрадзе Р. Катоўскага.

Быў дэпутатам польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб, адзін з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

Польскім судом асуджаны на 12 гадоў турмы. У выніку абмену палітычнымі зняволенымі з 1932 года жыў у БССР. 

Працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы і ў Бібліяграфічным інстытуце. Арыштаваны ў 1933 годзе і прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамі лагераў. 

Пакаранне адбываў на Салаўках.

9 кастрычніка 1937 года прыгавораны да расстрэлу. 

wikimedia.org

1941 год. Памёр Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік).  

Беларускі пісьменнік, мовазнаўца. Удзельнік беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя, беларусізацыі.

Працаваў загадчыкам аддзела газеты «Савецкая Беларусь», рэдактарам дзіцячага часопіса «Зоркі», першым рэдактарам часопіса «Наш край», у Інстытуце беларускай культуры.  

У жніўні 1936 годзе падпісаў зварот да «роднага, любага» Сталіна з заклікам знішчыць «бандыцкіх вылюдкаў» з «контррэвалюцыйнай трацкісцка-зіноўеўскай хеўры». 

У беларускую літаратуру ён прынёс адзнаку інтэлігентнасці, культ пачуцця, замілаванасць да прыгажосці, разлітай у навакольным свеце. 

Аўтар шматлікіх кніг паэзіі, нарысаў, зборнікаў апавяданняў, кніг для дзяцей, паэм, ваяцкіх песень, артыкулаў па этнаграфіі і фальклору, суаўтар кішэннага «Яўрэйска-беларускага слоўнічка».

Пераклаў з ідыша на беларускую мову Шолам-Алейхема, С. Годынера, С. Каган, з украінскай – Ю. Будзяка, Т. Шаўчэнкі. 

На фота сядзіць злева, wikimedia.org

1957 год. СССР запусьціў штучны спадарожнік з сабакам Лайкай – першай жывой істотай, што патрапіла на арбіту Зямлі. 

Мэтай запуску было вызначэнне магчымасці знаходжання жывых істот на вышынях да 100-110 км пасля закіду іх туды з дапамогай ракет, наступнага катапультавання і спуску на парашуце.

Нягледзячы на тое, што сабака пражыў на арбіце ўсяго некалькі гадзін (памёр ад перагрэву і падвышанага стрэсу), знаходжанне яе ў космасе пацвердзіла, што жывыя арганізмы здольныя пераносіць умовы бязважкасці. 

Спадарожнік здзейсніў 2 570 абаротаў вакол Зямлі і згарэў у атмасферы 4 красавіка 1958 года.

tunnel.ru

 1983 год. У ЗША памёр епіскап Афанасій (Антон Мартас)

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, гісторык царквы.

Быў манахам ў Пачаеўскай лаўры, архімандрытам. З сакавіка 1942 года – епіскап Віцебскі і Полацкі. Удзельнік Усебеларускага царкоўнага сабору (1942), на якім была абвешчана аўтакефалія беларускай праваслаўнай царквы. 

З 1944 года ў Германіі кіраваў прыходамі ў брытанскай зоне акупацыі. 

З 1946 года служыў у прыходах Рускай замежнай праваслаўнай царквы, архіепіскап у Аргенціне, Аўстраліі.

Аўтар манаграфіі «Матэрыялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы», кнігі «Беларусь в исторической государственной и церковной жизни».

2007 год.  Разам з сям’ёй у аўтакатастрофе загінуў Аляксандар Дзядзюшка

Беларускі і раійскі актор тэатра і кіно, ураджэнец Ваўкавыска. 

Працаваў у тэатрах Мінска, Уладзіміра.

Зорнай гадзінай стала роля ў сэрыяле «Апэратыўны псеўданім». У далейшым здымаўся ў асноўным у вострасюжэтных тэлесерыялах.

Вядомасць прынеслі тэлесерыял «Сармат», фільмы «Рэальны тата» і «Вячэрняя казка».