Магілёўскае паўстанне 1661 года стала бадай што самым паспяховым і адным з самых вядомых у гісторыі Беларусі паўстанняў супраць прыгнятальнікаў і заваёўнікаў.
Нават зусім мала дасведчаны чалавек нешта чуў пра тое, як магілёўскі бурмістр Язэп Левановіч узброіўся катаўскім мячом, пабачыўшы гвалт маскоўскіх стральцоў на мясцовым рынку, выскачыў з ратушы і з крыкам “Пара! Пара!” пачаў біць акупантаў. Месцічы схапіліся за зброю і ўшчэнт разбілі гарнізон прафесійных вайскоўцаў, які налічваў прыблізна 700-900 чалавек, а ўзятых у палон маскоўскіх ваявод адвезлі з паклонам каралю Рэчы Паспалітай.
Першая i самая рэалiстычная версiя магiлёўскага паўстання 1661 года маецца ў творы «Annalium Poloniae Climacter Secundus» (1688) Веспасiяна Кахоўскага, які быў сучаснiкам падзей. Вось што там гаворыцца, даслоўна:
“Каб адпомсцiць за свае крыўды, магiлёўцы прысягнулi на знiшчэнне масквы. Прызначыўшы час i гадзiну, яны выслалi сваiх [месцiчаў] для суправаджэння скацiны за горад. Там тыя высланыя месцiчы загаласiлi, што палякi i лiтва напалi на iх, пазабiвалi, пабралi ў палон — i кiнулiся да гарадскiх валоў, лямантуючы, каб масква iх ратавала. Маскоўцы паадчынялi брамы i высыпалi гуртам, сягаючы за палякамi i лiтвой. У гэты час магiлёўцы пазачынялi брамы, i калi масква вярталася назад, то iх не пусцiлi, а расстралялi з валоў. Рэшту, што заставалася ў горадзе, пасеклi на вулiцах.” Секлi, пiша Кахоўскi, жорстка, нават жонак стральцоў не пашкадавалi.
Другая версiя, куды больш вядомая, утрымлiваецца ў Магiлёўскай хронiцы Сурты i Трубнiцкiх i ў «Запiсках iгумена Арэста» — а гэта асноўныя крынiцы па гiсторыi Магiлёва. З яе паходзяць звыклыя вобразы паўстання 1 лютага 1661 года. Жыхары горада змовiлiся выкруцiць ноччу крэменi з ружжаў стральцоў. Потым расiйскiя вайскоўцы крыўдзяць магiлёўскiх пекарак, адбiраюць у iх пiрагi, магiлёўскi бурмiстр Левановiч не вытрымлiвае i хапае палаш гарадскога кáта, заклiкаючы «Пара! Пара!».
«I пачалi былi маскоўцы браць верх, але нейкi гараджанiн адамкнуў турму, у якой знаходзiлася многа вязняў-палякаў. Гэтыя вязнi добра дапамаглi».
А вось што пра падзеi паўстання кажа трэцяя версiя. У 1822 годзе ў Магiлёве пабываў невядомы падарожнiк, якi сцiпла называе сябе ў нататках «галiцыянiнам». Вынiкам падарожжа па Беларусi i Лiтве стала серыя публiкацый у польскамоўнай газеце «Gazeta Lwowska» ў спецыяльным лiтаратурным дадатку «Rozmaitości» 1824 года. Ёсць у гэтай публікацыі цікавая версія пра магiлёўскае паўстанне, якую таксама прывядзём тут цалкам:
“Гэта адбылося падчас зацятых i крывавых войнаў памiж Польшчай i Расiяй, калi падчас кiравання войта, якога звалi Пара, у горадзе было знiшчана 7 000 расiйцаў [лiчба, канешне, нашмат завышаная], якiя збiралiся выразаць увесь горад. Войт Пара меў iншае iмя, а iмя Пара — ад «пара, час» — было яму дадзена ў мянушку. Калi ён вучыўся i хадзiў у школу, то iншыя дамачадцы вымушаныя былi яго чакаць i, перш чым узяцца за абед, казалi заўжды, што яшчэ няма студэнта, дык яшчэ не пара; а калi той вяртаўся, крычалi — вунь, «пара» iдзе, то-бок час даваць есцi.
Правадыры маскоўскай збройнай сiлы перад пачаткам дамоўленай памiж сабою разнi сабралiся ў брацкай царкве (яна так называлася), чакаючы прызначанага часу. Войт вырашыў апярэдзiць расiйцаў, бо даведаўся пра iх намеры ад адной дзяўчыны, у якую закахаўся расiйскi салдат i якой ён раскрыў таямнiцу, папярэдзiўшы, каб не знаходзiлася на тым месцы.
То калi пачалася разня, адзiн масковец кiнуўся да царквы i распавёў начальнiку, што Пара паўстаў. Той падумаў, што ён яму нагадвае, што ўжо прыйшоў час пачынаць разню, паглядзеў на гадзiннiк i са спакоем адказаў, што яшчэ не пара, а толькi праз гадзiну. Але неўзабаве народ [магiлёўцы] даў яму зразумець памылку, калi кiнулiся да царквы, усiх выцягнулi на могiлкi i пазбавiлi жыцця.”