Чарговыя “абасраныя каровы” і не толькі былі выяўлены на ўсіх сельгаспрадпрыемствах.
Пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк асабіста праводзіў надзорныя мерапрыемствы ў арганізацыях аграпрамысловага сектара – паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры Беларусі.
У ходзе праверкі ім было ўстаноўлена, што практычна ва ўсіх гаспадарках Дрыбінскага раёна не выконвалі ключавыя патрабаванні да ўмоў утрымання жывёлы. У асобных арганізацыях не выконвалі рацыёны кармлення буйной рагатай жывёлы, не прыбіралі своечасова адыходы жыццядзейнасці жывёл. Неналежным чынам захоўваўся корм. Часам прымяняліся ветэрынарныя прэпараты са скончаным тэрмінам прыдатнасці.
Па выніках праверкі 12 чалавек былі прыцягненыя да дысцыплінарнай адказнасці. Як заяўляецца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры, для ліквідацыі большасці парушэнняў не патрабуецца значных матэрыяльных затрат, а толькі выкананне вытворча-тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны ў гаспадарках.