У выніку начной атакі на Кіеў ніхто не пацярпеў. У Адэсе адзін чалавек загінуў.
З пачатку траўня гэта ўжо дзявятая ракетная атака на сталіцу Украіны. Украінскае ваеннае камандаванне заявіла, што ўсе ракеты ноччу 18 мая былі збітыя. Ніякіх пашкоджанняў інфраструктуры альбо будынкам нанесена не было, максімальныя пашкоджанні назіраліся ў Дарніцкім раёне – тут адбылося ўзгаранне ў гаражным кааператыве.
Папярэдне, атака на Кіеў была ажыццёўлена са стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў Ту-95МС, Ту-160 з раёна Каспія, верагодна – крылатымі ракетамі тыпу Х-101/555. Пасля запуску ракет расійская армія задзейнічала над сталіцай Украіны свае разведвальныя БПЛА.
Уначы РФ таксама ўдарыла па Адэсе, большасць ракет была знішчана над Чорным морам, аднак адбылося трапленне ў аб’ект прамысловасці. У выніку ўдару адзін чалавек загінуў, яшчэ двое атрымалі раненні – паведамляе Unian.
Фота: Unian