Дом па вуліцы Першамайскай, 32 у Магілёве памяняў свой знешні выгляд. Mogilev.media пісалі пра гэта, дэманструючы шмат фота і відэа. А днямі на тэлеграм-канале “Спадчына” з’явіўся экспертны каментарый пра хібы, дапушчаныя магілёўскімі будаўнікамі на рэканструкцыі гэтага аб’екта.
Аўтар канала звяртае ўвагу на дробныя, амаль незаўважныя з абывацельскага пункта гледжання нюансы, якія, аднак, ствараюць агульную карціну ўсяго будынка. А будынак з нядаўняга часу ўваходзіць у спіс дамоў “каштоўнай забудовы”, на якіх забараняецца мяняць характар архітэктуры фасадаў.
Такім чынам, хібы, якія можна назіраць ужо зараз. Па-першае, парапетная сценка балкона стала роўнай, у той час як папярэдне яна мела раскрапоўку – прамавугольныя выступы на плоскасці.
Па-другое, памяняўся знешні выгляд балясін – ажурнага шэрагу калон у праёмах парапетнай сценкі. Цяпер яны не ідуць на адным узроўні з плоскасцю сценкі, а заглыбленыя.
Таксама змяніліся самі балясы – слупочкі парэнчаў. Раней гэта былі роўныя калоны цыліндрычнай формы з карынфскай капітэллю. Цяпер жа гэта фігурныя кеглепадобныя калоны з дарычнай капітэллю.
Па-трэцяе, адсутнічае кесаніраванне ніжняй плоскасці балкона. Кесон – гэта прамавугольнае заглыбленне. У ранейшым выглядзе балкон нібыта абапіраўся бэлькай на фігурныя кранштэйны з раслінным арнаментам. Зараз ён стаіць на прамавугольных выступах.
Таксама адсутнічаюць прафіляваныя паяскі, адзначае аўтар канала “Спадчына”, агаворваючыся, што іх яшчэ могуць дадаць. Але тыя, што зроблены – не адпавядаюць тым, што былі да рамонту.
“Магчыма, што пры аднаўленні паяскоў кіраваліся прафілямі з гістарычных чарцяжоў будынка – адзначае эксперт – але іншыя вышэй пералічаныя хібы кажуць пра тое, што чарцяжы тут наўрад ці адыгрывалі нейкую ролю. Больш менш праўдападобна аднавілі хіба што самі кранштэйны – і гэта ўжо вялікі прагрэс для горада.”
Фота: Тэлеграм-канал “Спадчына”, mogilev.media